Як ужо паведамляла беларуская індымэдыя, 1-2 траўня 2008 г. ў Кіеве прайшоў Украінскі сацыяльны форум, на якім прысутнічала і невялічкая дэлегацыя зь Беларусі.
Раніцай 1 траўня адбыліся супольная дэманстрацыя анархістаў і новых левых па Хрэшчатыку і прылеглых вуліцах і мітынг каля помніку Івану Франко. Вулічная акцыя набрала каля 100 удзельнікаў. Трэба сказаць, што 1 траўня ў цэнтры Кіева прайшло некалькі разнамастых шэсьцяў, у тым ліку сталінісцкай "Камуністычнай" партыі Украіны і нацыстаў з Украінскай нацыянал-працоўнай партыі.
Паколькі існавала небясьпека нападу бонаў, ад помніка Франка да метро пайшлі гуртам. Большай часткай дэманстранты сталі ўдзельнікамі сацфорума.
Форум праходзіў у невялікім палацы культуры. У зале паседжаньняў вёўся абмен літаратурай. З цікавостак варта адзначыць газэту "Анархия", якая выдаецца Рэвалюцыйнай канфэдэрацыяй анарха-сіндыкалістых (РКАС) імя Н.І. Махно. Пасля працяглага перапынку заснаванае ў 1993 г. выданьне адноўлена сіламі моладзі, што ўлілася ў канфэдэрацыю.
Пасьля прывітаньня дэлегатаў ад розных арганізацый, з розных рэгіёнаў і гасьцей зь некалькіх краін пачалася праца першай сэкцыі - прафсаюзнай. Вопытам барацьбы і сваім аналізам сытуацыі падзяліліся некалькі прафсаюзных актывістаў. Асабліва калярытным быў Уладзімір Дзям'ян зь незалежнага прафсаюзу гандлёвай сеткі "Metro Cash&Carry", нядаўна дзякуючы салідарнасьці калег адноўлены на працы. Сытуацыя цяжкая, незалежных прафсаюзаў вобмаль, тым не меней рабочы рух зараз на пад'ёме. Зьяўляюцца новыя суполкі; ёсьць некаторае спадзяваньне і на зьмены ў "жоўтых" прафсаюзах дзякуючы нізавой актыўнасьці іх сябраў.
Паралельна з прафсаюзнай у закрытым рэжыме прайшла антыфашыстоўская сэкцыя. Былі абмеркаваныя пытаньні міжгарадзкой каардынацыі і мэдыйнай работы.
На вольным паветры адбыліся даклады-прэзэнтацыі кіеўскіх культурніцкіх праектаў. Пра сябе распавялі: - Група мастакоў "Р.Э.П." (сёе-тое пра іх бурную дзейнасьць можна знайсьці тут: http://xz.gif.ru/numbers/65-66/kadan/). - Літаратурны інтэрнэт-часопіс «ПРОSTORY», арыентаваны на мастацкі пераклад і абмеркаваньне літаратуры ў шырокім сацыяльным кантэксце (prostory.net.ua). - Група пэрфомэраў "Авангард", якая рабіла правакатыўныя акцыі, разьлічаныя на студэнцкае асяродзьдзе. - Самвыдаў-часопіс "Йадъ - це корисно", трэці нумар якога нядаўна выйшаў і распаўсюджваўся на форуме (гл. http://www.jad-zine.org.ua/). - І некаторыя іншыя.
У адкрытай частцы антыфашыстоўскай сэкцыі прагучаў даклад дэлегата зь Вялікай Брытаніі, прадстаўніка Камуністычнай партыі працоўных Курдыстану (http://www.hkkurdistan.org/) і Міжнароднай фэдэрацыі ўцекачоў зь Іраку (http://www.csdiraq.com/). Таварыш крытыкаваў уціск правоў чалавека ў Іраку і гвалтоўную дэпартацыю ўцекачоў дзяржавамі Заходняй Эўропы ў Ірак як "бясьпечную краіну".
Завяршыла першы дзень дыскусія пра гендэрныя праблемы. На жаль, як выступоўцы з залі, так і мадэратаркі прадэманстравалі сваё недалёкае разуменьне праблемы і (або) нежаданьне сур'ёзна яе абмяркоўваць.
У другі дзень працы форуму антыфашыстоўская сэкцыя працягвалася дакладам маскоўскага адваката Станіслава Маркелава пра актуальны стан са злачынствамі нацыстаў у Расіі і процідзеяньню ім. Была прадстаўлена брашура "Антифа. Правовой фронт", выдадзеная нядаўна "Институтом верховенства права" (http://ruleoflaw.ru).
Экалягісцкая частка форуму была троху скамканая з-за недахопу часу. Паўнавартасна прагучаў толькі даклад пра Глябальную дамову ААН як інструмэнт ціску на карпарацыі, якія зьнішчаюць прыроду. Многія транснацыянальныя карпарацыі добраахвотна падпісалі гэты дакумэнт (у мэтах паляпшэньня свайго выгляду ў вачах грамадзкасьці, як PR-ход), а цяпер яго не выконваюць. Вось жа, прымусіць яго выконваць адносна нескладана (прынамсі, у краінах Эўропы). Нават ва Ўсходняй Эўропе карпарацыі баяцца апрылюдненьня сваёй антычалавечай палітыкі і дзеля піяру гатовыя пакінуць самыя нахабныя праекты нерэалізаванымі. Падрабязьней пра дамову можна даведацца тут (http://www.un.org/russian/partners/unglobalcompact/index.html) ці тут (http://www.unglobalcompact.org/Languages/russian/index.html) Існуе і спіс карпарацый, якія яе падпісалі (http://www.unglobalcompact.org/ParticipantsAndStakeholders/index.html). Прыемная акалічнасьць: калі галаўная кампанія падпісала дамову, то яе дзеяньне распаўсюджваецца на ўсе філіялы і аддзяленьні, у тым ліку беларускія. Украінскі офіс ААН мае ў сваім складзе дэпартамэнт Глябальнай дамовы (http://www.globalcompact.org.ua/ua).
Завяршыўся форум анарха-шансон канцэртам. Першым выступаў гурт "Политзек", які гэтым разам выступаў у складзе аднаго чалавека. Як выразіўся саліст, "в группе играем я, гитара и моё самомнение". Заля падпявала куплеты добра знаёмых песень. Надзвычайна прыхільную рэакцыю выклікала антыфа-балада. Пасьля Лёша Чыканас пазнаёміў украінскую публіку зь беларускім агра-шансонам.
Надзвычай плённымі былі кулюарныя размовы і нефармальныя сустрэчы, на якія быў багаты форум. Варта адзначыць. што колькасьць п'яных у параўнаньні з БСФ была ніжэйшай, але бухараўцы ўсё адно заміналі...
Тэксты дакладаў павінны зьявіцца на http://usf.in.ua/
Зьвяртаю ўвагу чытачоў: праца сайтаў "Ліва справа" ды УСФ была прыпыненая хакерскай атакай. Напярэдадні на нацысцкіх форумах вялося абмеркаваньне таго, "як бы нам заваліць сайты левых", але знаўцы лічаць, што "падарунак на 1 траўня" арганізавала Служба бясьпекі Украіны, занадта "акуратна" ўсё было зроблена, дый мова камэнтараў на форумах была празьмерна літаратурная.