У Астравецкім раёне Гарадзенскай вобласьці вядуцца працы па дасьледваньню верагоднай пляцоўкі пад будоўлю атамнай электрастанцыі. І гэта нягледзячы на папярэднія станоўчыя вынікі па Магілёўскай вобласьці.
Ужо дасьледаваны дзьве пляцоўкі ў Магілёўскай вобласьці – Краснапалянская (Чаўскі раён) і Кукшыноўская (Шклоўскі раён). І вось трэцяя па ліку, Астравецкая. Гэтая пляцоўка знаходзіцца паміх вёскамі Гоза і Міхалішкі ля аўтадарогі Вільня – Полацак. Лінія сейсмавыведкі праходзіць якраз праз вёску Валяйкуны- правады з сейсмадатчыкамі праходзяць праз вуліцу, месцамі праз прысядзібныя ўчасткі і замыкаюцца на машыне-лябараторыі. У раёне вёскі працавала паўдзесятка сьвідравальных камплектаў “Белгеалогіі”. У Валяйкунах, дзе жыве каля 20 чалавек, ніхто і не здагадваўся аб верагодным будаўніцтве тут АЭС. Старыя людзі паставіліся да гэтага па-філязофскі – пакуль станцыю пабудуюць, мы пасьпеем памерці. Жыхары суседніх Міхалішак неразумеюць, каму прыйшло ў галаву разьмяшчаць АЭС у гэтых месцах – багатых на гісторыю, прыроду, і даволі шчыльнанаселеных.