Сёння ў судзе Баранавіцкага раёна і г. Баранавічы адбылося папярэдняе паседжанне па іску КУРЭП "ЖРЭУ г. Баранавічы". Камунальнікі патрабуюць у траіх маладзёнаў 3 353 256 рублёў за зафарбоўванне графіці на сценах і платах горада.
У ноч з 25 на 26 красавіка бягучага году Аляксей Жынгероўскі і двое яго сяброў былі затрыманыя каля Баранавіцкага райвыканкама. Пазней на судзе і адміністрацыйных камісіях іх прызналі вінаватымі ў нанясенні трох графіці "Нет АЭС" і далі штрафы розных памераў па арт. 17.1 КаАП.
Цяпер ЖРЭУ спрабуе прымусіць юнакоў аплаціць зафарбоўванне 19-ці розных надпісаў па вуліцах Брэсцкая, Савецкая, Войкава і Леніна. У нефармальных гутарках супрацоўнікі міліцыі паведамляюць, нібыта мэр горада "ўзяў справу пад свой кантроль" і дзеянні ЖРЭУ тлумачацца ціскам з боку адміністрацыі.
Адказчыкі лічаць патрабаванні камунальнікаў неабгрунтаванымі і абсурднымі. "Гэта нішто іншае, як адміністрацыйны ўціск грамадскіх актывістаў," - кажа Аляксей Жынгероўскі. - "Але нягледзячы на такую дзіўную форму рэпрэсій я застаюся пры сваіх ранейшых перакананнях і лічу будаўніцтва АЭС шкоднай задумай".