http://www.belsat.eu/generator.php?p=1,10,27,4662,4663
ЦІ БУДЗЕ АТАМ МІРНЫМ?
Справаздача аб магчымым уздзеянні на прыроду атамнай станцыі, якая мусіць паўстаць на Астравеччыне, не вытрымлівае крытыкі. Да гэткай высновы прыйшла група незалежных экспертаў, якая прааналізавала дакумент. Аўтары ж праекту па-ранейшаму сцвярджаюць, што праект беларускай атамнай станцыі – адзін з самых бяспечных.
Рэактар ВВР-1000 – адзін з самых надзейных у свеце. Гэта цвердзяць аўтары праекту беларускай АЭС. Тое ж самае некалі казалі навукоўцы пра рэактар РБМК, які выбухнуў на Чарнобыльскай атамнай станцыі.
ЮРЫЙ ВАРОНЕЖЦАЎ, ФІЗІК, КАНДЫДАТ ТЭХНІЧНЫХ НАВУК:
«Паміж Чарнобыльскай АЭС і крайнім населеным пунктам, які выселілі, – больш за 250 км. І ўявіце сабе, калі – не дай Бог! – штосьці адбудзецца на «самым надзейным у свеце рэактары»... 250 км – гэта Менск, гэта Вільня, гэта Коўна».
Паводле расейскага інжынера-фізіка Андрэя Ажароўскага, складальнікам дакументацыі не ўдалося давесці, што беларуская АЭС будзе сапраўды бяспечнаю.
АНДРЭЙ АЖАРОЎСКІ, ІНЖЫНЕР-ФІЗІК, «ЭКОЗАЩИТА» (МАСКВА):
«Мы лічым, што ў гэтай сітуацыі адзіным выйсцем для складальнікаў ОВОС [ацэнка ўздзеяння на навакольнае асяроддзе] і для замоўцаў будзе адклікаць гэтыя матэрыялы, бо яны не адпавядаюць заканадаўству, яны няпоўныя і яны ўтрымліваюць дзесьці проста хлусню».