Настроить, Войти
Рэпрэсіі працягваюцца, затрыманы Ігар Трухановіч
автор minsksolidarity, дата 2010-09-25 19:35, оригинал, textile

Сёньня ўдзень, 25 верасьня, стала вядома пра яшчэ аднаго затрыманага актывіста: Ігара Трухановіча. Паводле словаў ягоных бацькоў, Ігара ўчора ўраньні выклікалі на «размову», дахаты ён гэтак і ня вернуўся. У тэлефоннай размове з дзяжурным ІЧУ на вуліцы Акрэсьціна бацькам паведамілі, што Ігар сапраўды знаходзіцца ў іх, ён затрыманы да 27 верасьня па арт. КК РБ 339 (Хуліганства). Болей інфармацыі супрацоўнік ІЧУ даць адмовіўся.

Таксама сёньня крыху праясьніўся лёс Мікалы Дзядка, затрыманага падчас першай хвалі арыштаў яшчэ 3 верасьня. Учора, 24 верасьня, скончыліся чарговыя, сёмыя па ліку 72 гадзіны ўтрыманьня пад вартай без прад’яўленьня абвінавачваньня. На даны момант Мікола пераведзены ў СІЗА на вуліцы Валадарскага, яго арышт працягнуты на 10 сутак, па сканчэньні якіх яму мусяць альбо прад’явіць абвінавачваньне, альбо вызваліць.

Мікола падазраецца па арт. КК РБ 339 ч. 2 (Хуліганства) па справе, заведзенай у сувязі зь несанкцыянаванай акцыяй супраць беларуска-расейскіх вайсковых вучэньняў «Захад 2009» каля Генштабу УС РБ, падчас якой на тэрыторыю Генштабу была кінутая дымавая шашка. Афіцыйнага абвінавачваньня яму не прад’яўлена.

За апошнія 2 тыдні, паводле нашых зьвестак, на допыты у ГУБАЗ і КДБ па гэтай справе выклікалі больш як 30 чалавек. Ад іх патрабавалі даць паказаньні, што менавіта Мікола Дзядок арганізоўваў гэтую акцыю, запрашаў на яе людзей, раздаваў удзельнікам маскі, вёў калёну. На некаторых аказвалі маральны ціск. Супрацоўнікі ГУБАЗа сьцьвярджалі, што калі ня будзе патрэбных зьвестак, то дапытаны сам стане саўдзельнікам гэтага злачынаства, пагражалі сэксуальным гвалтам з боку іншых зьняволеных, улучэньнем у сьпісы невыязных й праблемамі на працы ў яго й ягоных бацькоў. Апошнімі днямі па гэтай справе затрымлівалі для правядзеньні допыту людзі, якія займаліся інфармацыйнай падтрымкай зьняволеных: Аляксандар Ярашэвіч, Алена Дубовік і Ганна Чарнышова.

Такім чынам, відавочна, што «органы» ня маюць ніякіх доказаў віны Міколы, і спрабуюць атрымаць атрымаць іх любымі сродкамі.

Міколе можна дасылаць лісты падтрымкі на адрас г.Мінск, 220050, вул. Валадарскага, д. 2, Дзядку Міколу.

Мы патрабуем спыніць ціск на грамадзкіх актывістаў і вызваліць Міколу Дзядка, Аляксандра Францкевіча й Ігара Трухановіча!

Сябры й сваякі затрыманых, minsksolidarity[at]riseup.net