Акцыя бескаштоўнай раздачы ежы беспрытульным 17 ліпеня скончылася на самым пачатку. Працаўнікі Цантральнага РАУС не дазволілі руху “Разам!” зладзіць акцыю.
Бескаштоўная раздача ежы беспрытульным скончылася недзе на дванаццатым чалавеку. Далейшы працяг акцыі “Ежа замест бомб” спынілі міліцыянты. Як паведаміў старшыня руху “Разам!” Юры Глушакоў, “праваахоўнікі абвінавацілі арганізатараў мерапрыемства ў парушэнні чыстаты вуліц, што выявілася ў загруваджванні тратуара сталом для раздачы ежы”.
Дзеянні міліцыянтаў Юры Глушакоў лічыць рэакцыяй паліцэйскай дзяржавы на праяву актыўнасці:
“У нашай дзяржаве без дазволу нават людзей ежай накарміць нельга. Хутка і дыхаць можна будзе толькі з дазволам”.
Нагадаем, што сацыяльна-палітычны рух “Ежа замест бомб” (Food Not Bombs) узнік у ЗША ў 1980 годзе і з тых часоў распаўсюдзіўся ў шматлікіх краінах свету. Асноўнымі прынцыпамі, якіх прытрымліваюцца ўсе групы FNB, з’яўляюцца раздача ежы, жыццё без гвалту і прыянцце ўсіх рашэнняў кансэнсусам.
Акцыі “Ежа замест бомб” прадстаўнікі лева-радыкальных арганізацый бесперашкодна зладзілі ў Менску. Спыненне падобнага мерапрыества толькі ў Гомелі Юры Глушакоў тлумачыць “лакальнай атмасферай і невялікім культурным ўзроўнем”.