Подробности с Радыё свабоды:
У Гомелі супрацоўнікі Чыгуначнага райаддзелу міліцыі затрымалі дэпутата гарсавету Юрася Глушакова. У яго сканфіскавалі 11 тысяч улётак з карыкатурамі на беларускія афіцыйныя тэлеканалы. Дэпутата абвінавачваюць у незаконным вырабе і распаўсюдзе друкаванай прадукцыі, зьмест якой шкодзіць дзяржаўнаму і грамадзкаму парадку.
Дэпутат Глушакоў паведаміў, што быў затрыманы ў Гомелі на вуліцы Каменшчыкава, калі ехаў са сваім знаёмым у мікрааўтобусе:
(Глушакоў: ) “Затрымалі нас, відавочна, у выніку апэратыўна-пошукавай дзейнасьці. Ня ведаю, ці давала пракуратура дазвол на вядзеньне такой дзейнасьці, у тым ліку ў дачыненьні дэпутата Гомельскага гарадзкога савету. Нас абагнала і заблякавала праезд машына дзяржаўтаінспэкцыі. Затрымлівала нейкая асоба ў цывільным. Назваць сябе яна адмовілася, а потым у райаддзеле міліцыі сказала, што зьяўляецца стажэрам Міністэрства ўнутраных справаў зь Менску. Але ж ні ўзростам, ні паводзінамі гэты чалавек гадоў трыццаці пяці на стажэра ніяк быў не падобны”.
Адносна дэпутата Глушакова склалі пратакол паводле артыкулу 172, часткі 3 Адміністрацыйнага кодэксу — незаконны выраб і распаўсюд друкаванай прадукцыі, зьмест якой шкодзіць дзяржаўнаму і грамадзкаму парадку. Пасьля гэтага міліцыя зрабіла ператрус у кватэры знаёмага дэпутата Глушакова. Паколькі ключоў не было, то міліцыянты разьбілі шкло і забраліся ў кватэру на другім паверсе праз акно. Таксама шукалі ўлёткі.
Чым гэтыя ўлёткі прыцягнулі ўвагу міліцыі? Дэпутат Глушакоў заявіў:
(Глушакоў: ) “Там было некалькі малюнкаў сатырычнага зьместу. На іх адлюстраваны супрацоўнікі нейкага афіцыйнага беларускага тэлеканалу, якія ўдаюць, што збор бутэлек бамжамі — сацыяльная праграма адаптацыі бяздомных людзей. І былі таксама налепкі, на якіх напісана: “Они лгут”.
Учора дэпутата Глушакова выклікалі ў Чыгуначны пастарунак Гомелю, дзе прысутнічалі прадстаўнікі раённай адміністрацыйнай камісіі. Абмяркоўвалі, куды накіроўваць пратакол — у адміністрацыйную камісію ці суд.
А сёньня дэпутат Глушакоў быў выкліканы ў пракуратуру Чыгуначнага раёну. Намесьнік пракурора Аляксей Скараход узяў у дэпутата тлумачэньне. А 17-й гадзіне дэпутата забавязалі зноў зьявіцца да намесьніка пракурора.
Дарэчы, два дні таму 7 тысяч улётак з сатырычнымі малюнкамі пра афіцыйнае тэлебачаньне сканфіскавалі і ў прадстаўніка грамадзкай ініцыятывы “Партнэрства” з Гомелю Сьвятаслава Шаламава.
У Гомелі за распаўсюджваньне лістовак затрыманы дэпутат гарсавету
Powered by Free Software, including
Ruby programming language,
PostgreSQL database.
Samizdat engine is free
software; you can distribute/modify it under the terms of the GNU
General Public License
version 3 or later.