Эгон Бонды
ГІСТОРЫЯ АНДЭРГРАЎНДУ СКОНЧЫЛАСЯ
(інтэрв’ю для “Антыкапіталістычнай газэты”) крыніца: віртуальны рупар касмапалітычнай культуры НЕВІДОЧНАЕ МЕСТА http://niamiesta.net
Мы хацелі б толькі працягнуць пэўную традыцыю: для пэўнай групоўкі людзей вы ўдаеце сабой прыклад альбо нават сімвал яснай грамадзянскай пазіцыі...
Шаноўны, усё гэта можа й так. Рэч у наступным: гісторыя андэрграўнду, як і ягоная роля, цалкам лагічна скончыліся ў 1990 годзе. У студзені 90-га году сталіся дзьве рэчы, па-першае, зьнікла ясная мішэнь, якую мы мелі, то бок—савецкі блок, савецкі рэжым, разам з патрэбай ягонага раскладу, з гэтым было па ўсім. Па-другое, новы істэблішмэнт відавочна баяўся, што андэрграўнд мог рабіць выкідоны й надалей, таму ў студзені 90-га году зрабіў тую рэч, што даў шэрагу чольных прадстаўнікоў андэрграўнду дэкрэт на дэпутацкія крэслы, а другой палове даў рангі палкоўнікаў у дзяржбясьпецы, чым, зразумела, расклаў андэрграўнд і, так бы мовіць, некаторых ягоных дзеячоў асабіста. Было ўсяго некалькі чалавек, хто адмовіўся ад такой ганаровай сінекуры—як напрыклад Магор, які, без сумневу, ніколі ня дасьць нічым сябе абавязаць, у тым ліку ані грашыма, тым больш што ён ведаў, што ў гэтым сэнсе яму нічога не пагражае. Напрыклад, я, які на такія рэчы заўсёды сраў з высокай вежы, таму што быў пэрсона нон грата, Чарадзей, які нічога не хацеў зь імі мець агульнага, дык адразу сыйшоў ад усяго гэтага як мага далей. Потым было яшчэ колькі чалавек з тых чольных прадстаўнікоў. Але гэта, зрэшты, не галоўная прычына, гэта суправодная зьява, істэблішмэнт ня мусіў нават зусім нічога рабіць, бо андэрграўнд сапраўды памёр, калі сыйшоў са сцэны відавочны вораг, які быў мішэняй падрыўной дзейнасьці андэрграўнду. Трэба было ня толькі бараніцца ад гэтага ворага, але й ратаваць маладых людзей ад пэўнай апатыі, мабілізаваць іх. Яшчэ ў васьмідзесятых гадох панаваў такі погляд, што сістэма застанецца меней-болей назаўжды. (...) Тады андэрграўнд яшчэ меў сваю функцыю, але цягам 90-х гг. страціў свой raison d’etre, таму што ня здолеў знайсьці для сябе відочную працоўную мэту. Андэрграўнд—гэта не арганізацыя рок-канцэртаў, хоць у цалкам папсовай форме дыскатэк ці яшчэ ў якой, хай сабе больш альтэрнатыўнай, неканвэнцыйнай і некамэрцыйнай форме. Андэрграўнд пачынаецца й сканчаецца на сваім падрыўным характары, таму што ў любым іншым выпадку ніякая альтэрнатыва ня мае сэнсу. Сёньня, у часы неабмежаванага творчага выяўленьня, у вобласьці камэрцыі аб мастацтве ня можа быць размовы, а ў іншым вобласьцях няма ніякіх шанцаў выклікаць нават нейкі мінімальны шок. Калі сёньня выйдзеш на плошчу й пачнеш драчыць, абвясьціўшы сябе сэксуальнай меншасьцю, дык нічога такога табе за гэта ня будзе, прычым ня толькі ня будзе—гэтым ня выклічаш нават абурэньня. Падрыўная дзейнасьць—гэта супрацьстаяньне грамадзкаму ладу ў выпадку, калі гэты лад ёсьць нечалавечым. Лад, які быў заведзены пасьля 1990-га году, ужо самім фактам рэстаўрацыі капіталізму, якая азначала абмежаваньне сацыяльных магчымасьцяў, што захоўваў нават і той сымулякр сацыялізму, які стварыў мінулы таталітарны рэжым. Ад моманту, калі глабалізацыя была дэклараваная urbi et orbi, у міжнародным маштабе, зрабілася ясна, што практычна ўсё насельніцтва планеты апынулася ў жыцьцёвай небясьпецы. Перадусім, у якасьці галоўнага ключа былі вызначаныя беднасьць і расавая прыналежнасьць. Ані бедны, ані каляровы ня ёсьць паўнапраўным чалавекам. Безумоўна, гэта ўжо ёсьць і ў Джона Локка, самога заснавальніка лібэралізму. Што потым было пацьверджана, па-навуковаму кажучы, у Адама Сміта. Ужо ў Локка было нешта ня тое, калі ён казаў, што ўсе людзі роўныя, свабодныя й г.д., а сам пры гэтым укладаў грошы ў гандаль рабамі. Напэўна, гэта быў выгадны гандаль, нягледзячы на тое, што ўсе людзі роўныя. Гэтаксама ён яўна гаворыць аб тым, што бедныя людзі зусім не такія поўнапраўныя. Бедныя ёсьць беднымі таму, што яны нядбайныя, а гэта ёсьць грэх, чым бедныя выдаляюць сябе з грамадзтва так званых сумленных людзей. Зь бедных слаёў рэкрутуюцца п’янтосы, распусьнікі й г.д., таму трэба, каб грамадзкасьць іх нейкім чынам асвойтвала. Адам Сміт ужо адкрыта гаворыць, што бедныя—гэта лішняе насельніцтва, лішнія людзі, якім трэба забараніць множыцца й якіх трэба заключыць у нейкія лагеры працы, карацей, неяк іх пазбавіцца. Гэтая тэндэнцыя была пастуляваная ў самых пачатках лібэралізму. У ХІХ стагодзьдзі гэта вырашалася тым, што ільга было займаць каланізаваныя тэрыторыі й г.д. У ХХ стагодзьдзі сітуацыя робіцца крытычнай. Сёньня ж, калі насельніцтва расьце ў геамэтрычнай прагрэсіі, гэта ператвараецца ў насамрэч сур’ёзную праблему. Супраць нечалавечых умоваў, якія абвяшчаюцца ў праграмах уладаў з 1995 году, году афіцыйнага абвяшчэньня глабалізацыі, трэба заняць ясную адмоўную, субвэрсіўную (падрыўную) пазіцыю, таму што словаў недастаткова. Толькі гэтак можа ўзьнікнуць і альтэрнатыўная культура і нейкі андэрграўнд, які гэтую альтэрнатыўную культуру прэзэнтуе, стварае, а таксама публікуе з дапамогай самых розных магчымасьцяў, якія існуюць у канкрэтную гістарычную эпоху. Групоўкі гэтага кшталту ўсё часьцей узьнікаюць у розных разьвітых дзяржавах. Яны маюць зусім іншы характар, не падобны да нічога ранейшага, ня йдуць па сьлядох гіпі й тых тэндэнцыяў, што ўзьніклі з досьведу пэўнай часткі дробнабуржуазнай моладзі ў ЗША й на Захадзе. Сёньня гэта мае іншыя формы, ніякай арганізацыйнай формы не існуе. Па сутнасьці, чэхаславацкі андэрграўнд быў тут наперадзе, бо не ствараў ніякай арганізацыйнай структуры. Не было ніякай арганізацыі. Ніякага кіраўніцтва, ніякага цэнтру, ніякага кіраваньня, нічога. Гэта была спантанная дзейнасьць цэлай генерацыі. Зразумела, што былі пэўныя людзі, якія гэта ўсё натхнялі сваймі ідэямі. Такім чынам, падрыўная дзейнасьць андэрграўнду была цалкам самавольнай і ініцыятыўнай ува ўсіх кутках рэспублікі, тады гэта мела нейкі сэнс. Калі сёньня “Пластык Піпл” іграюць у Гішпанскай залі (прэзідэнцкага палацу), дык гэта не даніна пашаны андэрграўнду, а зьнявага андэрграўнду. (...) Практыка андэрграўнду, дасягненьні андэрграўнду, культурныя інавацыі андэрграўнду і ўвесь кірунак падпольнай культуры ў 1970-1989 гг. былі цалкам іншымі, чымся тая бяззубая форма, у якой яны сёньня прэзэнтуюцца сродкамі масавай інфармацыі. Прымаць удзел у нейкіх акцыях, якія аддаюць пашану андэрграўнду й паказваюць ягоныя здабыткі ёсьць здрадай асноўных прынцыпаў андэрграўнду. Істэблішмэнт ня можа аддаваць пашану гэтай культуры й неяк яе прапагандаваць. Гэта ня тычыцца альтэрнатыўнай культуры толькі ў Чэхіі, але ўва ўсім сьвеце. Ніхто з тых, хто сёньня стварае альтэрнатыўную культуру альбо нейкія альтэрнатыўныя суполкі, не спадзяецца на мас-медыя й не зьбіраецца іх выкарыстоўваць. З гэтым ня можа пагадзіцца ніхто, хто ведае, што ёсьць ува ўсе гістарычныя часы зьместам і задачай усялякай альтэрнатывы альбо андэрграўнду. З такімі рэчамі я ня маю нічога агульнага й ніколі мець ня буду. Да якой ступені ваша генерацыя будзе здольная, ня гледзячы на той масавы brain-killing, ня тое што brain-washing, які зьдзяйсьняюць усе мас-медыя ад Патагоніі да Аляскі—якім чынам вы здолееце супрацьстаяць гэтаму й заняць цалкам ясную субвэрсіўную пазіцыю, якой вы будзеце надаваць твар і якую будзеце шырыць між сваіх аднагодкаў, а старэйшай генерацыі паказваць: “мы—тут, і мы серам вам на галаву”—дык гэта ўжо залежыць ад вас саміх, але пакуль вы будзеце толькі глядзець, што сёньня ў нас свабода й што Магор можа хадзіць па сцэне, а пры гэтым іграюць “Сабакі-рыцары”, дык у такім выпадку вы будзеце ў пралёце, як муха ў самалёце.
Не, вы ня думайце, мы не такія... Мы не зьбіраемся рабіць нейкі рэвайвэл...
Я проста хацеў выказацца наконт таго, за чым я сачу зь вялікай незадаволенасьцю, бо для шэрагу недасьведчаных маладых людзей абнаўленьне старой рэторыкі андэрграўнду ёсьць нейкай прыемнай, асьвяжальнай сенсацыяй, гэткай крыху больш культавай дыскатэкай, яны думаюць, што варта паслухаць “Пластык Піпл”—і яны ўжо андэрграўнд, альбо павесяць на сьценку плакат з Чэ Гэварай, і гэта па ціпу крута. У такім выпадку вы проста сераце міма унітазу. Трэба ўсьведамляць, што калі гэтая супольнасьць вельмі антыгуманная, калі яна мае вельмі брутальныя нечалавечыя мэты й праграмы, якія ў бліжэйшыя дзесяць-дваццаць год будуць уводзіцца ў карыстаньне па ўсім сьвеце—дык у гэтай сітуацыі трэба супрацьстаяць ёй нават у маленькіх краінах сярэдняй Эўропы, і гэтае пытаньне будзеце вырашаць вы, факт у тым, што ільга навязаць кантакты з пэўнымі групоўкамі. Я нават не хачу ўжываць тэрмін “рух”, таму што гэта ня можа мець тыя самыя формы, што ў ХІХ і ХХ стагодзьдзях. Зьяўляюцца новыя формы. Вы павінны іх шукаць самі. Калі нехта з вас займаецца актыўнай мастацкай дзейнасьцю, дык павінен усьвядоміць, што сёньня ўжо мала экзістэнцыяльных уздыхаў, якія гэтак распаўсюдзіліся цягам 90-х гадоў, балючая інтраспэкцыя альбо пазіраньне на месячык... Альбо пісаць аб тым, як хтосьці нажраўся й аббляваўся. Усё гэта цудоўна, але ўсяго гэтага насамрэч занадта мала. Канкрэтныя мэты ільга знайсьці ў сябе пад носам, калі вы пойдзеце ў нацыянальную бібліятэку, дзе ёсьць аддзел “публікацыі ААН”. Там вельмі лёгка знайсьці статыстыку наконт усемагчымых рэчаў, яе там—тонны. Некаторыя зьвесткі публікуюцца літаральна штодзённа. Напрыклад, у той дзень, калі ў Ню-Ёрку ўпалі тыя дзьве вышкі, дык ад голаду памерла 35 000 дзяцей, але аб гэтым нідзе ня пішуць.
© Пераклад-HМ, 2003
Макс Шчур: АНДЭРГРАЎНД ПАМЁР?
Лёгка было быць у андэргаўнду пры таталітарным рэжыме! Пару фраз на п’яную галаву і ўголас распаведзены антырэжымны анэкдот маглі прывесьці вас на пару месяцаў за краты. Наадварот, вельмі цяжка быць у андэрграўнду ў грамадзтве, дзе можна выйсьці на плошчу й пачаць мастурбаваць, не выклікаўшы гэтым нават ніякага абурэньня. Акцыі рознамаітых рэцэсійных палітычных і мастацкіх груповак не выклікаюць у грамадзтва найменшай цікавасьці. Альтэрнатыўная музыка, як заходняя (пераважна), так і айчынная, прадаецца паўсюль і нікім не забараняецца, разам з плакатамі Чэ Гэвары. Наркотыкі ільга знайсьці на кожным рагу, перадусім—на той жа дыскатэцы: тое, што раней было прыкметай асобы, стаецца адзнакай масавасьці, з хатніх экспэрымэнтаў ператвараецца ў выгодны бізнэс і як гэткі крыміналізуецца. Зрэшты, і сам Бонды прызнае: андэрграўнд скончыўся. Наколькі мае рацыю гэты ў нечых вачох—амаль бязгрэшны патрыярх чэскай альтэрнатыўнай культуры?
Варта задумацца: ці можа ў такім грамадзтве сапраўдны андэрграўнд прэзэнтаваць сябе як андэрграўнд, ведаючы, што яму за гэта нічога ня будзе? Ні ў якім разе. Таму Бонды і не выказвае ніякага энтузіязму ў адрас маладых анархістаў, што наведалі яго ў ягонай браціслаўскай кватэры з мэтай узяць інтэрв’ю. Яны, небаракі, хочуць мець нешта агульнае з андэрграўндам, як яны кажуць, “працягваць ягоную традыцыю”—але андэрграўнд, у асобе адной зь ягоных легендаў, ня хоча мець зь імі нічога агульнага. Чаму? Менавіта таму, што ў іх даўгія валасы й няпраная вопратка. Які сэнс у гэтых атрыбутах, калі яны нікога сёньня не раздражняюць?
Што, уласна, здарылася? Здавалася б, нічога асаблівага: у краіне проста адбылася буржуазная рэвалюцыя, якую Бонды ўмоўна называе “90-ым годам”. На працягу 60-80-х гг. Бонды, сам гэтага ня ведаючы альбо не задумваючыся аб гэтым, належаў да левага ідэялагічнага крыла тых, што яе рыхтавалі, быў, побач з Гавэлам, ейным найбольш выбітным філасофам і духоўным правадыром. Аднак перамога рэвалюцыі й надыход капіталізму не прынеслі яму ніякага задавальненьня. Таму ў 90-х гг. Бонды рэзка пераходзіць са стану ейных прыхільнікаў у стан ейных праціўнікаў і крытыкаў. Зноўку робіцца артадаксальным марксістам, нават выступае на зьезьдзе камуністычнай партыі—той самай, якая калісьці яго перасьледавала. Тым ня менш, ня толькі Магор вольна скача па сцэне—гэтаксама кнігі самога Бонды сёньня ў Чэхіі паўсюль выдаюцца й выгадна прадаюцца. Іронія лёсу.
Такім чынам, варта было грамадзтву памяняцца, стацца дэмакратычным, варта было ўвесьці свабоду слова—як андэрграўнд распаўся сам па сабе. Гэтага Бонды, зразумела, прызнаць ня можа, бо тады ён ня змог бы быць у дачыненьні да сёньняшняга грамадзтва ў пазіцыі ягонага крытыка й “пэрманентнага рэвалюцыянэра”. Гэтаксама ён крытыкуе мас-медыя, імкнецца пакласьці знак “роўна” паміж капіталізмам 90-х і “рэальным сацыялізмам” 70-х... Прычым ягоная пазіцыя ў грамадзтве застаецца такой самай, што й была: пры камуністах Бонды жыў на пэнсію з-за інваліднасьці, якой хапала на дзесяць куфляў піва штодзённа, пры капіталізме ён жыве на звычайную пэнсію (а таксама на пэнсію жонкі-нябожчыцы), і яе на піва ледзьве хапае. Але ў астатнім у ягоным жыцьці нічога не зьмянілася—ня зьменшылася ані маральная адказнасьць за функцыяваньне грамадзтва, якое як-неяк дае яму магчымасьць фізічна праіснаваць. Менавіта таму Бонды лічыць сваім абавязкам ставіцца да гэтага грамадзтва крытычна. Гэта змушае яго крытыкаваць лібэралізм гэтаксама, як дагэтуль ён крытыкаваў камунізм. Дзіўна толькі, што ён пераняў некаторыя істотныя моманты калісьці ненавіснай яму камуністычнай рэторыкі. Ён, колішні прыхільнік Кафкі й Клімы, заклікае цяпер ледзьве не да сацыялістычнага рэалізму: класічнае марксісцкае стаўленьне да заходняга мастацтва. Ужо недастаткова корпацца ў сабе, пазіраць на месяц—трэба займаць слушную пазіцыю ў класавай барацьбе (у якую Бонды непахісна верыць), быць палітычна ангажаваным, прычым на баку праўды й справядлівасьці. Яшчэ крышку—і Кафка будзе забаронены за тое, што быў узорным супрацоўнікам капіталістычнага прадпрыемства, якое эксплуатавала чэскіх рабочых, а сваім самакорпаньнем толькі адцягвае ўвагу моладзі ад патрэбы класавай барацьбы. Гэтаксама, гіпі—рух дробнабуржуазнай моладзі й г.д. Але як тады атрымалася, што як Кафка, так і гіпі-культура былі настолькі дзейнай зброяй супраць камуністычнага рэжыму—аднаго з найбольш жорсткіх і злачынных таталітарных рэжымаў у гісторыі? Чаму яны дзейнічалі супраць камунізму й фашызму, але робяцца настолькі бездапаможныя й ледзьве не непатрэбныя пры дэмакратыі? Нягледзячы на тое, што Бонды пачувае нутраную агіду да ўсялякіх зьнешніх атрыбутаў андэрграўнду, ён заклікае сваіх маладых наступнікаў фактычна захоўваць тую самую форму супраціву, што й раней—быць агрэсіўнымі ў дачыненьні да сістэмы. Аднак што да арганізацыі супраціву, дык тут паміж маладымі людзьмі й класікам андэрграўнду існуе глыбокае непаразуменьне.
Для маладых людзей гутарка йдзе аб арганізацыі перадусім палітычнага руху, які ня мае часу думаць пра культуру, а калі дакладней—імкнецца папросту скарыстаць яе ў сваіх палітычных мэтах. Калі пры камуністах андэрграўнд і альтэрнатыўная культура былі сінонімамі, дык сёньня ў палітычнай альтэрнатывы вельмі мала сапраўдных культурных здабыткаў, калі не лічыць некалькі панкавых гуртоў, што ўсё яшчэ йграюць на адной і той самай ноце. Бонды, як паэт, усё яшчэ наіўна спадзяецца зьвязаць палітычную барацьбу з мастацтвам, але ягоныя прыхільнікі з шэрагаў маладой генерацыі ня маюць часу думаць аб мастацтве. Мастак—гэта толькі той, хто падзяляе зь імі іхную ідэялогію, няхай сабе пры гэтым ён ня ўмее зьвязаць двух словаў альбо засьпяваць нефальшывую ноту. Калі ў 60-х культура была ў авангарду палітыкі, а палітыка спантанна ўзьнікала з культурнага супраціву, дык сёньня культура валачэцца ў хвасьце антыглабалізацыйнага руху, які альбо пераймае і ўлучае ў сябе ўжо існыя культуры—этнічную музыку, панк, рок... Час ад часу да яе далучаюцца нават зоркі Галівуду й камэрцыйныя пісьменьнікі, якія хочуць выставіцца сваймі “прагрэсіўнымі” поглядамі. Яны выступаюць у той самай функцыі, што зоркі падчас выбарчых кампаніяў, даючы сваё блаславеньне перадусім філантрапічным, радзей—чыста палітычным акцыям. Існуе яшчэ адна шматколькасная групоўка “працаўнікоў капіталістычнай культуры”, што ангажуецца ў барацьбе за правы чалавека й за дэмакратыю па-за межамі заходняга сьвету—перадусім, у Тыбету й на Кубе, і ня бачыць парушэньняў правоў чалавека ў сябе пад носам. Аднак уласнай культуры антыглабалізацыйны рух, стацца ўдзельнікамі якога заклікае Бонды, практычна не стварае. Выключэньнем ёсьць бадай толькі прыклад Майкла Мора.
Дык у якой форме можа існаваць андэрграўнд на Захадзе? На маю думку, тым, чым у таталітарным грамадзтве ёсьць андэрграўнд, тым пры капіталізме й дэмакратыі ёсьць эксгібіцыянізм, альбо індывідуальны пратэст, магчымасьць якога была ўпершыню адкрытая дэндызмам (падрабязны перакладны артыкул аб палітычных аспэктах і грамадзкай функцыі якога мы рыхтуем да публікацыі). Усё гэта азначае, што палітычны пратэст ня можа й не павінен быць адзінай формай супраціву, як што любы супраціў ёсьць паводле сваёй сутнасьці палітычным. Безумоўна, ільга лічыць дэмакратычнае грамадзтва толькі кшталтам таталітарнага й па-ранейшаму “гуляцца ў андэрграўнд”—але такія гульні не прывядуць ні да чаго іншага, як да маргіналізацыі руху. Таму Бонды, які, у адрозьненьне ад маладых анархістаў, адчувае розьніцу між таталітарызмам і новым часам, інстынктыўна выступае супраць такіх гульняў. Што да ягоных развагаў наконт Локка й Сміта, дык тут ільга было б паспрачацца—але гэта якім іншым разам.
© Макс Шчур, 2003