Крыніца - Еўрарадыё: http://euroradio.by/report/padchas-stalichnaga-derbi-zatrymali-kalya-200-futbolnykh-fanataw-fotavidea
У Мінску затрыманыя каля 200 футбольных фанатаў, якія падчас матчу ледзь не ўчынілі масавую бойку. Здарэнне адбылося 10 ліпеня непадалёк ад стадыёна “РЦАП-БДУ”, дзе праходзіла гульня другой лігі паміж “Партызанам-2” і “Дынама-2”.
“Вартаўнік расказаў, што тут біліся і разбілі шкло. Кінулі ў падвоенае вакно шашку. Яна загарэлася, але мы паспелі засыпаць пяском, – прыгадвае ў размове з Еўрарадыё вахцёр ДТСААФ, якое знаходзіцца побач. — Людзей было многа, аўтобусамі вывозілі адсюль. І майкі з іх здымалі, зрывалі і не толькі. Сабралі два вялікія пакеты з майкамі і шашкамі. Тут была цэлая каша”.
Паводле інфармацыі goals.by, у пачатку першага тайма каля 200 фанатаў “Дынама” пакінулі трыбуну і накіраваліся ў бок вуліцы Сямашкі. Там іх чакала яшчэ каля 100-150 фанатаў. Праз некаторы час да іх выйшла каля 70 фанатаў-антыфашыстаў “Партызана”. Міліцыя стрымала варагуючыя бакі. Аднак паміж імі завязалася лаянка, пасля чаго фанаты “Дынама” запалілі фаеры і пачалі кідаць іх у заўзятараў “Партызана”. Адзін з фаераў патрапіў у акно ДТСААФ, а яшчэ адзін прыляцеў да міліцэйскай машыны. Адразу ж у бойку ўмяшаўся спецназ. У сваіх “Гасцявых” фанаты пішуць, што было затрымана і развезена па розных РУУС Мінска каля 200 чалавек.
У Кастрычніцкім РУУС Еўрарадыё пацвердзілі, што да іх прывозілі 40 удзельнікаў бойкі, якіх потым перавезлі ў Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна. Столькі ж чалавек было дастаўлена і ў Фрунзенскае РУУС.
Дакладная лічба затрыманых невядомая. У прэс-службе сталічнай міліцыі паведамілі, што пра інцыдэнт увогуле нічога не чулі. Між тым у панядзелак адбыліся суды.
Па словах аднаго з “партызанаўскіх” фанатаў, амаль 30 антыфашыстаў атрымалі штрафы ад 175 да 350 тысяч рублёў. Яшчэ тры чалавекі арыштаваныя на 5 сутак.
На думку хлопца, фаны “Дынама” могуць панесці больш суровае пакаранне.
“Ім будуць, магчыма, больш жорсткія суды, бо яны прымянялі падручныя сродкі камяні, фаеры. То бок, у адносінах да іх могуць быць распачатыя крымінальныя справы. Не думаю, што супрацоўнікі міліцыі будуць звяртацца, хоць і бачыў, што ў некаторых з іх былі парваныя майкі. Але ўсё роўна асабліва яны не пацярпелі, да іх агрэсія не праяўлялася”.
У той самы час на сваёй “Гасцявой” фанаты “Дынама” пішуць, што ўжо распачата крымінальная справа за збіццё 8-мі спецназаўцаў.
Нагадаем, 18 чэрвеня аматары “Партызана”, якія з’яўляюцца антыфашыстамі, сарвалі канцэрт, што збіраліся правесці дынамаўскія фаны.