Настроить, Войти
Старшыня Духоўнага упраўлення мусульман Рэспублікі Беларусь Ісмаіл Варановіч на судзе абараняў…
автор гость, дата 2008-01-18 23:35, исходное сообщение

Старшыня Духоўнага упраўлення мусульман Рэспублікі Беларусь Ісмаіл Варановіч распавёў сёння ў гутарцы з карэспандэнтам «Еўрарадыё», што на судзе ён фактычна абараняў рэдактара «Згоды». А таксама пра тое, што карыкатуры яму паказалі ў Камітэце па справах рэлігій, і чаму ён лічыць, што скандальную публікацыю варта лічыць проста інфармацыяй аб тым, што было апублікавана ў еўрапейскай прэсе.

— Вы ведаеце, што сёння Менскі гарадскі суд асудзіў журналіста Здзвіжкова на 3 гады калоніі за спробу перапублікацыі карыкатур на прарока Мухамеда…

— Я быў сведкам на гэтым працэсе і даваў паказанні. Я імкнуўся змякчыць яго долю. Здзвіжкоў дзякаваў мне — наколькі мог, вядома.

— Вам не здаецца, што гэта занадта суровае пакаранне?

— Вядома, суровае! Я прасіў, каб рашэнне суда было мякчэйшым. Тым больш, што ён не заклікаў ні да якіх злачынстваў. Гэта была своеасаблівая інфармацыя пра тое, што было апублікавана ў дацкіх газетах. Вось так я ставіў пытанне. І я лічу, што ў нашым грамадстве ніякіх эксцэсаў, ніякага рэзанансу і не магло быць.

— Скажыце, Здзвіжкоў прасіў у Вас прабачэння ў судзе?

— Так, у мяне асабіста прасіў прабачэння. І прасіў прабачэння ва ўсіх нашых вернікаў мусульман за публікацыю ў газеце.

— Калі б ад Вас залежала, то Вы б прабачылі яго?

— Так, вядома, вядома. Можа быць, я крышку ўскладніў становішча з органамі ўлады, якія вядуць гэтую справу.

— Чаму Вы так думаеце?

— Ну, таму што, можа быць, дзяржаўныя органы меркавалі, што мае словы будуць іншымі, не ў такім кірунку. Я насуперак, можа быць, пайшоў…

— Вы ведаеце, наколькі мусульмане Беларусі былі незадаволеныя гэтай публікацыяй?

— Дык яны ж не паспелі нават і ведаць, што такая публікацыя была. Калі мяне пазнаёмілі з ёй органы ўлады, я быў змушаны напісаць ліст, адрэагаваць. Гэта мне так паведамілі як кіраўніку Духоўнага упраўлення мусульман Рэспублікі Беларусь.

— А куды Вы гэты ліст пісалі?

— У той жа самы орган, якога мяне азнаёміў з публікацыяй. Гэта Камітэт па справах рэлігіі і нацыянальнасцяў.

— Вы пісалі, што абураныя?

— Бо гэта было паднесена так, таму я быў змушаны зрабіць.

— Вам нават не паказвалі газету?

— Паказалі. Паказалі ксеракопіі, далі мне.

— І там былі карыкатуры? Бо гэтую газету ніхто не бачыў, акрамя Вас і яшчэ пары чалавек…

— Ну так. Але я, між іншым, папярэдзіў нашыя абшчыны. Калі яна выпадкова патрапіць вам, каб ніякай рэакцыі не было. Гэта толькі інфармацыя пра тое, што было надрукавана ў іншых часопісах і газетах Еўропы. Вось так гэта было паднесена. Таму ніякіх абурэнняў з боку нашых абшчын не было.

— Рэдактар газеты «Згода» звярнуўся да мусульман з просьбай дапамагчы выратаваць Здзвіжкова ад турмы…

— Яшчэ трэба ўзважыць становішча. Узважыць усю навакольную абстаноўку. Як гэта адаб’ецца на нас. Мы ж меншасць, нас жа, мусульман Беларусі, вельмі мала. Таму мы вельмі павінны быць асцярожныя.

— А нагадаеце, як пакаралі дацкіх журналістаў?

— Слова гонару, я не ведаю. Патрабавалі для аўтара публікацыі смяротнага пакарання. Як гэта ўсё завяршылася, я, сапраўды, не ведаю. Гэта даўно было, не памятаю. А Здзвіжкоў, калі я яго ўбачыў за кратамі, то мне яго шкада стала. Такі худзенькі, невялікі… Вось, слова гонару, чалавечы жаль у мяне з’явіўся… Калі б у маіх сілах, я яго вызваліў, але гэта не ў маіх сілах. Вы мяне разумееце?! Наколькі я мог, я, вядома, імкнуўся аблегчыць яму долю. ­

крыніца: http://www.baj.by/index.php?module=Pagesetter&func=viewpub&tid=1&pid=4103