Для тых, хто прапусціў - блог зінфэста: http://zinefest.noblogs.org/ На ім, напрыклад, можна знайсці поўную праграму.
Вольны кірмаш першага дня адбываўся ў самым цэнтры горада, у парку Серэйкішкі. На жаль, кірмаш у сэнсе ўласна кірмаша праваліўся - рэчаў на раздачу прынеслі вобмаль. Затое было шмат разнастайных выданняў з былога інфашопа Pavasaris, выстаўленых на прагляд.
Яшчэ ў першы вечар некаторыя ўдзельнікі фэсту замест таго, каб тухнуць у клубе на канцэрце, пайшлі на закінуты завод, каб разжыцца сумкамі з-пад супрацьгазаў. Грамадзянскай абароне гэтыя сумкі ўсё адно ўжо не спатрэбяцца, а зроблены яны якасна - паслужаць і ў мірных мэтах.
Былі, мякка кажучы, праблемы з пунктуальнасцю. Калі нехта выпадкова прачытаў на афішы пра вольны кірмаш у парку і прыйшоў у 16:00, то пагуляў па парку і сышоў ні з чым. Бо першыя ўдзельнікі аб'явіліся ў 15 хвілін на пятую.
Цяжка забыць першыя хвіліны трэцяга дня. Накрапвае дожджык, ваш карэспандэнт стаіць у 12:00 на Белым мосце - і Н І К О Г А. Праз пару хвілін падыходзіць знаёмая з "Новых левых 95" (http://www.nk95.org/) і мы разам знаходзім на іншым канцы моста дзядзьку з анархіі.лт (http://www.anarchija.lt/). Абодвух на фестываль запрасіў я, сустрэўшы іх напярэдадні ў Вільні...
Сапраўды, прынамсі палова з беларускіх візітантаў прыцёглася проста патусавацца і толькі блыталася пад нагамі. Шчыра кажучы, гэтыя персанажы выклікалі пэўнага роду грэблівасць. Валілі б вы паразітаваць на капіталістах, мілыя, а не на актывістах!
Ізноў, як і ў папярэдні раз, асноўную долю абавязкаў цягне на сябе адзін чалавек - С. Я сапраўды цаню тытанічныя высілкі гэтай абаяльнай асобы, але відавочна адно: фестываль мусіць рабіць не адзін чалавек (хай сабе і з дапамогай сяброў), а калектыў. Немагчыма аднаасобна нармальна скаардынаваць настолькі маштабнае мерапрыемства - адсюль шмат дробных (а часам і вялікіх) касякоў.
Адназначным і ВЕЛЬМІ ВЯЛІКІМ недахопам у падрыхтоўцы фестывалю было інфармацыйнае раздзяўбайства. У Вільні амаль ніхто не ведаў пра зінфэст - ані мясцовыя анархісты ці грамадскія актывісты, ані студэнты і выкладчыкі ЕГУ, ані контаркультуршчыкі. А тыя, хто ўсё ж нешта чуў, не мелі на руках праграмы і не разумелі, што ж гэта за звер такі - зінфэст. Фестываль выліўся ў паміжсабойчык, даволі нудны і нецікавы.
Спадзяюся, арганізатары зробяць высновы і наступным разам ці будуць рыхтавацца належным чынам, ці цвяроза ацэняць свае сілы, не стануць называць гэта зінфэстам і зробяць аднадзённае, але насычанае мерапрыемства пераважна для віленскай, а не панаехаўшай публікі. А разнастайнасці дзеля можна і наогул не пыжыцца і прысвяціць які-небудзь тыдзень, месяц, год не безмазоваму фестывальнаму тусаванню, а развіццю ўжо наяўных мясцовых ініцыятыў. Вунь хаця б аднаўленне інфашопа - неўзаранае поле.
P.S. Дзякуй С. за фестываль (толькі ўсё-такі не трэба наступным разам так надрывацца), віленцам і вільнянкам за смачныя харчы (асабліва Дзянісу за веганскія цэпеліны), Сімасу з галерэі Artkor (http://artcore.blogas.lt/) і аднайменнага зіна (http://hardcore.lt/artcore/) за такое зручнае і ўтульнае месца, Ліпаўка-crew за гасціннасць і гарбату.
P.P.S. З пункту гледжання міжнароднасці фэст атрымаўся: удзельнікі з Літвы, Беларусі, Расіі, Нямеччыны, Венгрыі, Фінляндыі. Быў нават хлопец з Францыі, які падарожнічае роварам па Еўропе.