4 лістапада 2007 года
На Сацыяльным маршы, які прайшоў 4 лістапада ў Менску, прысутнічала заўважная група анархістаў, лікам да 60 чалавек. Яны прыйшлі выразіць нязгоду з палітыкай беларускай дзяржавы, што праводзіць жорсткі неаліберальны курс згортвання сацыяльных гарантый. Анархісты пад чорнымі і чорна-чырвонымі сцягамі былі настроеныя мірна, пра што ў тым ліку сведчыць наяўнасць у іх блоку значнай колькасці дзяўчат. Ажыўленне ў панурую атмасферу шэсця ўносілі бубначы, якія гралі яркія самба-рытмы.
Апрача прадстаўнікоў разнастайных апазіцыйных партый і арганізацый на пляцоўцы каля Акадэміі навук прысутнічала некалькі дзясяткаў нацыстаў з "Белай волі". "Белая воля" вядомая як ксенафобская арганізацыя, якая імкнецца аб'яднаць пад сваімі штандарамі неанацыстаў рознай масці, што адлюстроўваецца ў яе скрайне эклектычнай ідэалогіі. Сімптаматычна, што ў сімволіцы "Белая воля" скарыстоўвае як афіцыйны чырвона-зялёны сцяг, так і "апазіцыйны" бел-чырвона-белы.
Ад самага моманту ўзнікнення арганізацыі насцярожвала тое, што "Белая Воля" праводзіць легальныя пікеты. Сумнеўна, каб КДБ і МУС не ведалі, хто ладзіць акцыі "против цыганского беспредела". Ведаюць і бяздзейнічаюць, каб у патрэбны момант выкарыстаць нацыстаў у барацьбе з палітычнымі апанентамі.
Каля Акадэміі навук белавольцы знаходзіліся на процілеглым баку пляцоўкі, але калі шэсце рушыла, прыстроіліся непасрэдна за анархістамі. Яны неслі два бел-чырвона-белых сцягі з чорным крыжом у ромбе. Па ходу шэсця нацысты сталі ўскідваць рукі ў "гітлераўскім" вітанні, у адказ анархісты скандавалі "Фашизм не пройдёт!", "Мир цветной, а не коричневый!". На вуліцы Сурганава у нацыстаў не вытрымалі нервы, і яны накінуліся на анархістаў. У бойцы белавольцы выкарыстоўвалі загадзя прынесеныя з сабой стальныя пруты, што указвае на іх свядомы намер наладзіць беспарадкі. Блок нацыстаў пагалоўна складаўся з хлопцаў. Анархісты аказалі супраціў. Дзіўна, што ПМСН (былы ОМОН) з'явіўся толькі па заканчэнні бойкі, хаця звычайна любая апазіцыйная дэманстрацыя суправаджаецца пэўнай колькасцю "амонаўцаў". Нацысты адчувалі сябе настолькі ўпэўнена, што большасць з іх не хавала твары. Ці не таму, што ім заране паабяцалі безпакаранасць?
Мы не выключаем, што ў якасці наступнага аб'екта нападу "Белая воля" выбярэ актывістаў якой-небудзь "маргінальнай здрадніцкай палітычнай групоўкі", як называюць неанацысты апазіцыянераў на сваім сайце.
Даві фашызм, даві ў зародышы!
Хопіць рабаваць народ, скажам "Не!" адмене льгот!