Настроить, Войти
“Прызнаць віну яны могуць толькі пад ціскам, бо не вінаватыя!”

get_img.jpeg

Дзяўчына, якая адсядзела 12 гадзінаў па падазрэнні ў нападзе на расійскую амбасаду, у эксклюзіўным інтэрв’ю Еўрарадыё распавяла, як 3 верасня затрымлівалі ўдзельнікаў нефармальных суполак і што ім “прад’яўляюць”.

Н.: Нас затрымлівалі раніцай, вельмі рана. Недзе ў 6:20 мне патэлефанавала мая аднагрупніца і сказала, што праз паўгадзіны мы сустракаемся на прыпынку. Я пагадзілася, пайшла на кухню і ўключыла чайнік. Раптам пазванілі ў дзверы. Выйшлі хлопцы, з якімі мы жывем у адной кватэры. Коля запытаўся, хто там, але яму не адказалі. Саша адчыніў дзверы, і ў кватэру ўварваліся праваахоўныя органы.

У міліцыі ў затрыманых пыталіся пра асабістае жыццё

Н.: Усе былі ў цывільным, твары хавалі пад маскамі. Ва ўсіх былі “ствалы”. Яны пачалі выбіваць дзверы шчытамі і паклалі ўсіх на падлогу. Пасля развялі ўсіх па розных пакоях і запыталіся прозвішча і імя. Самі, натуральна, ніякіх пасведчанняў не паказалі. Мы дагэтуль дакладна не ведаем, хто нас затрымліваў!

Яны вялі аператыўныя здымкі. А мы былі толькі з ложкаў, распранутыя. Мы прасілі апрануцца, бо было холадна, але нам адказалі: “Потым!”. Пасля нас утрох паставілі да сцяны ў аднаго з пакояў. І так мы прастаялі блізу гадзіны, трэсліся. Пасля нехта з “праваахоўнікаў” накінуў на мяне нечую байку.

Еўрарадыё: Ці далі вам патэлефанаваць?

Н.: Не, на гэтыя просьбы нічога не адказвалі. Пасля нам далі апрануцца і схадзіць у прыбіральню. Прыявлі панятых і пачалі ператрус, у выніку якога ў нас забралі літаратуру, дыскі, 5 кампутараў і 2 ноўтбукі, флэшкі і тэлефоны.

Еўрарадыё: Як выбіралі дыскі, якія забраць, бо ў кватэры іх, відаць, было шмат?

Н.: Вельмі шмат. Дыскі былі расфасаваныя па скрынках. Яны пачалі разбіраць гэтыя скрынкі, і я паспрабавала паглядзець, што менавіта ў нас забіраюць. Але мне загадалі павярнуцца да сцяны, і я не паспела нічога разгледзець. Ведаю, што яшчэ забралі грошы, якія мы адклалі на кватэру.

Еўрарадыё: То бок, невялікія грошы?

Н.: 40-60 тысяч, я чула такія лічбы. Я прасіла дазволу папаліць, але мне адказвалі: “Пасля ў цябе будзе час і папаліць, і падумаць”. Нас з іншай дзяўчынай, Лерай, вывелі з кватэры каля 12:00, і павезлі ў міліцыю. А там размеркавалі па розных кабінетах, і я больш нікога з нашых амаль не бачыла. Толькі Колю аднойчы заводзілі на 5 хвілінаў. У аддзяленні нам задалі шмат пытанняў, але ўсё было культурна. Ніякага рукапрыкладства. Але вельмі шмат пытанняў.

Еўрарадыё: Пра што ў вас пыталіся?

Н.: Адразу сказалі, што нас затрымалі ў звязку з акцыяй, якую нібыта правялі анархісты ля расійскай амбасады. Таксама пыталіся, ці ведаю я што-небудзь пра акцыю 1 траўня [напад на Дом прафсаюзаў у Мінску. ― Заўв. Еўрарадыё].

“Іх затрымалі таму, што яны сацыяльна актыўныя людзі”

Еўрарадыё: Як ты думаеш, чаму з гэтымі пытаннямі прыйшлі менавіта да вас?

Н.: Не ведаю. Як я даведалася пасля, акрамя нас “бралі” яшчэ 5 кватэраў. А каля 19:00 мяне адпусцілі. Я напісала распіску пра тое, што забіраю ключы ад кватэры, і сышла.

Еўрарадыё: Чаму цябе не затрымалі разам з астатнімі?

Н.: Калі я запыталася, чаму не адпускаюць астатніх, мне сказалі: “Ідзі давай, ты проста апынулася не ў тым месцы, не ў той кватэры”.

Да размовы далучаецца А., яшчэ адна сацыяльная актывістка.

Еўрарадыё: Вось гэтыя маладыя людзі, якіх затрымалі, ― хто яны? Чаму міліцыя падумала, што яны маюць дачыненне да нападу на амбасаду Расіі?

А.: Іх затрымалі, таму што яны сацыяльна актыўныя людзі.

Н.: Гэтыя людзі ўдзельнічалі ў акцыях FNB [Ежа замест бомбаў. У цэнтры Мінска моладзь корміць бяздомных. ― Заўв. Еўрарадыё], у “Крытычнай масе”. Абаранялі правы жывёлаў: хадзілі ў прытулкі, спрабавалі дапамагчы грашыма і сваёй працай.

А.: Гэтыя людзі прымільгаліся, вось за іх і зачапіліся.

Еўрарадыё: Ці захоўваецца зараз нейкая сувязь з затрыманымі?

Н.: Ніякай сувязі няма. Яны знаходзяцца ў ізалятары на Акрэсціна. Дарэчы, калі я сядзела ў міліцыі, мне казалі, што мне пагражае да 10 гадоў пазбаўлення волі, калі я нічога не распавяду. Хаця мне не было, чаго распавядаць! А пасля казалі: “Нічога, зараз пасядзіш у ізалятары часовага ўтрымання, і можа адумаешся”.

Еўрарадыё: Ці ёсць верагоднасць таго, што нехта з затрыманых прызнае сваю віну? Хуліганства ― не такі ўжо страшны артыкул…

А.: Прызнаць сваю віну яны могуць толькі пад ціскам. Бо не вінаватыя! Я асабіста ўпэўненая ў тым, што зараз затрымалі не тых людзей, якія здзейснілі напад на амбасаду. У некаторых з іх ёсць алібі. Некаторыя былі ў іншым горадзе. Сярод іх толькі адзін чалавек з Мінска, а ўсе астатнія ― Бабруйск, Наваполацак… Пра аднаго хлопца я дакладна ведаю, што яго не было ў сталіцы, ён быў у сябе дома. Але пакуль ім не прад’яўленыя абвінавачанні, гэта не істотна.

Закінуць заяву анархістаў у інтэрнэт мог любы чалавек

Еўрарадыё: На сайце “Індымедыя” з’явілася заява наконт таго, што адказнасць за акцыю 30 жніўня ўзялі анархісты.

А.: Ніякага сэнсу ў тым, каб кінуць “кактэйль Молатава” у нечую машыну, я не бачу. Бо ўсе добра разумеюць, што Хімкінскі лес ад гэтага высякаць не перапыняць. Мы салідарныя з абаронцамі Хімкінскага лесу. Але пад такую акцую ў Мінску ніхто з беларускіх анархістаў свядома не “падпішацца”.

Еўрарадыё: Але інфармацыя і відэа з акцыі з’явілася ў інтэрнэце. Таксама, як і пасля нападу на Дом прафсаюзаў.

А.: Тут нестыкоўка атрымліваецца. Пасля 1-га траўня ў інтэрнэце адразу з’явілася інфармацыя пра напад на Дом прафсаюзаў. Анархісты адразу паведамілі пра тое, што здарылася. А тут ― атака на амбасаду была 30-га, а пасля ― два дні цішыні. І толькі потым з’яўляецца нейкае відэа, знятае на хуткую руку… Для анархістаў такія паводзіны не характэрныя. Я думаю, што некаму ў справе гэтага нападу спатрэбіліся вінаватыя. І таму прыгадалі пра анархістаў.

Еўрарадыё: Што за арганізацыя “Сябры свабоды”, якая ўсклала на сябе адказнасць за акцыю?

А.: Мы ўпершыню пра яе даведаліся са зварота, размешчанага на “Індымедыі”.

Еўрарадыё: Але нехта ж размясціў там відэа і заврот?

А.: Пакінуць запіс на “Індымедыі” можа хто заўгодна, такі прынцып працы гэтага рэсурсу.

Еўрарадыё: Якое, на вашу думку, найбольш верагоднае развіццё падзеяў?

А.: 6 верасня ў 16:30 сканчаюцца тры дні, на якія затрымалі сацыяльных актывістаў. Магчыма, іх адпусцяць без прад’яўлення абвінавачанняў. Але глядзіце, у нас наперадзе выбары, і таму зараз улады “суцішаюць” арганізаваныя суполкі людзей, прычым не важна, палітычна яны каардынуюцца, ці нейкім іншым чынам. Таму я прадбачу, што гэта не апошнія затрыманні. Сёння ўзяліся за анархістаў, заўтра ― яшчэ за каго-небудзь возьмуцца.

Н.: Я пражыла разам з гэтымі хлопцамі блізу двух месяцаў. І ніколі не заўважала за імі нейкіх прыкметаў агрэсіі. Яны ніколі нават не абмяркоўвалі ніякіх нападаў. Таму асабіста я ўпэўненая ў тым, што яны не вінаватыя. Іх мусяць адпусціць.

http://euroradio.by/by/1329/reports/52751/

Части
Комментарии
автор a., дата 2011-09-26 13:36, ссылка

Comments with spam hidden.