Аляксандар Францкевіч нарадзіўся 6 траўня 1990 года ў Наваполацку. Скончыў ліцэй, працаваў праграмістам спачатку ў родным горадзе, потым пераехаў у Менск і працаваў праграмістам у сталіцы. У верасьні 2010 года яго арыштавалі па справе анархістаў. 24 траўня 2011 года Заводзскі суд Менску вынес абвінаваўчыя прысуды Аляксандру Францкевічу (3 гады пазбаўленьня волі), Мікалаю Дзядку (4,5 гады) і Ігару Аліневічу (8 гадоў зьняволеньня). Маладыя людзі былі асуджаныя на працяглыя тэрміны паводле абвінавачаньня ў зьдзяйсьненьні шэрагу палітычных акцый, у тым ліку і за напад на амбасаду Расеі ў Менску ў жніўні 2010 года. Францкевіч дадаткова быў асуджаны яшчэ і за «кампутарны сабатаж» і «распрацоўку, выкарыстаньне ці распаўсюд шкодных праграм».
У кастрычніку 2011 года Праваабарончы цэнтар «Вясна» і Беларускі Хэльсынскі Камітэт прызналі Ігара Аліневіча, Мікалая Дзядка, Аляксандра Францкевіча палітычнымі зьняволенымі
Тацяна Францкевіч выхоўвала сына адна. Калі яны з мужам разьвяліся, Сашу было 6 гадоў, а потым бацька загінуў у аўтамабільнай катастрофе. У маці ніколі не было праблем з Сашам. Спадарыня Тацяна кажа, што сын заўсёды вельмі добра вучыўся:
«Асабліва лёгка яму даваліся такія прадметы, як матэматыка і праграмаваньне. Ён шмат чытаў, прычым, я не прымушала чытаць. Урокі таксама рабіў самастойна. Удзельнічаў у алімпіядах, а па матэматыцы і праграмаваньню займаў заўсёды першыя месцы. Спачатку вучыўся ў школе з ухілам паглыбленага вывучэньня ангельскай і нямецкай мовы, а ў 10 — 11 клясах перайшоў у ліцэй, там быў факультэт праграмаваньня».
Школьная сяброўка Аляксандра Францкевіча Наста распавяла:
«Саша ўжо тады вельмі прыемна выдзяляўся на фоне астатніх. Ён вельмі шмат чытаў, сур’ёзна захапляўся гісторыяй, фантастыкай. Заўсёды ў яго быў своеасаблівы пункт гледжаньня. Зь мі было вельмі цікава спрачацца, таму што ягоныя меркаваньні былі аб’ектыўныя. Ад яго можна было даведацца шмат новага і цікавага. І чаго б ні тычылася размова, яму заўсёды трэба было дакапацца менавіта да ісьціны пытаньня і спрачацца па сутнасьці пытаньня».
Пасьля заканчэньня ліцэя Аляксандар хацеў працягнуць вучобу ў адным з унівэрсытэтаў Баўгарыі, але атрымаць бясплатны грант не ўдалося, распавяла маці спадарыня Тацяна:
«Прыйшоў адказ, што яго возьмуць толькі пры ўмове, што напалову мы будзем самі аплачваць. Мы зь ім вырашылі, што не пацягнем, грошай у нас ня хопіць. І Саша пайшоў працаваць. Спачатку працаваў праграмістаў у адной камэрцыйнай фірме ў Наваполацку».
Аднак у Наваполацку заробкі не вялікія, і Аляксандар вырашыў пераехаць у Менск. Самастойна знайшоў добрую працу, зьняў кватэру, матэрыяльна дапамагаў маці, якая гадавала яго адна:
«Калегі на працы яго цэняць, і дагэтуль падтрымліваюць мяне, кажуць, што Саша вельмі разумны, талковы праграміст. І дагэтуль за ім захоўваецца працоўнае месца ў камэрцыйнай фірме. Гэта, канечне, вялікая падтрымка зь іх боку».
Былы палітвязень Павал Вінаградаў адбываў пакараньне ў Івацэвіцкай калёніі «Ваўчыныя норы» разам з Аляксандрам Францкевічам: