http://community.livejournal.com/minsk_by/3842665.html
Бойкай зь міліцыяй і кіданьнямі камянямі скончыўся колькі хвілін таму канцэрт у менскім клюбе "Арэна". Міліцыянты ўвайшлі ў залю пад час выступу аднаго з гуртоў і запатрабавалі спыніць недазволены канцэрт. Публіка ўзбунтавалася і закідала міліцыянтаў і іх машыну камянямі. Ёсьць затрыманыя.
Канцэрт у "Арэне" быў прысьвечаны памяці аднаго вядомага менскага тусоўшчыка па мянушцы Сьмятана (Ільля Куркоў), ён загінуў 40 дзён таму. Пра гэта "Тузіну Гітоў" паведаміў адзін з наведнікаў нашага сайту. Плянаваліся выступы гуртоў Destroers, F.I.A., LimuZin, НаіСКАсок ды інш.
Пад час выступу аднаго з калектываў у клюб зайшлі міліцыянты і запатрабавалі спыніць канцэрт праз няслушна аформленае гастрольнае пасьведчаньне. Людзі пачалі выходзіць з клюбу і менавіта на вуліцы пачаліся першыя сутыкненьні з ахоўнікамі парадку. У выніку людзі закідалі камянямі міліцэскі УАЗік. На лесьніцы клюба "Арэна" таксама адбылася бойка. Прысутныя кажуць, што там выбітае ваконнае шкло.
Па непацьвержаных зьвестках, затрымана каля 5 чалавек. Адна асоба лёгка параненая (разьбітыя вусны).
by "Тузін Гітоў" http://music.fromby.net