Вынікі суду над былым намеснікам галоўнага рэдактара газеты "Згода" Аляксандрам Здвіжковым (больш падрабязную інфармацыю чытайце на сайце БАЖ: www.baj.by):
18.01.2008 Аляксандр Здвіжкоў асуджаны на 3 гады пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму за “распальванне рэлігійнай варожасці” (ч. 2 арт. 130 КК РБ). Такое рашэнне прыняў сёння суддзя Мінскага гарадскога суда Руслан Аніскевіч, скончыўшы разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да былога намесніка галоўнага рэдактара газеты «Згода». Сам Аляксандр Здвіжкоў вінаватым сябе не прызнаў і намераны абскардзіць рашэнне суда ў вышэйшай інстанцыі,-- пра гэта ён паспеў паведаміць журналістам, якія спрабавалі з ім пагутарыць пасля абвяшчэння прысуду.
Слуханні па справе распачаліся 11 студзеня і спачатку праходзілі адкрыта. Аляксандр Здвіжкоў адразу ж заявіў адвод суддзі, выказаўшы ўпэўненасць, што прад'яўленае яму абвінавачанне - нікчэмнае, а суддзя ставіцца да яго справы прадузята. А. Здвіжкоў паспеў таксама паведаміць, што быў затрыманы 18 лістапада 2007 г., калі прыехаў у Беларусь наведаць магілу бацькі.
З гэтага часу яго ўтрымлівалі ў СІЗА КДБ.
Суддзя Аніскевіч адхіліў свой адвод як неабгрунтаваны і задаволіў хадайніцтва пракурора аб правядзенні далейшых слуханняў у закрытым рэжыме – каб “не закранаць пачуццяў” удзельнікаў працэсу.