5.11.2007
На сённяшней прэс-канферэнцыі Віктар Івашкевіч вельмі арыгінальным, як нам падалося, чынам пракаментаваў учорашнюю бойку паміж неанацыстамі і анархістамі падчас Сацыяльнага маршу.
Ён сказаў: «Гэтыя хлопцы не маюць яснай і адкрытай пазіцыі. Ва ўчорашняй бойцы ўдзельнічалі несур’ёзныя анархісты і фашысты. Да сур’ёзных ім яшчэ расці і расці».
На інтэрнэт-форуме «Нашай нівы» на гэты конт пацікавіліся: «Гэта што – пажаданьні прафэсійнага росту?»
Уздагон згаданаму прагучаў яшчэ адзін пасаж, яшчэ больш варты ўвагі. У якасці «сур’ёзнага нацыяналіста» Віктар Івашкевіч назваў Жан-Мары Ле Пэна. «Гэта грунтоўны палітык, які карыстаецца аўтарытэтам», – зазначыў ён – і далей прыводзіў яго як узор нацыянальна арыентаванага дзеяча.
«Спадар Івашкевіч губляе пачуццё рэальнасці. Мяне не здзіўляе, што ў яго могуць быць схаваныя сімпатыі да ультраправых. Але ж нават Зянон Пазьняк не дазваляў сабе праводзіць паралелі з французкімі ксенафобамі, бо гэта проста непрыстойна. Яшчэ больш небяспечна – што падобныя матывы знаходзяць водгук у беларускіх палітычных сілаў, якія называюць сябе дэмакратамі», – заўважыў Міхал Пашкевіч, намеснік старшыні маладзёвай арганізацыі АГП «Маладыя дэмакраты», таксама адзін з арганізатараў «Сацыяльнага маршу», які сёння зранку вызваліўся з-пад адміністрацыйнага арышту і браў удзел у гэтай прэсавай канферэнцыі. М.Пашкевіч лічыць гэтае выказванне настолькі ж непрадуманым, як пасаж Лукашэнкі пра «габрэяў, якія зрабілі з Бабруйска свінюшнік».
Прыгадаем, што спадара Ле Пэна шмат хто ў Еўропе называе палітыкам неанацысцкай скіраванасці. Калі ён аднойчы выйшаў у другі тур прэзідэнцкіх выбараў (які пасля з трэскам прайграў) – па Францыі пракацілася хваля дэманстрацыяў, роўных якім па шматлюднасці не было з часоў заканчэння Другой Сусветнай вайны.
Пракуратура Францыі ўзбуджала супраць Ле Пэна справу за «заклікі да расавай нянавісці». Гэтаксама яго пазбавілі мандата дэпутата Еўрапарламента за тое, што ён накінуўся з кулакамі на жанчыну, якая спаборнічала з ім падчас перадвыбарчай кампаніі. Сваёй ваяўнічай ксенафобіі – г.зн., нянавісці да прадстаўнікоў іншых нацыяў – Ле Пэн і не хавае.