Настроить, Войти
Пацыенты туберкулёзнай бальніцы рыхтуюцца да новай галадоўкі
автор гость, дата 2008-02-21 23:20, textile, связано с: Гражданское неповиновение

Пацыенты Рэспубліканскай тубэркулёзнай бальніцы «Наваельня» (Дзятлаўскі раён, Гарадзеншчына) абяцаюць распачаць новую галадоўку і зьвярнуцца па дапамогу ў недзяржаўныя і замежныя арганізацыі.

«Просім дапамогі ў прэсы, у вашай газэты, бо нам больш няма да каго зьвярнуцца — дзяржава ад нас адгарадзілася бэтонным плотам» — з такімі словамі чарговы раз у рэдакцыю зьвярнуліся пацыенты РТБ «Наваельня». Хворыя паведамілі, што ў хуткім часе гатовыя ізноў распачаць акцыю пратэсту: «Мы гатовыя перакрыць дарогу, каб на нас нарэшце зьвярнулі ўвагу. На дзяржаўныя структуры надзеі няма, будзем зьвяртацца ў недзяржаўныя ды замежныя». Паводле словаў пацыентаў, хворых ужо падтрымалі прадстаўнікі апазыцыйных партый і рухаў. Патрабаваньні ў хворых ранейшыя — стварыць магчымасьць для прагулак у лесе, даць магчымасьць купляць неабходнае ў краме, а таксама наладзіць нармальнае харчаваньне ў сталоўцы.

На афіцыйным сайце бальніцы паведамляецца, што «з улікам шматлікіх зваротаў насельніцтва г.п. Наваельня, Міністэрства аховы здароўя прыняло шэраг дадатковых мераў, накіраваных на выключэньне выхаду за тэрыторыю лекавай установы: цяпер скончана будаўніцтва прахадной, асноўнай часткі бэтоннай агароджы вакол тэрыторыі, адчынена аддзяленьне для прымусовага лячэньня на 30 ложкаў, праводзяцца мерапрыемствы па ўсталяваньні сыстэмы відэанагляду на ўсёй тэрыторыі бальніцы».

Галоўны ўрач РТБ Мечаслаў Доўгань ад камэнтароў адмовіўся: «У мяне на гэты конт распараджэньні зь міністэрства — з усімі пытаньнямі, зьвязанымі з падзеямі ў бальніцы, адсылаць да кіраўніцтва НДІ пульманалёгіі і фтызіятрыі».

Дырэктар НДІ Генадзь Гурэвіч адказаў, што пісаць у дадзеным выпадку няма пра што: «Адабралі ў некаторых зь іх магчымасьць піць гарэлку». Генадзь Львовіч запэўніў, што ўсё ў «Наваельні» нармальна, у чым ён сам неаднакроць пераканаўся.

Паводле: http://www.nn.by/index.php?c=ar&i=15238