Настроить, Войти
Міліцыянтам пакінулі ільготы на праезд
автор гость, дата 2007-12-22 21:46, textile, связано с: Транспарт

Беларускія міліцыянты, нягледзячы на адмену ў краіне льготаў, маюць права на бясплатны праезд у грамадскім транспарце. Адпаведны дакумент нядаўна разаслала ўпраўленне прававога забеспячэння штаба МУС.

У дакуменце, копіяй якога валодае Еўрарадыё, паведамляецца, што міліцыянты засталіся без льготаў, але пасля ідзе наступная інфармацыя:

“Да цяперашняга часу захоўвае сваю юрыдычную сілу Указ ад 9 кастрычніка 1995 г. № 403 “Аб прадастаўленні права праезду па спецыяльным знаку асобным катэгорыям працаўнікоў праваахоўных органаў, супрацоўнікам органаў Камітэта дзяржаўнага кантроля і вайскоўцаў пры выкананні службовых абавязкаў”, які прадугледжвае права супрацоўнікаў органаў унутраных спраў на бясплатны праезд па спецыяльным знаку на ўсіх відах грамадскага транспарту (акрамя таксоўкі) гарадскога, мясцовага і прыгараднага спалучэння ў межах Беларусі пры здзяйсненні аператыўна-вышуковай і следчай дзейнасці, забеспячэння аховы грамадскага парадку і бяспекі дарожнага руху, нагляду за выкананнем законаў, а таксама кантрольна-рэвізійнай дзейнасці”.

Што сабой уяўляе гэты знак? Відаць, ён добра знаёмы кандуктарам і кантралёрам. Гэта – службовае пасведчанне з надпісам у верхняй палове вонкавага боку белымі літарамі па чырвоным: “МІЛІЦЫЯ”.

Гэты “спецыяльны знак” быў зацверджаны ўжо іншым указам № 491 ад 5 снежня 1995 года.

Упраўленне прававога забеспячэння штаба МУС сцвярджае ў гэтым дакуменце, што “указы кіраўніка дзяржавы маюць большую юрыдычную сілу ў адносінах да законаў”.

Разам з тым, Міністэрства працы і сацыяльнай абароны падрыхтавала і ўнесла на разгляд кіраўніка дзяржавы праект указа, паводле якога два згаданыя ўказы ад 1995 года мусяць быць прызнаныя страціўшымі сілу.

Аднак Аляксандр Лукашэнка яго пакуль не падпісаў, таму міліцыянты працягваюць бясплатна карыстацца грамадскім транспартам.

Тэги