Сем чалавек затрыманы ў рамках крымінальнай справы, якая заведзена паводле артыкулу “падпал”, — заявіў начальнік прэсавай службы менскай міліцыі Аляксандар Ластоўскі.
Раней прадстаўнікі МУС казалі, што крымінальная справа заведзена паводле артыкулу “хуліганства”.
Паводле Крымінальнага кодэксу Беларусі, максымальнае пакараньне за хуліганства — 3 гады пазбаўленьня волі. За падпал — да васьмі гадоў зьняволеньня.
3 верасьня супрацоўнікі сілавых структураў затрымалі сем актывістаў анархісцкага руху па справе аб выбуху каля расейскай амбасады.
Імёны затрыманых:
- Ігар Багачак
- Валерыя Хоціна
- Сяргей Сьлюсар
- Мікалай Дзядок
- Аляксей Жынгероўcкі
- Аляксандар Францкевіч
- Антон Лапцёнак
Усе затрыманыя знаходзяцца ў турме на вуліцы Акрэсьціна.
Максымальны тэрмін затрыманьня без прад’яўленьня абвінавачваньня ў Беларусі складае 72 гадзіны. Пракурор можа падоўжыць гэты тэрмін да 10 сутак — паведамляе БелаПАН.
Інцыдэнт ля расейскай амбасады ў Менску адбыўся ўвечары 30 жніўня.
Невядомыя кінулі на тэрыторыю амбасады бутэльку з запальнай сумесьсю. У выніку згарэла машына дыпляматычнага прадстаўніцтва.
2 верасьня ў Інтэрнэце зьявілася заява ад імя раней невядомай анархісцкай суполкі “Сябры свабоды”. Аўтары звароту ўзялі на сябе адказнасьць за напад на амбасаду Расеі і патлумачылі, што акцыя праведзенае на знак падтрымкі абаронцаў Хімкінскага лесу, што пад Масквой.