Настроить, Войти
Беларускі Хельсінскі камітэт падтрымаў актывістаў
автор s_r, дата 2010-09-10 17:51, оригинал

Беларускі Хельсінкскі Камітэт звярнуўся ў Пракуратуру г. Мінска з просьбай правесці дэтальную праверку законнасці і абгрунтаванасці затрыманняў актывістаў, якія падазраваліся ў нападзе на Амбасаду Расійскай Федэрацыі.

Нагадаем, усяго на дадзены момант затрыманыя 9 чалавек.

3 верасня 2010 года па падазрэнні ў нападзе на амбасаду затрымалі шасцёра грамадскіх актывістаў: Ігара Багачака, Валерыю Хоціну, Сяргея Слюсара, Мікалая Дзедка, Аляксея Жынгероўскага, Аляксандра Францкевіча. У іх кватэрах былі праведзеныя вобшукі, маладзёнаў дапыталі і змясцілі ў ІЧУ ГУУС Мінгарвыканкама. Па заканчэнні трох суткаў ім не было прад’яўленае абвінавачванне, замест гэтага было аформленае затрыманне па падазрэнні ў здзяйсненні падпалу офіса Федэрацыі прафсаюзаў у Мінску. Тэрмін утрымання па новым падазрэнні скончыўся 9 верасня, але актывістаў зноў пакінулі ў ІЧУ, аформіўшы затрыманне па падазрэнні ў здзяйсненні трэцяга злачынства.

8 верасня былі затрыманыя яшчэ два актывісты: Уладзімір Валодзін і Таццяна Семянішчава. Пры гэтым апошняя дапытвалася 6 верасня ў якасці сведкі, хоць па характары пытанняў, якія ёй задаваліся, відавочна, што яна разглядалася органам крымінальнага пераследу ў якасці падазраванай.

БХК звяртае ўвагу, што ў адпаведнасці з ч.3 арт. 108 КПК Рэспублікі Беларусь затрыманне па непасрэдна ўзнікшым падазрэнні ў здзяйсненні злачынства не можа працягвацца звыш 72 гадзінаў. Па заканчэнні гэтага часу затрыманых павінныя былі альбо вызваліць з-пад варты, альбо прымяніць ў дачыненні да іх меру стрымання, якая прадугледжана КПК. Паколькі мера стрымання ў дачыненні да актывістаў не была ўжытая, яны падлягаюць вызваленню з-пад варты. Недапушчальна ўтрымліваць грамадзянаў у заключэнні і адпрацоўваць версіі аб іх прыналежнасці да здзяйснення розных злачынстваў, тым самым апраўдаўшы парушэнне тэрмінаў затрымання без прад’яўлення абвінавачвання і ігнаруючы іх працэсуальныя правы і гарантыі.

Беларускі Хельсінкскі Камітэт заклікае органы крымінальнага пераследу строга прытрымлівацца прынцыпаў і патрабаванняў крымінальна-працэсаульнага заканадаўства. Праваабаронцы звяртаюць увагу, што затрыманні павінныя выконвацца толькі пры наяўнасці прадугледжаных законам падставаў, і заклікаюць праваахоўныя органы не дапускаць адвольных затрыманняў.

http://belhelcom.org/?q=node/4411