Настроить, Войти
Памёрла Ірына Казуліна
автор гость, дата 2008-02-24 03:02, оригинал

Учора, 23 лютага, памерла Ірына Казуліна.

За 8 дзён да гэтага, 15 лютага, прэзыдэнт абвесьціў, што прапаноўваў яе мужу, палітзьняволенаму Аляксандру Казуліну, "магчымасьць адвезьці жонку ў Нямеччыну на лекаваньне", ад якой той адмовіўся. Прэзыдэнт абвінаваці Казуліна ў нежаданьні "выратаваць маці сваіх дачок".

Праз дзень, 16 лютага, Ірына Казуліна, якая згубіла голас, выступіла з пісьмовым зваротам. Яна распавяла, што абураная словамі Лукашэнкі, і пацьвердзіла, што разумее пазыцыю мужа.

20 лютага дачка Казуліна Вольга паведаміла падрабязнасьці прэзыдэнцкае прапановы. Высьветлілася, што ў абмен Казулін мусіў абяцаць не зьяўляцца ў краіне пэўны час. Тасама Вольга паведаміла, што нямецкія дактары не прапаноўвалі яе маці ніякіх эксклюзыўных праграмаў лячэньня. Ірыну Казуліну лячылі ў Бараўлянах, паводле рэкамэндацыяў нямецкага боку.

Ірына Казуліна зыйшла 23 лютага ўвечары, ў прыёмным пакоі 2-й гарадзкой бальніцы.

У мінулым годзе пры яе падтрымцы ў Менску прайшоў мэдычны форум па барацьбе з ракам малочнае залозы. Падчас афіцыйных перамоваў аб мерапрыемствах форуму Ірыне Казулінай даводзілася не называць сваё прозьвішча.