Настроить, Войти
Аляксей Шыдлоўскі: Дзёньнік азылянта, альбо Ўцёкі ў нікуды
автор гость, дата 2008-05-13 23:00, комментариев: 1, связано с: Взаимопомощь

Піша былы палітвязень Аляксей Шыдлоўскі, які папрасіў палітычнага прытулку ў Чэхіі і атрымаў адмову.

http://nn.by/index.php?c=ar&i=17046

Падзеі апошніх пяці месяцаў кардынальна зьмянілі прыярытэты ў маім жыцьці. За гэты час, які падаецца мне ня месяцамі, а доўгімі гадамі, я пасьпеў даведацца пра асабістасьці людзкога характару больш, чым у турме, чым у падпольлі, чым за ўсё папярэдняе існаваньне.

Ніколі раней ня думаў пра тое, як атрымліваюць палітычны прытулак уцекачы зь Беларусі. Амаль не дапускаў, што на такі ўчынак магу пайсьці сам. Але калі пры канцы мінулага году лёс паставіў гэтае пытаньне, рашэньне было на карысьць ад’езду. Ці слушна я зрабіў, ня вырашыў для сябе дагэтуль.

Падобная сытуацыя можа здарыцца з кожным. І гэтыя радкі пішуцца, каб людзі не рабілі тых памылак, што нарабіў я.

Памылка першая

5 сьнежня мінулага году ў пераходзе мэтро “Пушкінская”, у крамцы з кніжкамі, дыскамі, я паспрачаўся з прадаўцом. Мне не спадабалася, што паліцу з дыскамі закрывае партрэт Лукашэнкі, які замінае аглядаць тавар. Мае заўвагі былі ўспрынятыя ў штыхі, на што, верагодна, паўплывалі значкі ў мяне на заплечніку. Мне давялося партрэт проста прыбраць, каб не замінаў. Гэты мой учынак, верагодна, чакаўся, таму што праз сэкунду ж мяне ўзялі за грудкі той работнік крамы і нейкі хлопец у штацкім ды пачалі, падлупцоўваючы, выкідаць за дзьверы.

За апошні год у мяне здарылася столькі непрыемных сустрэч з падобнымі люмпэнізаванымі асобамі, частка зь якіх аказвалася супрацоўнікамі службаў, што нэрвы мае не стрывалі. Я чалавек не слабы, то тых абодвух зь лёгкасьцю адкінуў прэч ад сябе і паспрабаваў сысьці. Але са сьпіны падбег яшчэ нехта, мяне стукнулі бутэлькай па галаве ды пачалі зьбіваць. Усё, на што мяне хапіла, гэта некалькі разоў добра трапіць камусьці ў пысу, перш як страціць прытомнасьць.

Ачуняўшы, зразумеў, што знаходжуся ў пастарунку. Міліцыянты зь цікавасьцю глядзелі на мой скрываўлены твар ды расьсечаную галаву. Пацікавіліся, ці трэба мне хуткая. Я сказаў, што абыдуся. Маіх спарынг-партнэраў ніхто затрымліваць і не зьбіраўся. Нехта адразу паехаў дадому зь места здарэньня, нехта пайшоў да доктара ўзяць даведку пра сінякі. Мяне распыталі пра інцыдэнт і, перапісаўшы пашпартныя зьвесткі, прапанавалі таксама ісьці дадому. Было і пытаньне, ці не жадаю я напісаць заяву з просьбай узбудзіць крымінальную справу на маіх апанэнтаў. Мяркуючы, што ўсё ўжо і так вырашылася, я адказаў адмоўна.

Як пасьля патлумачыла адвакатка, гэта звычайны фатальны крок. У беларускай юрыспрудэнцыі заўсёды вінаваты той, хто заяву не напісаў альбо напісаў другім. Што праўда, іншы бок таксама ня думаў рабіць нічога падобнага, пакуль, праз суткі, мае пашпартныя зьвесткі не дайшлі да верху і да «пацярпелых» не прыехалі патрэбныя людзі з тлумачэньнямі, што заяву напісаць варта, проста каб не было праблем.

Праз тры дні, адлежваючыся на канапе ды ходзячы на працэдуры да лекара, які зафіксаваў у мяне страсеньне мазгоў, расьсечаную галаву ды яшчэ шмат дробных пашкоджаньняў, я атрымаў нечаканую прапанову сустрэцца ад чалавека, якога амаль ня ведаў...

За 2007 год я тройчы адбываў адміністрацыйныя арышты паводле звычайнага для актывістаў апазыцыі абвінавачаньня ў бруднай лаянцы. Арыштаў магло быць як мінімум пяць, калі б ня добрыя знаёмыя. Калі да іх даходзіла інфармацыя пра «адлоў» апазыцыянэраў і я быў у гэтым сьпісе, мяне папярэджвалі. Толькі дзякуючы гэтаму я трапіў на «Эўрапейскі марш» і некаторыя іншыя мерапрыемствы. Даводзілася па тыдні і болей адседжвацца ў ціхім месцы, не выходзячы на вуліцу, але лепш там, чым на Акрэсьціна.

Я сустрэўся з гэтым знаёмцам. Ён паведаміў мне, што супраць мяне неўзабаве ўзбудзяць крымінальную справу паводле арт.339.3 «Злоснае хуліганства з нанясеньнем цялесных пашкоджаньняў» і я буду арыштаваны...

Ад’езд у нікуды

На роздум было менш за двое сутак: субота і нядзеля. Я вырашыў паехаць у крыху знаёмы мне Кіеў і перачакаць там. Тут варта сказаць асаблівы дзякуй супрацоўнікам «Хартыі’97», якія добра мне дапамаглі фінансава. Бяз гэтай дапамогі я цяпер дакладна не пісаў бы гэтых радкоў, таму што сродкаў на ад’езд з Радзімы на той час у мяне проста не было.

Выдатна разумеючы, што на ўкраінска-беларускай мяжы могуць затрымаць, квіток узяў да Масквы. Цягнік адпраўляўся а трэцяй ночы. Цяжка перадаць, зь якім болем, тугой і сьлязьмі прайшло разьвітаньне з жонкай, роднай хатай. Пасьля, ужо ў цягніку, балюча было назіраць, як я ўсё далей ад’яжджаю ад роднага места і накіроўваюся ў невядомасьць.

Масква ўразіла колькасьцю міліцыянтаў, якія чатыры разы за чатыры гадзіны праверылі ў мяне дакумэнты, і азэрбайджанцаў з малдаванамі, акрамя якіх у вакзальных зонах, здаецца, больш ніхто і не працаваў. Узяў квіток да Кіева на кішынёўскі цягнік і накіраваўся ва Ўкраіну.

Кіеў. Два месяцы чаканьня

Знаёмых у Кіеве я ня меў, але меў надзею, што ўдасца зьняць кватэру. Выявілася, што жытло ў Кіеве зьняць можна толькі праз агенцыю. І каштуюць аднапакаёўкі $500—800 даляраў. Першую ноч правёў на вакзале. З расьсечанаю галавою спаць на плястыкавым крэсьле зусім нязручна. Зранку празь Менск пачаў шукаць знаёмых у Кіеве, у якіх можна было б перакантавацца.

Па абедзе ўдалося. Стас Карашчанка, разам зь якім мы не адзін раён у свой час заляпілі стыкерамі, жыве ў Кіеве зь дзяўчынай у яе кватэры ды працуе на будоўлі. У іх я правёў некалькі дзён, пакуль канчаткова не зразумеў, што таннай кватэры не знайсьці, і ня зьнізіў сваіх патрабаваньняў, арандаваўшы пакой за 250 даляраў у трохпакаёўцы, у якой жылі яшчэ чатыры чалавекі.

Паспрабаваў пайсьці да Стаса на будоўлю, дзе ён атрымоўваў 400 даляраў за месяц, але хутка зразумеў, што не акрыяўшы — не пацягну. Адлупцавалі мяне добра.

У Менску тым часам сьледчы яшчэ не перавёў мяне з падазраванага ў абвінавачаныя, таму дробная надзея, што ўсё абыдзецца, заставалася. Вывучаючы Кіеў ды чакаючы зьвестак з Радзімы, я сустрэў Каляды, затым Новы год. Пасьля прыйшла вестка пра тое, што я цяпер у вышуку ў Беларусі і пагражае мне ад трох да дзесяці гадоў.

Кіеўскія праваабаронцы паведамілі, што атрымаць прытулак тут для беларуса амаль немагчыма, і я вырашыў скіравацца на Захад. Тым больш, жывучы ў Кіеве ня ў якасьці турыста, а паўнавартаснага жыхара, заўважыў, што ўзровень жыцьця тут не дацягвае да менскага, ня кажучы ўжо пра рэгіёны, дзе ўвогуле развал і безграшоўе. Мне ж, улічваючы нелегальны статус, не было на што разьлічваць.

Мы з жонкаю вырашылі абраць для далейшага пражываньня Чэхію. Прычын было некалькі, але асноўнай сталі цэны на жытло. Прадаўшы менскую аднапакаёўку, можна было б набыць, прыкладам, у паўночнай Чэхіі тры трохпакаёўкі ў невялікіх гарадах каля нямецкай мяжы.

Вырашылі, што спачатку ў ЭС палячу я адзін, а Марына далучыцца, як атрымаю статус уцекача.

Праблема ўзялася, адкуль не чакаў. Шчыра спадзеючыся на дапамогу беларускай апазыцыйнай эліты ў атрыманьні чэскай візы, я атрымаў поўны аблом. Выявілася, што пасьля таго, як ты зьехаў з краіны, на ўсе твае мінулыя справы забываюцца амаль і нікога ты ўжо не цікавіш. Каб жа я застаўся і сеў за краты, сытуацыя безумоўна была б зусім іншая, і стаўленьне да мяне таксама. Абсалютна не распрацаваны мэханізм дапамогі людзям, з волі лёсу вымушаным зьехаць з краіны.

Зімовымі вечарамі я бадзяўся па малазнаёмым горадзе, не знаходзячы сабе месца. Усе думкі былі зьвязаныя з роднай краінай. Доўгі час адарваны ад яе, я зразумеў, што няма лепей за Беларусь, нягледзячы на ўсё, што там робіцца, і што эміграцыя — гэта вельмі цяжка. Не лягчэй, чым турма.

Мне пашэнціла сустрэць у Кіеве групку беларусаў, якія тут працуюць і дзеля гэтага кожныя тры месяцы фармальна перасякаюць мяжу. Беларусам ва Ўкраіне можна знаходзіцца 90 дзён, пасьля чаго трэба хоць бы на гадзіну пакінуць краіну. Яны, а таксама былы дэпутат Уладзімер Кудзінаў, зь якім мы разам тапталі зону ў канцы 90-х, моцна мне дапамаглі. Хто фінансава, а хто яшчэ нейкім чынам ці парадай.

Да Кудзінава ў Севастопаль я заехаў пагасьціць, зрабіўшы яшчэ адну стрэлачку на мапе Эўропы, якую пачаў крэсьліць маршрутамі свайго перасоўваньня ад дня ад’езду зь Менску. Візу вырашылі спрабаваць дастаць разам. Давялося зрабіць некалькі ліпавых дакумэнтаў пра тое, што я працую ў Кіеве на запрашэньне ўкраінскага боку і маё знаходжаньне тут цалкам легальнае. Праз турфірму, якая за тое, што я беларус, таксама ўзяла хабар (гэтую краіну зьнішчыць карупцыя), я набыў тур выходнага дня ў Прагу. І 3 лютага а 6-й раніцы вылецеў з аэрапорту Барыспаль. Хто ж ведаў, што ў гэты самы аэрапорт я вярнуся праз 45 дзён...

Прага. Два дні ў свабоднай Эўропе

Ляцеў я ў Чэхію з валізай, рэштай грошай ды сьпісам кантактаў беларусаў, што атрымалі там прытулак. І яны не падвялі. Сяргей Скаруліс, брат-нябожчык якога Арсень, бараніў мяне як адвакат, калі я ішоў па першай крыміналцы ў 97-м, сустрэў мяне. Тутэйшыя беларусы запэўнілі што ўжо празь месяц-другі будзем разам піць чэскае піва, бо ў чалавека з такой біяграфіяй, як у мяне, праблемаў з атрыманьнем статусу ня будзе. Раніцай 5 лютага я сеў на аўтобус да Астравы ды накіраваўся ў прыёмны цэнтар для ўцекачоў «Вышні льготы» прасіць азылю...

Людзі на азылі

На КПП азылянскага лягеру з майго прыходу ніхто не зьдзівіўся. Выявілася, што прыяжджаюць сюды кожны дзень па некалькі чалавек розных нацыянальнасьцяў. У кожнага свае прычыны для такога кроку, але рэальна палітычных прычын амаль ні ў каго там няма.

На ўваходзе вы праходзіце ўсе фармальнасьці: фота фас-профіль, адбіткі пальцаў, вас абшукваюць і забіраюць усе прадметы, якія могуць нашкодзіць здароўю. А таксама сродкі сувязі, у тым ліку мабільнік. Калі яго ў мяне апісалі, я зразумеў, што згубіў магчымасьць уплываць на сытуацыю, і засталося толькі чакаць, калі мяне выпусьцяць зь лягеру.

А знаходзяцца ў ім людзі ад месяца да чатырох у залежнасьці ад таго, ці была ў цябе чэская віза ды наагул пашпарт. Тых, хто дакумэнтаў ня меў, адразу папярэджваюць, што сядзець яны тут будуць па максымуме, 120 дзён. У вашых інтарэсах заключыць дамову з чэскім адвакатам і скантактавацца з праваабаронцамі да таго, як трапіце ў лягер. Пасьля зрабіць гэта ніхто не дазволіць. А бяз праўніка вы ня будзеце мець уяўленьня, што з вашай справай дзеецца цяпер...

Пры першым азнаямленьні зь лягерам я зьдзіўлена ўбачыў, што ён ня розьніцца ні вонкава, ні ўмовамі ад калёніі ўзмоцненага рэжыму ў Менску пры вуліцы Кальварыйскай. Той жа плот з калючым дротам, паліцыя з сабакамі на ахове, такія ж баракі і двух’ярусныя жалезныя нары. Па «азылі», што праўда, можна больш вольна рухацца, але ж ён спрэс абсталяваны сыстэмай відэанагляду, і кожны крок ваш бачаць. На тэрыторыі лягеру маецца некалькі мужчынскіх баракаў і адзін сямейна-жаночы. Таксама ў зьмяшанай зоне ёсьць бібліятэка зь невялікай колькасьцю кніг на розных мовах, сталоўка, пляцоўкі для валейболу і настольнага тэнісу. Пагадзінны рэжым у лягеры адсутнічае, таму спаць можна і днём, а ў тэніс гуляць хоць уначы. Але тры праверкі на дзень сумешчаныя з прыёмам ежы не даюць расслабіцца. Ранішнія «шмоны» з раскіданьнем рэчаў ды пераварочваньнем пасьцелі таксама нагадваюць, што ты ня ў лягеры для адпачынку.

У першыя суткі мяне зьмясьцілі ў карантын, дзе я чакаў разьмеркаваньня ў пакой-камэру паводле нацыянальнай прыкметы. Са мной у карантыне быў высокі альбанец. Паразмаўляць зь ім ня выйшла. Ён не валодаў ангельскай, а я — нямецкай. Яшчэ ў карантыне афіцэр паліцыі ў справах мігрантаў і перакладчык зладзілі сумоўе пра прычыны, якія мяне вымусілі зьехаць зь Беларусі. Тая чэшка абсалютна не валодала сытуацыяй у Беларусі. Ёй нічога не сказалі прозьвішчы ні Казуліна, ні Мілінкевіча, ні назвы партый і грамадзкіх рухаў. Затое яна выдатна ведала, што «ў вас прэзыдэнт пайшоў на перамовы з апазыцыяй, і ўсё ня так ужо і дрэнна». Зьдзівіла яе тое, што я ведаў беларускую мову, якой перакладчыца Ірына не разумела яе абсалютна. Са словаў афіцэркі, у яе было меркаваньне, што ў Беларусі ўсе гавораць па-расейску і лічаць сябе расейцамі.

6 лютага мне выдалі асабісты нумар, які загадалі заўсёды насіць з сабою. Пасьля доўгіх роздумаў мяне пасялілі разам з украінцамі, бо, «нягледзячы на тое, што я беларус, прыляцеў жа я з Кіева».

Калі б я меў грошай больш як дзьвесьце даляраў у эквіваленце, то вымушаны быў бы плаціць за пражываньне ў лягеры са сваёй кішэні каля 150 даляраў за месяц. Зь меншай сумы вылічваць яны ня маюць права.

Харчаваньне ў лягеры тры разы на дзень: не сказаць каб нясмачнае, але замала для здаровага чалавека. За месяц азылянты скідалі па 5—10 кг, калі ня мелі магчымасьці харчавацца дадаткова зь міні-крамы на тэрыторыі лягеру. Харчаваньне ў сталоўцы на аснове чэскай кухні. Ня ўсім яна даспадобы. І калі наш брат-славянін еў збольшага тое, што давалі, моўчкі, дык прадстаўнікі Азіі ды Афрыкі амаль усё дэманстратыўна выкідалі. Харчаваліся яны ў асноўным чыпсамі ды колай з крамы, яшчэ азіяты круглыя суткі смажылі селядзец з капустай.

Беларусаў там няшмат, як і расейцаў. Беласкурыя там у асноўным гастарбайтэры з Украіны, Альбаніі, Сэрбіі, Македоніі і Турэччыны.

Нашых было разам са мной восем чалавек. Адзін сапраўды палітычны уцякач — Алесь Зінькевіч, сябар партыі БНФ з Полацку. Астатнія — маладыя хлопцы, якія яшчэ на пачатку стагодзьдзя прыехалі сюды нелегальна, у пошуках лепшае долі. Давялося доўга ім распавядаць пра беларускую рэчаіснасьць, бо самі яны ня ведалі нічога.

Прыкладна палова насельнікаў лягеру — дробныя, але вельмі шумныя віетнамцы, якія ўвесь час ходзяць табарамі па дзесяць-пятнаццаць чалавек ды не даюць адзін аднаго ў крыўду. Наяўнасьць такой колькасьці нацыянальнасьцяў дае ўрадлівую глебу для канфліктаў. Там, дзе беларус з украінцам паразумеліся б, турак зь нігерыйцам абавязкова дадуць пару разоў адзін аднаму ў пысу. Болей не пасьпявалі, бо прыбягалі паліцэйскія і забіралі вінаватых ва ўнутраны пастарунак. Там ім выпісваўся штраф 60—120 даляраў.

Ёсьць у лягеры і свой карцэр. Такія меры вымушалі многіх стрымлівацца тады, калі ўжо, здавалася, іншага выйсьця няма. Прыкладам, пры праглядзе футбольнага матчу цемнаскуры хлопец мог проста падыйсьці ды пераключыць на MTV і пасьля гэтага з выклікам зірнуць на ўсіх прысутных. Калі ў кагось не хапала волі ўзяць яго за шчэлепы ды трохі патрэсьці, MTV ішло і надалей. Мовы ва ўсіх розныя, таму вэрбальна паразумецца магчымасьці не было.

Асноўная маса азылянтаў — нелегалы, якія прыехалі ў ЭЗ працаваць, але былі адлоўленыя паліцыяй па міграцыі, і ім нічога не заставалася, як прасіць прытулак, каб застацца ў Чэхіі. Прычыны прыдумвалі абсурдныя, кшталту «я дома пазычыў грошай, а вярнуць няма чым». Тыя ж, хто казаў пра палітычныя матывы, звычайна не арыентаваліся ў сытуацыі ў сваёй краіне, і іх хутка выводзілі на чыстую ваду.

Так ішоў дзень за днём. Людзей выклікалі на размовы, пасьля давалі адмовы ў статусе, яны пісалі апэляцыю ў суд, тады іх пераводзілі ў лягер вольнага тыпу да рашэньня, якое магло быць вынесенае толькі праз год. Увесь гэты час гастарбайтэры зацята працуюць на будоўлях, а калі прыходзіць паўторная адмова, зноў ідуць здавацца на азыль, прыдумляючы іншую прычыну.

Мяне ж ніхто і нікуды не выклікаў. Пазьней патрапіў набыць тэлефонную картку, ды з аўтамата, што на тэрыторыі лягеру, раз-пораз званіў у Менск, даючы аб сабе знаць. Толькі аўтамат праслухоўваўся, і кожны раз, калі я спрабаваў распавесьці пра ўмовы ўтрыманьня ў лягеры, сувязь разьядноўвалася.

Нарэшце, на чацьверты тыдзень, калі зь лягеру ўжо адпусьцілі людзей, якія заехалі туды да мяне, і пасьля мяне, я пачаў разумець, што нешта ня так. Высьветліў, што чалавек, які працуе ў адной з праваабарончых арганізацыяў Чэхіі і якога я прасіў паведаміць тым самым праваабаронцам пра мой прыезд, не зрабіў гэтага. Наўмысна ці па дурасьці, я ня ведаю. Калі жонка здолела сама знайсьці іх кантакты ды паведаміць пра мяне, яны былі шакаваныя і паспрабавалі нечым дапамагчы, але было ўжо запозна.

Некалькі разоў на тыдзень, па начах, калі ўсе спалі ў сваіх пакоях, зь лягеру зьнікалі людзі. «Сукамэрнікі» распавядалі, што за імі прыходзіў нарад паліцыі, надзяваў на рукі кайданкі ды кудысьці вывозіў. Аднойчы так зьнік альбанец, зь якім я разам трапіў у лягер...

Ізноў кайданкі

18 сакавіка а трэцяй ночы ў пакой увайшлі прадстаўнікі паліцыі ў справах мігрантаў ды паліцыі звычайнай. Мне загадалі сабраць рэчы і надзелі кайданкі. Думаў, што мяне, напэўна, высылаюць у Беларусь, дзе чакаюць доўгія гады ўдумлівага таптаньня зоны строгага рэжыму. Ужо па-за лягерам мне патлумачылі тое, пра што мяне не папярэджваў ніводзін праваабаронца. Згодна з дублінскім пагадненьнем, у Эўрапейскім Саюзе пры наяўнасьці некалькіх дзейсных віз адказнасьць за палітуцекача можа несьці тая краіна, якая выдала больш доўгатэрміновую візу. Такая на момант прылёту ў Чэхію ў мяне была — літоўская. Праўда, не шэнгенская, а нацыянальная, але гэта ня мела значэньня.

Чэхі не абавязаны былі мяне высылаць, і калі б мясцовыя палітыкі, якія сябруюць зь беларускай апазыцыяй, даведаліся пра мяне раней, ніхто б мяне нікуды ня выслаў і цяпер я знаходзіўся б у Празе ўжо, хутчэй за ўсё, са статусам палітуцекача. Але гэтага не адбылося, і, праседзеўшы дзевяць гадзін у кайданках, я на паліцэйскім аўто быў дастаўлены ў аэрапорт. Людзі навокал азіраліся на мяне як на сапраўднага злачынцу, ускудлачаны (узялі з ложку), у кайданках, з трыма паліцэйскімі, я выглядаў, як злодзей з галівудзкіх фільмаў. У аэрапорце мне яшчэ раз паведамілі, што я дэпартуюся ў Літву, дзе пра мяне ведаюць і маю справу будуць разглядаць там. Са мною паляцелі двое чэскіх «рэмба» ў цывільным, якія не давалі зрабіць кроку ўбок. І, нягледзячы на тое, што я ніякіх законаў у іх краіне не парушаў, увесь час тычкамі давалі мне зразумець, што я, на іх погляд, жудасны злачынца, ад якога яны ратуюць свой народ.

Літва. Мы не чакалі вас...

“Боінг-737” пайшоў на пасадку ў Вільні. Паліцэйскія высадзілі мяне з самалёта, а самі засталіся ў ім чакаць зваротнага рэйсу. Я ўвайшоў у тэрмінал і высьветліў, што пра мяне там ніхто ня чуў і не чакае. Літоўскія памежнікі былі зьдзіўленыя, чаму беларуса дэпартавалі з Прагі ў Вільню, а ня ў Менск. І ніхто там ня чуў пра тое дублінскае пагадненьне.

На маё шчасьце, жанчына, якую адкамандзіравалі высьвятляць маю сытуацыю, ва ўсім разабралася. Разам з тым і на тэрыторыю Літвы мяне ніхто не пускаў, бо, калі падчас здачы на чэскі азыль літоўская віза ў мяне была яшчэ дзейснаю, то на момант прылёту ў Вільню — ужо пратэрмінаванай. Калі б я папрасіў літоўскі азыль у тэрмінале аэрапорту, я б, як нелегал, мусіў бы адседзець да шасьці месяцаў у ізалятары, перш як у маёй справе пачаліся б зрухі. Мне прапанавалі адпраўку назад, у краіну, зь якой я прыляцеў у ЭС. Гэта значыць — ва Ўкраіну. Стомлены ад лягеру і няпэўнасьці, пад пагрозай яшчэ шасьці месяцаў ізалятара, я пагадзіўся. І назаўтра быў пасаджаны ў чарговы самалёт.

Пралятаючы над Беларусьсю, вакол якой ужо зрабіў поўнае кола, я думаў, што яна, як магніт, прыцягвае сваіх сыноў, і, відаць, мне аніяк не пазьбегнуць хуткай зь ёй сустрэчы.

Ізноў Кіеў

19 сакавіка ў аэрапорце «Барыспаль» мяне сустрэлі кіеўскія сябры ды некаторыя беларусы, якія адседжваліся ў Кіеве напярэдадні Дня Волі. Мае расповеды іх шакавалі. Тым больш што сытуацыя, у якой я апынуўся, стала вельмі падобнай да патавай. Праз тыдзень зь Менску пераехала жонка. Мы здолелі знайсьці кватэру за 500 даляраў, якую зьнялі да лета, у надзеі, што за гэты час зьявіцца праца ды нейкая пэрспэктыва зноў трапіць у Чэхію. Але час працаваў не на нас.

Атрымаць паўторна чэскую візу вельмі цяжка. Да таго ж, ніхто так і ня здолеў даць дакладнай кансультацыі, што будзе, калі я зноў прылячу ў Чэхію ды здамся там на азыль паўторна. Падпрацоўваючы за невялічкія грошы ў Кіеве, якіх хапае на аплату кватэры, з сумам бачым, як разам з апошнімі фінансамі растаюць нашыя надзеі на добры фінал гэтай гісторыі. Беларусь, а разам зь ёй і турма з абрынутай вежай, становіцца ўсё бліжэйшаю. Калі не геаграфічна, дык у часе вымушанага туды вяртаньня. І ўжо адседжаныя пры канцы 90-х паўтара году здаюцца мне нязбыўнай марай у параўнаньні з тэрмінам, які чакае пры вяртаньні ў краіну...

Магчыма, шмат хто з эмігрантаў толькі пасьмяяўся б з маёй гісторыі. Вось, маўляў, небарака-ўцякач. Але камусьці, хто вырашыць пайсьці гэтым шляхам, яна, верагодна, дапаможа. У тым ліку і прыняць рашэньне, ці варта ўвогуле пакідаць радзіму. Як я казаў на пачатку, да пэўнай думкі я так і не прыйшоў.

Аляксей Шыдлоўскі, Менск—Масква—Кіеў—Прага—Вільня—Кіеў—...?

* * *

Аляксей Шыдлоўскі

Актывіст Маладога Фронту, пасьля Зубра, у 1997 упершыню трапіў у турму за графіці, прайшоў праз сумнавядомы жодзінскі «Чорны бусел».

Тэги
Комментарии
  • автор гость, дата 2008-05-14 02:48, ссылка

    подтверждение того, что никаким правительствам не нужны "проблемные" люди.. не связался во время с друзьями оппозиции - вот и не счастливый конец.. то же отсутствие прав что и у нелегальных эмигрантов. в корне - ни полиция, ни различные официальные деятели вам не помогут, если что - для них - вы такая же обуза, как и для беларуского гос-ва, хоть для последнего, ещё и враг к примеру. демократические силы что беларуси что других стран больше заботятся о собственном имидже и власти, чем о тех, кто составляет безымянные ряды их опоры..