Настроить, Войти
Стыхійны мітынг на Баранавіцкім мясакамбінаце
автор гость, дата 2008-02-12 20:32, textile, связано с: Працоўны рух

На Баранавіцкім мясакамбінаце прайшоў стыхійны мітынг супраць закрыцьця цэхаў і масавага звальненьня людзей.

Днямі там згубілі працу каля 40 чалавек з кансэрвавага цэху. Такі ж лёс пагражае яшчэ сотні работнікаў камбінату.

Колькасьць працоўных дзён на мясакамбінаце складае ад 7 да 10 на месяц. Стыхійны мітынг людзі правялі, калі даведаліся пра поўнае закрыцьцё кансэрвавага цэху. Зараз яны асьцерагаюцца аналягічнага лёсу для сябе, гаворыць адна з работніц, Вольга Геніюш:

«Я кажу ад імя калектыву цэху, што нас хвалюе праблема страты працы. Нам увесь час абяцаюць, што будзе ўсё добра, што будзе рэканструкцыя, што мы рухаемся, а насамрэч мы стаім на месцы. Мы жывем у абяцанках, а працы ў нас няма. Мэр горада Дзячкоўскі, які ў нас быў, мы ад яго нічога не пачулі».

Прадпрыемства было далучанае да Бярозаўскага мясакамбінату, нібыта з мэтай рэканструкцыі і мадэрнізацыі. Аднак гэта перайшло ў згортваньне вытворчасьці і звальненьне працоўных, бальшыня зь якіх — жанчыны, кажа яшчэ адна работніца прадпрыемства Ала Зайко:

«Я адна выхоўваю дзіця. Заробак за студзень 184 тысячы, як пражыць? Працаваць на камбінаце пачала з 18 гадоў, зараз мне — 37 і вось куды ісьці? Няма куды ісьці. І нас шмат такіх. Хто працуе ў забойным цэху — ва ўсіх такое становішча».

Пісьмовыя звароты калектыў камбінату накіроўваў у канцэрн, у адміністрацыю Берасьцейскай вобласьці, прэзыдэнцкую адміністрацыю, аднак адказу ніадкуль не атрымалі. Дырэктар Бярозаўскага мясакамбінату Уладзімер Жуковіч падзеі на падпарадкаваным прадпрыемстве пракамэнтаваць таксама адмовіўся:

«Я інтэрвію нікому па тэлефоне не даю. Калі хочаце, то прыяжджайце. Усяго добрага, да пабачэньня».

Крыніца: Радыё Свабода

Тэги