Вось такія бутэлькі з’явіліся ў сталічных крамах. Каго віншаваць са стварэннем новага рэвалюцыйнага брэнда – спецоў кіраўніцтва па ідэалогіі або маркетолагаў калгаса «Светлы шлях» -- пакуль невядома. Але ў выніку маем 0.7 літра недарагой (усяго 2900 рублёў!) ідэалагічна вытраманай моцнай пладова-ягаднай араматызаванай вадкасці са сціплай назвай «АЛЕКСАНДРиЯ». Літары К і Q на налепцы гарантуюць «каралеўскую якасць», а назва мусіць настройваць думкі на дзяржаўны лад.
Насамрэч, ідэя цікавая. Яна яскрава дэманструе, што ў барацьбе за стабільнасьць (а на двары ўсё новыя траблы – рост коштаў на газ, няхілае беспрацоўе, мясцовыя выбары) дзяржава не стамляецца шукаць наватарскія сродкі замест тых, што ўжо не дзейнічаюць. Ідэю варта пашыраць.
Нашмат эфектыўней за бясконцыя селектарныя нарады і пракачку мазгоў з тэлеэкранаў быў бы выпуск цэлай серыі заспакойваючых сродкаў пад агульнай дзяржаўнай маркай «АЛЕКСАНДРиЯ». Напрыклад, амапаўцаў, што лекуюць палітычна недальнабачных, варта было б апранаць у адмысловую форму і выдаваць дубінкі «фірмовага» стылю. А тым, каго непакояць газы, дакладней, кошт на іх пасля Новага году, – прапісваць адмысловы адпачынак у аграгарадскім-курортным комплексе «АЛЕКСАНДРиЯ» за стопершым кіламетрам ад сталіцы.
Для ўсіх астатніх таргет-групаў рэкамендаваць рэгулярнае ўжыванне флагманскага прадукту: заліў вочы зранку «Аляксандрам» – і табе ўжо ўсё роўна, хто, дзе, на які тэрмін і колькі яшчэ засталося.