Скарочаны варыянт. Поўную версію можна знайсці на лібертарным блогу кайрас (http://kairos.noblogs.org).
Актывістка: Як вы ведаеце, у траўні прайшлі прэзідэнцкія выбары і да ўлады прыйшоў Сарказі, правы кандыдат. Ён стаў праводзіць вельмі жорсткую палітыку, накіраваную на развіццё Францыі амерыканскім шляхам. У жніўні 2007 г. прынялі закон аб аўтаноміі універсітэтаў, - адмыслова ў жніўні, калі ва ўсіх канікулы, каб пазбегнуць пратэстаў. Паводле гэтага закону, універсітэты будуць пазбаўленыя дзяржаўных субсідый і будуць наўпрост прывязвацца да нейкіх прадпрыемстваў. Менавіта прадпрыемствы, фірмы будуць спансаваць універсітэты і гэтыя прадпрыемствы атрымаюць нейкія месцы ў праўленнях універсітэтаў. Практычна мова вядзецца аб камерцыялізацыі вышэйшай адукацыі. Гэты закон небяспечны тым, што будуць болей і фінансавацца такія спецыяльнасці, як кіраванне, фінансы, эканоміка, а філасофія, гісторыя, іншыя гуманітарныя дысцыпліны будуць загібацца, бо будзе скарачацца прафесарскі склад і будзе набірацца ўсё меней і меней студэнтаў.
Менеджэры, напрыклад, будуць вучыцца ўмоўна бясплатна і размяркоўвацца на фірму-патрон універсітэта. А філолагі будуць аплочваць навучанне ці з уласнай кішэні, ці з кішэняў бацькоў. Падвышэнне платы за навучанне будзе вельмі вялікім. Калі зараз я плачу 360 еўра ў год, і гэта ўключае як уласна плату за навучанне, так і ахову здароўя, і карыстанне бібліятэкай, то ў бліжэйшай будучыні рахунак можа складаць чатыры, пяць, шэсць тысяч еўра ў год. То бок адбудзецца тое, што адбылося ў свой час у ЗША, у Вялікай Брытаніі. Для Францыі гэта гучыць дзіка, бо, па-першае, універсітэты – гордасць краіны, а па-другое, сацыяльныя гарантыі – неад’емная частка правоў францускіх грамадзянаў.
К.: Як адрэагавалі студэнты на закон аб аўтаноміі універсітэтаў?
А.: Закон павінен уступіць у сілу ў 2008 годзе. Ён, вядома, выклікаў вялікія і бурныя пратэсты. Пачатак пратэстаў супаў з пачаткам навучальнага году – кастрычнікам. Спярша распаўсюджваліся ўлёткі, расклейваліся плакаты, ішло інфармаванне аб сапраўднай сутнасці закона. 30 кастрычніка ў нас, у будынку Tolbiac, прайшла генеральная асамблея. Да гэтага быў створаны забастовачны камітэт, у які ўваходзяць актывісты розных прафсаюзаў (у нашым універсітэце ёсць пяць-шэсць студэнцкіх прафсаюзаў). У студэнтаў ёсць замацаванае законам права на забастоўку. На генеральную асамблею сабралася больш за тысячу чалавек, якія прагаласавалі за пачатак барыкадавання універсітэта.
У той самы дзень сталамі былі забарыкадаваны тры вялікіх ліфта нашага 26-павярховага будынка. Папярэдне, вядома, усе студэнты і выкладчыкі былі эвакуяваныя. Па 6 снежня універсітэт быў паралізаваны, не было ніякіх заняткаў. Прыкладна тое самае адбывалася па ўсёй Францыі, дзесьці з большым поспехам, дзесьці з меншым. Хваляванні закранулі больш за 50 універсітэтаў з 80.
Падчас забастовак дзяржава прымяніла новую тактыку. Як вы ведаеце, у 2005 г. таксама былі студэнцкія хваляванні, супраць закона аб найме. Тады стаўленне дзяржаўных органаў было больш спакойным, разважным. А зараз прэзідэнт універсітэта тэлефануе паліцыі, паліцыя зграбае бастуючых і звозіць іх у пастарунак. Колькасць паліцыі на палітычных маніфестацыях, на дэманстрацыях павялічваецца.
Аднаго разу здарыўся надзвычайны выпадак. Будынак універсітэта адчыняецца а восьмай раніцы. І мы мусілі збірацца кожнага дня а восьмай, каб паспець зачыніць праходы. На ўваходзе ва ўніверсітэт заўжды стаяла ахова, правярала дакументы, каб забастоўшчыкі былі менавіта з гэтага факультэта. Аднойчы мы, як звычайна, прыйшлі, перакрылі праходы. Гэтым ранкам чамусьці аховы не было. Тут з’явіліся ультраправыя, яны прайшлі свабодна. Натуральна, што яны не былі студэнтамі хоць якога-небудзь універсітэта. Яны ўчынілі бойку, адразу ж прыехала паліцыя, якая завінціла ўсіх бастуючых. А правакатары проста разышліся. Мы лічым, што правакацыю арганізавала адміністрацыя універсітэта.
К.: Ты кажаш пераважна пра свой універсітэт, нават пра свой будынак. А як выглядала сітуацыя ў Францыі ў цэлым? Ці выступае супраць палітыкі Сарказі хтосьці яшчэ, апрача студэнтаў?
А.: Хваляванні ахапілі шмат універсітэтаў, але традыцыйна ў студэнцкага руху ёсць некалькі цэнтраў. Гэта Парыж, Руэн, Тулуза, Ліль, Монпелье.
У Парыжы амаль штотыдня ладзіліся дэманстрацыі.
Адначасова, у лістападзе, ішоў усеагульны страйк транспартнікаў. Ім зараз уразаюць пенсіі, павялічваюць узрост выхада на пенсію. Выглядала гэта грандыёзна. Увесь горад быў паралізаваны – не хадзілі ані аўтобусы, ані метро. Усе хадзілі пешшу, ездзілі на роварах. Заторы былі такія, што аўтамабіль мог прастаяць на адной вуліцы некалькі гадзін. Але некаторыя прафсаюзы здаліся без бою, падставілі сваіх членаў і ўсіх транспартнікаў.
К.: Ці ёсць анархісцкія студэнцкія прафсаюзы? Ці леварадыкальныя?
А.: Леварадыкальны ёсць – SUD-etudiant. Там сябруюць у асноўным камуністы, трацкісты. А што тычыць анархістаў, то ў грамадскім жыцці актыўна ўдзельнічае арганізацыя CNT-AIT. Гэта анарха-сіндыкалісты. Яны маюць сваіх людзей паўсюль. Але крэсла ў праўленні універсітэта ў іх няма.
К.: Але можна афіцыйна быць сябрам гэтага прафсаюза, выступаць на публічных мерапрыемствах ад яго імя?
А.: Так. Хаця, напрыклад, у забастовачным камітэце няма розніцы, ці з’яўляешся ты ўдзельнікам якой-небудзь арганізацыі, ці не. А сам CNT зарэгістраваны, і можна ў Парыжы ў шапіках набыць іх часопісы. Іх існаванне дапускаецца. Яны таксама былі на дэманстрацыях, ішла іх машына, яны раздавалі ўлёткі, налепкі.
16 лістапада, падчас найбольшай з дэманстрацый, калі падагналі паліцыю, то аўтаномы наладзілі весялуху. Яны пачалі загароджваць вуліцу - акурат каля Елісейскіх палёў, у цэнтры, аблюбаваным багатымі турыстамі. З нейкага кафэ сталі выдзёргваць крэслы, група з дзесяці чалавек здолела забарыкадаваць вуліцу, яны піналі паліцэйскія машыны, крычалі лозунгі. Каб іх павязаць, прыслалі пятнаццаць вялікіх паліцэйскіх бусаў! Па паўтара на чалавека.
Трэба сказаць, што наогул на вуліцах стала заўважна болей паліцыі. Наладжваюцца аблавы. Паліцэйскія ў штацкім правяраюць дакументы. Робіцца гэта ў раёнах, дзе шмат імігрантаў. Калі ў цябе няма віда на жыхарства, то яны цябе заграбаюць і высылаюць. Колькі скандалаў з гэтым звязана. У турмах пераседзелі нават сем’і з малымі дзецьмі. Ці ў адной кітайскай школе, куды хадзілі дзеці “нелегальных” мігрантаў, дырэктарша здала іх бацькоў. Ёй вядома ўчынілі абструкцыю, і цяпер ёй ніколі ў школе не працаваць, але высланыя людзі наўрад ці змогуць вярнуцца ў Францыю.