http://intex-press.by/ru/762/1/1795/
04 августа 2009 г. Алесь Гізун
Баранавіцкае ЖРЭУ у судовым парадку спрабуе спагнаць з трох маладых чалавек грошы, выдаткаваныя на ліквідацыю экалагічных графіці, нават тых, якіх яны не малявалі.
За роспісы сценаў Баранавіцкага райвыканкама і швейнай фабрыкі “Бараўчанка” надпісамі “Нет АЭС” хлопцаў затрымалі супрацоўнікі міліцыі яшчэ 26 красавіка. Тады 18-гадовы Аляксей Жынгероўскі атрымаў адміністрацыйны штраф памерам у 10 б. в., а яго два непаўнагадовыя таварышы – па 2 б. в.
Напрыканцы ліпеня баранавіцкае КУРЭП “ЖРЭУ” вырашыла праз суд спагнаць з хлопцаў грошы, выдаткаваныя на работы па ліквідацыі не толькі вышэйзгаданых графіці, але і надпісаў нявысветленага аўтарства “Экология дороже экономики” і “Жги систему” на вуліцах Брэсцкай і Леніна.
Памер сумы, пазначанай у зысковай заяве, уражвае: 3 млн 353 тыс. руб.
У выніку хлопцы пісьмова апратэставалі заяву, толькі часткова пагадзіўшыся з ёю.
“У красавіку мяне судзілі і пастанова суда дакладна акрэсліла маю віну, якую я прызнаў і сёння гатовы сплаціць ЖРЭУ іх выдаткі. Але да астатніх надпісаў на вуліцах Брэсцкая і Леніна я ніякага дачынення не маю”, – сведчыў 4 жніўня на судовым паседжанні Аляксей Жынгероўскі.
Праваабаронца Сяргей Гоўша мяркуе, што падобным чынам у ЖРЭУ спрабуюць спагнаць грошы з юнакоў нават за графіці, зробленыя немаведама кім і немаведама калі.
Самі хлопцы спадзяюцца, што ў іх атрымаецца паменшцыць суму зыску пасля таго, як яны запатрабавалі ад прадстаўніка ЖРЭУ распісаць выдаткаваныя грашовыя сумы на кожны надпіс паасобку.
Суддзя пагадзіўся з патрабаваннем адказчыкаў назваў дату наступнага паседжання суда па сутнасці гэтай справы – 13 жніўня.
Як патлумачыў “Intex-press” Аляксей Жынгероўскі, калі пытанне пра будаўніцтва атамнай электрастанцыі ў краіне не выносіцца на шырокае грамадскае абмеркаванне, графіці з’яўляюцца даволі дзейсным сродкам прыцягнуць увагу людзей да праблемы.
“Я не аспрэчваю факт, што надпісы на сценах – гэта кепса, але іншых спосабаў агучыць праблему нам не пакідаюць. Адсутнічае поўная інфармацыя ў СМІ, праблема не абмяркоўвалася на рэферэндуме. А як грамадзянін Рэспублікі Беларусь я маю поўнае права выказацца супраць будаўніцтва АЭС у маёй краіне, бо лічу, што гэта не патлумачана аб’ектыўнымі прычынамі”, – пракаментаваў Аляксей Жынгероўскі.