Настроить, Войти
Фотапраект: «Спосабы гарадскога картаграфавання: досвед flâneuse?»
автор гость, дата 2009-01-14 14:14, оригинал, html
16 студзеня (пятніца) 2009, а 17:00
Літаратурны музей Максіма Багдановіча (вул. М. Багдановіча, 7а) і ініцыятыўная група «Жаночае крэатыўнае асяроддзе» прэзентуюць фотапраект:
«Спосабы гарадскога картаграфавання: досвед flâneuse?»
(цыкл фотавыставаў, расцягнутых у часе)


Рух — неад’емны элемент горада, нашага паўсядзённага жыцця, якое валодае сацыяльнымі, прасторавымі і часавымі асаблівасцямі. Усіх месцічаў аб’ядноўвае досвед сучаснасці. «Flâneuse» (назоўнік жаночага роду, утвораны ад французскага дзеяслова flaner — шпацыраваць) ужо даўно даступны досвед фланіравання — самотнага шпацыравання па гарадской прасторы вуліцаў, крамаў, паркаў, кавярняў і пляцаў. Гэта значыць, што існуе індывідуалізаваны жаночы досвед жыцця ў горадзе. Але менавіта такі досвед «сучаснасці» ў яе прыватных праявах вельмі рознай прыроды застаецца тым, што амаль заўсёды выпадае з-пад увагі.
Што бачыць жанчына з фотакамерай, шпацыруючы па горадзе, што яна адчувае, месцячы камеру паміж сабой і ўсім тым, з чым яна сутыкаецца? Фатаграфаваць азначае выбудоўваць нейкае стаўленне да свету, што выяўляецца ў зведанні свету і самой сябе. Гарадская прастора ператвараецца для жанчыны, што фланіруе, у знакавую паверхню, якую яна чытае, здымаючы, прысвойваючы і пазначаючы крокамі свае адвольныя маршруты. Гэта надае пэўную форму ейнаму досведу (перажыванню): спыніцца, сфатаграфаваць і рухацца далей. Крокі па горадзе не паддаюцца ўліку, у кожнага свая манера руху, але дзякуючы крокам пункты складаюцца ў траекторыі, паміж імі з’яўляюцца сувязі, і прастора набывае цялеснасць… ператвараючыся ў мапу, якую цяпер, дзякуючы зробленым фотаздымкам, могуць прачытаць і іншыя.
Фотаздымкі перадаюць і/або ствараюць рэальнасці flâneuse? Магчыма, яны з’яўляюцца самымі загадкавымі з усіх аб’ектаў, якія змяняюць і пашыраюць нашае ўяўленне пра тое, што варта погляду, што мы маем права назіраць, яны ўскладняюць «сучаснасць». Фотаздымкі flâneuse перадаюць схоплены досвед (досвед захопу), і камера — гэта лепшая зброя для (сама)ўсведамлення, разумення, фіксацыі змены настрояў і развіцця ўспрымальнасці. Фотаздымкі маюць множныя значэнні, але вядомая пісьменніца і публіцыст С’юзан Зонтаг пісала, што найвялікшая мудрасць фатаграфічнага малюнка кажа нам: «Паверхня такая, а зараз думайце, адчувайце, спасцігайце пры дапамозе інтуіцыі тое, што ляжыць за ейнымі межамі. Вылічвайце, якая павінна быць рэальнасць пры дадзеным павярхоўным абліччы». Не тлумачачы нічога самі, фотаздымкі служаць невычарпальнай крыніцай разважання.
Каштоўнасць дадзенага фотапраекта палягае ў праблематызацыі жаночага фланёрскага досведу, які не можа разглядацца ў адрыве ад пэўных гарадскіх маршрутаў. Такім чынам, мы прапануем наблізіцца да разумення таго, як суадносіцца жаночы фатаграфічны досвед з цялесным досведам flâneuse.

Першая серыя цыкла прадстаўленая маршрутамі:
Ганны Драпеза, Марыны Бацюковай, Вольгі Бітус, Надзеі Дзегцяровай.

На адкрыцці выставы плануюцца выступы вядомых беларускіх літаратараў, мастакоў і тэарэтыкаў: Вольгі Шпарагі, Вольгі Гапеевай, Артура Клінава, Ірыны Саламацінай і інш.