Настроить, Войти
Як гэта было: блякаваньне ўсходняй брамы
автор гость, дата 2007-06-14 16:53, textile, связано с: AntiG8 protests

Нарэшце дарваўся да камапутара з Інтэрнэтам і магу напісаць як адбывалася блякаваньне Ўсходняй брамы на Хайлігендам.

Мы, асноўная частка беларускай групы, прыбылі ў лягер Рэдэліх увечары 5-га чэрвеня. На шостае, дзень прылёту дэлегацый, была заплянаваная, як мы меркавалі, блякада аэрапорту Лааге. Разам з польскай групай мы пачалі вырашаць, як дзейнічаць – удзельнічаць у масавай блякадзе, ці асобнай групай рабіць сваю блякаду. Паколькі ані мы, ані палякі ня мелі ніякага ўяўленьня пра мясцовасьць, ня мелі ніякага рыштунку, г.зн. былі аніяк не падрыхтаваныя, то вырашылі далучыцца да масавай блякады.

Раніцой а 7-й толькі 4 чалавекі знайшлі ў сабе сілы прачнуцца. Ня здолеўшы падняць іншых, правялі нараду і вырашылі адразу з блякады ехаць на Расток, каб назаўтра далучыцца да блякады трасы, якая праходзіць каля горада. У гэты час у лягеры зьбіраліся людзі на дэманстрацыю, мы ўбачылі знаёмых палякаў і, памятаючы пра рашэньне дзейнічаць супольнай групай, далучыліся да іх групы. Палякаў было, здаецца, 8 чалавек.

Дэма рушыла, але зусім не ў меркаваны бок. Ужо ў дарозе мы даведаліся, што рушым на Хайлігендам. Напэўна гэтак жа нечакана гэта было і для мянтоў, бо першых мянтоў мы пабачылі толькі праз кілямэтар. Іх было мо’ зь дзясятак і яны перакрывалі дарогу, якая вяла да трасы на Расток. Уся дэма павярнула ў бок і рушыла полем паўз лес, а армія клоўнаў-бунтаўнікоў рушыла да мянтоў.

Прайшоўшы полем недзе з кілямэтар, выйшлі да дарогі, якая злучала суседнюю вёску з трасай, тут да дэмы далучыліся яшчэ людзі, у тым ліку і “страчаныя” раней клоўны. Цяпер наша група складалася недзе з 20 палякаў і 10 беларусаў. Недзе з гэтага часу нада намі пачалі кружляць верталёты. Недзе 8 іх штук спіралькай рухаліся за дэмай.

Праз яшчэ адзін кілямэтар выйшлі на ўзгорак, на якім разьбіліся на 4 “пальцы”, кожны меў сьцяг свайго колеру і ўласны маршрут да дарогі. У кожны “палец” уваходзіла пад 1000 чалавек. Наш “палец” ішоў пад двума сьцягамі: агульным блакітным, і чорным польскай АФ. Да дарогі нам заставалася недзе 2 кілямэтры поля, засеенага аўсом.

Рушылі. Дзе крочылі, дзе падбягалі. Заўважылі, што паралельна жоўтаму, праваму, “пальцу” рушаць мянты, тых было ня болей за 20 і яны не праяўлялі ніякай актыўнасьці.

На дарозе былі бачныя тры мікрааўтобусы зь мянтамі, якія палічылі за лепшае ад’ехаць падалей.

Нарэшце блакітны “палец” заняў дарогу, “чорны блёк” кінуўся ламаць другі плот (Бліжэй да саміту ў некаторых месцах паралельна асноўнаму плоту быў пабудаваны яшчж адзін. Калі першы ўяўляў сабой металічны плот вышынёй пад 2,5 м і калючым дротам “сьпіраль Бруно” зьверху, то другі – тая ж сьпіраль, але проста на зямлі, адгароджаная з абовух бакоў плотам з матар’ялу, падобнага на тканіну, вельмі трывалага – зь яго пасьля атрымоўваліся добрыя гамакі.) Вакол бегалі арганізатары блякады з BlockG8 і крычалі ў мэгафоны, што мы прыйшлі сюды не для таго, каб ламаць плот, у нас іншая задача. Але плот быў зламаны уздоўж усяго месца, занятага блякадай. Тут нарэшце дабеглі заўважаныя ў полі мянты – адзеньне “рабакопаў” яўна не садзейнічае бегатні па палёх, настолькі задыханыя былі яны. За імі прабег ашчэ адзін атрад, нейкія сівыя дзяды. Відавочна, што мянты не чакалі зьяўленьня пратэстантаў тут, таму насьпех сабралі ўсіх, хто заставаўся, і кінулі сюды. Мянты дабеглі да ўваходу і пашыхтаваліся там.

Занялі больш упарадкавана “па-пальцава” трасу. Выступілі арганізатары. Прайшла гадзіна. Тут зьявіўся яшчэ адзін атрад мянтоў на 20 сьвіней. Яны прайшлі па ўзбочыне паралельна ўсёй блякадзе, яўна правакуючы дэманстрантаў. Але на правакацыю ніхто не паддаўся, і сьвіньні тым жа маршрутам вернуліся назад. Пазьней яны рэгулярна зьдзяйсьнялі такія прабежкі з мэтай справакаваць бойку, нават спрабалі штурхануць плячом некага з пратэставаўшых. Многія і ня супраць былі закідаць іх камянямі, тым больш, што паралельна аўтадарозе праходзіла чыгунка, баляст якой складаўся з выдатных каменьняў, але клоўны так выдатна парадыявалі мянтоў, далучаючыся ў хвост іх каманды, што мы проста трымаліся за жываты.

Пачалі прыходзіць зьвесткі ад іншых блякадных каманд. Актывістамі з Віхмансдорфа заблякаваная Заходняя брама (пазьней, 8-га чысла, там адбыўся самы жорсткі разгон блякады, у пяці чалавек вадамётамі траўмавалі вочы, аднаму зь іх нават выбілі вока). Актывісты з ростацкага лягеру заблізка падыйшлі да “сакрэтнай” брамы, сьвіньні ўжылі газ і вадамёты, адагнаўшы такім чынам актывістаў на кілямэтар, але яны ўсё роўна трымаюць блякаду. Невялічкая група анархістаў з Dissent! заліла машынным маслам і пабудавала бэтонныя перашкоды на невялікай дарозе, паралельнай “нашай” (гэта была адзіная пасьпяховая дэцэнтралізаваная блякада). Каля паўтысячы чалавек спрабуюць заблякаваць аэрапорт Лааге.

Празь дзьве гадзіны пачала абвастрацца сытуацыя на нашай блякадзе: зь іншага боку плоту зьявіліся вадамёты. “Чорны блёк”, вырашыўшы ісьці ў першым шэрагу, пачаў будаваць барыкаду, да іх кінуліся камунякі і іншыя “міралюбы” з крыкамі, што гэта мірная блякада, што ў якасьці перашкоды мы выкарыстоўваем уласныя целы, а не барыкады. Хутка параіўшыся, “чорнаблёкаўцы” вырашаюць рушыць бліжэй да сярэдзіны, каб у выпадку чаго мець магчымасьць пабудаваць блякаду.

У напружанай атмасфэры праходзіць колькі часу, калі становіцца зразумелым, што мянты самі не атакуюць. Супакойваемся.

Зьяўляюцца астатнія палякі, якія вернуліся з блякады Лааге, вырашыўшы, што там няма чаго лавіць. Потым высьветлілася, што яны памыліліся, і там набралося некалькі тысяч чалавек, якім удалося заблякаваць аэрапорт.

Гэтак праходзіць час. Зьяўляюцца людзі, якія прынесьці ежу. Пасьля прыязджае кухня. Нехта прыходзіць нехта зыходзіць. Пэраядычна зьбіраюцца на нараду дэлегаты афініці-груп.

Надыйшла ноч. Сход дэлегатаў афініці-груп прапанаваў рушыць па дарозе і злучыцца зь іншай блякадай. Прайшлі мо’ колькі соцень мэтраў, і недзе 70% калёны адмовіліся ісьці на злучэньне. Вырашылі спыніцца на ноч на гэтым месцы. Паступае прапанова пайсьці беларускай групай на лягер і заўтра далучыцца да групы зь Віхсмардорфа, якая плянавала больш радыкальную акцыю. Сыходзім. Адыйшоўшы пару км бачым, што да блякады пад’ехалі шмат машын зь мянтамі, чутныя крыкі “Haut ab!”, але штурму не было, мянты узьдзейнічалі псыхалягічна. На блякадзе трасы засталося каля 500 чалавек.

У палёх на кожным скрыжаваньні стаялі мянтоўскія пасты, якія мы на вачах у мянтоў абыходзілі, але мянты нават не спрабавалі нас затрымаць.

Па прыходзе ў лягер правялі нараду групы і вырашылі да віхмансдорскіх не далучацца, бо ў нас цалкам адсутнічаюць самаарганізацыя і самадысцыпліна, затое хапае бардаку і расьпізьдзяйства, а гэта ня тыя якасьці, якія патрэбныя для радыкальных акцый.

У ночы лягер блякавалі каля сотні мянтоў, але, не атрымаўшы права ўваходу на яго тэрыторыю (такая-сякая дэмакратыя ў Нямеччыне яшчэ засталася), зьехалі пад раніцу.

Назаўтра мы панесьлі ежу на блякаду. Па дарозе міма нас пранесьліся мянтоўскія машыны ў адзін і другі бок – мянты мелі перазьменку. З кожнай другой у наш адрас неслася “schwein!”. Без праблем дабраліся да дарогі. Высьветлілася, што наша ежа не патрэбная, бо там працуе кухня.

Тут бы павесіць фота, але ня маю, таму верце на слова. Там, дзе разьмяшчаліся пратэставаўшыя была чысьціня: ані паперкі, ані бутэлькі, усё сьмецьце зьбіралася ў пакеты. Ля мянтоўскага ж шэрагу быў срач: упакоўкі ад скарыстанай вады і іншае сьмецьце.

Пабыўшы тры гадзіны, рушылі на лягер. Адтуль на Расток. Назаўтра ў Бэрліне мусіў адбыцца Плян Б...

Тэги