Настроить, Войти
За бясплатны грамадзкі транспарт - тут і цяпер!
автор гость, дата 2006-09-20 23:35, исходное сообщение

Сусьветны дзень свабоды ад аўтамабіляў, 22 верасьня, ёсьць найлепшай нагодай задумацца: нашто мы плацім за праезд у грамадзкім траспарце?

Грамадзкі траспарт зьяўляецца жыцьцёва неабходным у горадзе, яго можна параўнаць з крывяноснымі артэрыямі. Без г.т. спыняцца прадпрыемствы й установы, пакупнікі не даедуць да крамаў, а студэнты да ўнівэрсытэтаў.

Для ўсяго сьвету важная барацьба з глябальным пацяпленьнем клімата. Зьменьшыць выкіды парніковых газаў найлягчэй праз большую энэргаэфектыўнасьць транспарту - адзін трамвай перавозіць гэтулькі ж людзей, як 50 легкавікоў, а забруджвае атмасфэру ў дзясяткі разоў меней.

На кожным вуглу нам цьвердзяць пра энэргетычную бясьпеку і патрэбы быць незалежнымі ад паставак энэрганосьбітаў з-за мяжы. Вось жа трэба зьнізіць спажываньне нафты - меней езьдзіць на прыватных легкавіках, а болей на аўтобусах.

Бясплатны грамадзкі транспарт заахвоціць людзей карыстацца ім, а калі хаця б частка аўтамабілістаў перасядзе на аўтобусы, тралейбусы, трамваі, мэтро, прыгарадныя цягнікі, то скарацяцца ці зьнікнуць заторы, рэзка зьменьшацца забруджаньне і выкіды парніковых газаў, меней будзе аварый на дарогах, дый наагул горад стане нашмат больш прыемным месцам для жыцьця.

Паўстае пытаньне: адкуль возьмуцца сродкі на закупку і ўтрыманьне парка машын, на аплату працы кіроўцаў ды мэханікаў? Насамрэч, сродкі знайсьці лёгка. Знаходзіць жа дзяржава грошы на бясплатную мэдыцыну (яе якасьць і чэргі па яе пакінем убаку). Найбольш верны спосаб - адмяніць будаўніцтва новых і пашырэньне старых аўтадарог ў старых раёнах горада і гэтыя грошы накіраваць на разьвіццё грамадзкага транспарту. Можна падвысіць экалягічны падатак на бэнзын, можна ўвесьці плату за ўезд прыватнага аўтатранспарту ў цэнтар гораду.

Скасаваньне сыстэмы аплаты за праезд зь яе кантралёрамі, кандуктарамі, пунктамі продажу білетаў вызваліць значныя сродкі, якія можна накіраваць на разьвіццё інфраструктуры, а таксама час і нэрвы пасажыраў.

Хтосьці можа заявіць, быццам гэта нерэалістычнае пражэкцёрства. Ані! Многія гарады Сібіры за савецкім часам ды й у ельцынскія 90-я мелі бясплатны муніцыпальны транспарт. Многія эўрапейскія гарады зрабілі апошнімі гадамі бясплатным свой грамадзкі транспарт: Гасэлт (Бэльгія), Кампьен і Вітр (Францыя), Любэн (Нямеччына), Марыгамн (Фінляндыя), Нова Горыца (Славенія), Цюры (Эстонія) ды інш. Гэта выявілася таньней, чым разбудоўваць аўтадарогі ды аўтамабільную інфраструктуру.

Плату за праезд не скасоўваюць паўсюдна, бо спробам зрабіць гэта супраціўляліся б вузкія групы, зацікаўленыя ў захаваньні цяперашняга стану рэчаў ці разьвіцьці "аўтамабільнай цывілізацыі": транспартныя бюракраты, будаўнікі аўтадарог і паркінгаў, а перадусім - вырабнікі і прадаўцы аўтамабіляў, запчастак, паліва. Shell і British Petroleum, Ford і DaimlerChrysler шмат пакладуць за тое, каб бясплатны грамадзкі транспарт заставаўся маргінальнай ідэяй, якую магчыма зьдзейсьніць толькі ў малых гарадох і толькі ў выключных выпадках.

Але мы лічым, што маем права вырашаць, якім быць нашаму транспарту. БЯСПЛАТНЫ ГРАМАДЗКІ ТРАНСПАРТ - ТУТ І ЦЯПЕР!