Пачаўшыся 6 жніўня, пасля забойства паліцыяй жыхара беднага лонданскага прыгарада Тотэнхэм, бунты, якія закранулі галоўным чынам Лондан, Бірмінгем, Ліверпуль і Манчэстар, сталі прычынай па меншай меры чатырох смерцяў. Адзін чалавек сур’ёзна паранены. Такога Англія не бачыла ўжо даўно. Падчас свайго нядаўняга выступу прэм’ер-міністр Дэвід Камерон заявіў, што паліцыя атрымае “ўсе патрэбныя ёй сродкі” і дазвол на “любую тактыку, якую яна лічыць неабходнай”.
“Відавочна, што некаторыя справы ідуць вельмі кепска ў нашым грамадстве”, – пагадзіўся Камерон, чый урад увёў у дзеянне “антыкрызісны” план беспрэцэдэнтна жорсткіх бюджэтных скарачэнняў адразу пасля свайго прыходу да ўлады (дзякуючы альянсу кансерватараў і ліберал-дэмакратаў) ў маі 2010 года. Вынікам гэтых мераў стаў рост сацыяльнай няроўнасці, які выклікаў уздым пратэстаў, што мелі пераважна мірны характар, але таксама здзівілі сваімі маштабамі .
Вядома, сляпыя антыпаліцэйскія бунты ў бедных раёнах, што не маюць ані рупараў, ані яснай пазіцыі ці патрабаванняў, з аднаго боку, і ясна артыкуляваныя пратэсты пераважна “сярэдняга класу”, з другога, нельга ставіць на адну дошку. Калі б пагромы адбыліся пару гадоў таму, можна было б сказаць, што паміж імі ўвогуле няма аніякай, нават ускоснай, сувязі, настолькі далёкім ад “чэрні” лічыў сябе брытанскі (ды і не толькі) абывацель.
Але сёння, у кантэксце крызіса неаліберальнай эканамічнай сістэмы, якая спрабуе самазахавацца за кошт працоўнага насельніцтва (сапраўдная сутнасць большасці “антыкрызісных праграм”), мы паўсюль назіраем пагаршэнне ўмоў працы (распаўсюд часовага найму і “флексплуатацыі”), зніжэнне рэальнай заработнай платы (у тым ліку праз рост ускосных падаткаў і кошту грамадскіх паслуг), рост масавага беспрацоўя пры адначасовым скасаванні сацыяльных гарантый. У выніку ўмовы жыцця чадаў значнай часткі сённяшняга “сярэдняга класу” ў хуткім чассе рызыкуюць аказацца вельмі падобнымі на лёс тых самых “галадранцаў”, што жывуць у абшарпаных раёнах і чыё маладое пакаленне сёння падпальвае будынкі, кідае камяні і рабуе буцікі.
Перспектыва такога збліжэння шмат каго пужае. Таму ў “звычайнага” (нехта скажа “белага”) чалавека, якому дагэтуль здаецца, што яму ёсць што губляць, існуе вялікая спакуса засяродзіць увагу на этнічным ці нават расавым паходжанні “хуліганаў”, каб стварыць сабе ілюзорна трывалую мяжу, якая аддзяляе “нас” ад “іх”. Прыдворная прэса гэта выдатна ведае і заходнееўрапейцаў хутка чакае шквал псеўдакультуралагічнага прамыцця мазгоў наконт “праблем інтэграцыі імігрантаў”.
А тым часам, беларускі афіцыёз ужо пачынае па-свойму карыстацца брытанскімі беспарадкамі. Робячы даволі смелыя паралелі. Друкаваны орган Лукашэнкі “СБ-Беларусь Сегодня” гэтак пракаментаваў апошнія падзеі ў Лондане, як заўсёды, праз прызму тэорыі іншаземнай змовы: “Многія аналітыкі бачаць у брытанскім хаосе ўплыў арабскіх рэвалюцый, улічваючы, што сярод пагромшчыкаў шмат чорнаскурых і арабаў. Сацыяльныя сеткі, якія дапамаглі егіпцянам скінуць Мубарака, сёння сталі зброяй у руках лонданскіх хуліганаў” . Улічваючы вельмі невялікі працэнт чорнаскурых і арабаў у Сінявокай, ці трэба зрабіць выснову, што беларускаму Мубараку нічога не пагражае?