Пацыенты Рэспубліканскага туберкулёзнага шпіталя ў пасёлку Наваельня Дзятлаўскага раёну Гарадзенскай вобласьці просяць дапамогі. Яны знаходзяцца ў жахлівых умовах. Сёньня цэлы шпіталь адмовіўся ад прыняцьця ежы.
Галоўны лекар туберкулёзнага шпіталя Доўгань Мечаслаў Андрэевіч праігнараваў патрабаваньні пацыентаў, якія накіравалі да яго калектыўны ліст. Хворыя патрабуюць абаграваць палаты, даць гарачую ваду й прыстойную ежу, паведамляе “Польскае радыё”.
Кажа пацыент туберкулёзнага шпіталя Сяргей Воранаў:
“У нас вялікія праблемы. Справа ў тым, што ў нас у палатах вельмі холадна, мы сьпімо апранутымі. Гарачай вады няма ўвогуле, душ уключаюць два разы на тыдзень. Палаты вельмі брудныя, у памяшканьні вільгаць. А ежу, якую нам даюць, нават есьці немагчыма. Амаль усе хворыя ходзяць з тэмператураю. Мы ж – туберкулёзьнікі, нам трэба цалкам іншыя ўмовы”, – тлумачыць сітуацыю Воранаў.
Паводле ягоных слоў, шпіталь стаіць у лесе, але хворым нават не дазваляюць выйсьці на прыроду, каб набыць штосьці неабходнае за свае грошы ў краме.
Сяргей Воранаў кажа, што кіраўніцтва шпіталя спасылаецца на пастанову Міністэрства здароўя, паводле якой хворым нельга выходзіць гуляць, бо яны могуь інфікаваць іншых, але ж хворым на туберкулёз проста неабходна выходзіць на паветра. Аднак тэрыторыя шпіталя да гэтага нават не падрыхтаваная. Вакол шпіталя ўжо пачалі будаваць плот вышынёю тры мэтры з калючым дротам.
Сяргей Воранаў таксама пацьвердзіў, што хворыя ня будуць спажываць шпітальную ежу, пакуль кіраўніцтва ня прыме канкрэтных крокаў дзеля паляпшэньня ўмоваў шпітальнага жыцьця.