11 красавіка, у пятніцу, у Менску адбылася вечарына на вольным паветры, прымеркаваная да дэцэнтралізаваных дзён дзеяння ў падтрымку сквотаў і аўтаномных месцаў. Удзельнікі мерапрыемства распалажыліся ў зялёнай зоне, на беразе Свіслачы.
З вялікіх кардонных скрынак быў збудаваны "сквотэрскі домік" памерам прыкладна 2х2х2 м. У ім можна было пакідаць рэчы, звонку яго аздобілі трафарэтамі адпаведнага кірунку. На сценках бліжэйшай распранальні распалажылася выстава фотаздымкаў сквотаў і сацыяльных цэнтраў. Мелі месца дыстра з дыскамі і зінамі і "халяўная скрынка" (freebox), у якой можна было ўзяць кнігу, касету, налепку ці плакат зусім дармова.
Распачалася праграма дыскусіяй пра сучасны стан еўрапейскіх сквотаў. Пасля грунтоўных тэарэтычных уводзінаў наведнікі вечарыны падсілкаваліся веганскімі бургерамі і кампотам, прынесенымі Удзельнікамі ініцыятывы "Ежа замест бомбаў". Тэмп адпачынку задавала самба-банда (лібертарны калектыў бубначак і бубначоў). Пакуль "самбісты" дагруквалі свае рытмы, тэатралы паказалі непрацяглы перфоманс пра вясновых птушак.
Вялікую ўвагу прыцягнулі выступленні менскага клуба бразільскай народнай барацьбы капоэйра, якія адбываліся пад бразільскую жывую музыку. Завяршыўся вечар агнявым прадстаўленнем.
Прысутнічала каля 70 чалавек. Перыядычна да "сваіх" гледачоў далучаліся выпадковыя відавочцы з ліку тых, што цывільна адпачывалі. Вельмі прыемна, што амаль усе пагалоўна прыйшлі цвярозымі і ўсе без выключэння паводзілі сябе адэкватна. Надзвычайна пашчасціла з надвор'ем, калі пасярод дажджоў надарылася цёплае і сонечнае "вакно".