Настроить, Войти
Спыніць хімічную атаку расейскай фірмы на Менск

Спыніць хімічную атаку расейскай фірмы на Менск

“Беларуская Салідарнасьць” публікуе інфармацыйны матэрыял па справе змаганьня жыхароў Пухавіцкага раёну супраць будаўніцтва расейскай фірмай заводу ядахімікатаў, які паступіў на наш адрас. Матэрыял варты для азнаямленьня беларускай грамадзкасці.

Паважаныя беларусы! Жыхары Пухавіцкага раёну Менскай вобласьці, што жывуць у г.п. Сьвіслач, п. Дружны, г. п. Рудзенск, вёсаках: Дукоры, Капейнае, Дрычын, Новае Сяло ды іншых, змагаюцца супраць будаўніцтва заводу па вырабу ядахімікатаў расейскай фірмай “Август”.

Пасёлак Дружны, ў якім фірма пачала будаваць завод ядахімікатаў, знаходзіцца на адлегласьці дваццаці кілёмэтраў ад Менскай кальцавой дарогі. Тэрыторыя вакол пасёлку Дружны шчыльна заселеная, акрамя населеных пунктаў (пасёлкаў і вёсак), тут шмат дачных кааператываў .

Завод па вырабу ядахімікатаў з’яўляецца вытворчасьцю першай катэгорыі небясьпекі. Ён ня можа будавацца ў густанаселеных раёнах, тым больш каля вялікіх гарадоў. Прыкладам можа быць сама фірма “Август”. Яе офіс знаходзіцца ў Маскве, а завод ядахімікатаў ёй дазволілі разьмясьціць у Чувашыі, ў зоне савецкіх ГУЛАГаў. Не далі ёй пабудаваць завод ні ў Маскоўскай вобласьці, ні ў малазаселенай Смаленшчыне, А ў Беларусі, значыць, можна будаваць у самым густанаселеным рэгіёне? Спачатку фірма спрабавала разьмясьціць гэты завод у Менскім мікрараёне Шабаны. Падключыліся вучоныя Нацыянальнай акадэміі навук, далі адмоўнае заключэньне, далі адмоўную характарыстыку фірме “Август”, як несумленнай фірме, і чыноўнікі пабаяліся пайсьці на парушэньне. Не далі дабро на будаўніцтва ў мікрараёне Шабаны. (Заключэньне вучоных дадаецца)

Цяпер, бачыце, пляцоўку для заводу ядахімікатаў адвялі ў пасёлку “Дружны”. Расейская фірма “знайшла” спэцыялістаў у Міністэрстве аховы прыроды, якія па справаздачнай экалягічнай запісцы, распрацаванай фірмай, правялі экалягічную “экспэртызу” і далі дазвол на будаўніцтва. Экспэртызу праводзіла галоўны спэцыяліст Г.М.Кошкіна. Экспэртнае заключэньне падпісалі таксама начальнік спецінспекцыі дзяржаўнай экалягічнай экспэртызы праектаў Мінпрыроды А.А.Андрэеў і галоўны спэцыяліст аддзела дзяржаўнай экалягічнай экспэртызы праектаў прамысловага будаўніцтва В.В.Каваленка.

Расейская фірма і мясцовыя “папіхачы” робяць усе , каб прапіхнуць будаўніцтва небясьпечнага заводу ядахімікатаў каля Менску.

Фірма выпускае каля сарака ядахімікатаў, а ў праекце для завода ў п. Дружны паказала толькі шэсьць, каб занізіць паказьнікі шкоднай нагрузкі на асяроддзе. Фірма мае ўласнае канструктарскае бюро і вядзе распрацоўкі розных ядахімікатаў. Кіраўніцтва фірмы расказвае, што найбольш небясьпечныя кампанэнты яна закупляе ў іншых краінах.

Трэба разумець, што маючы ўласнае КБ, яна будзе весьці распрацоўкі ўсіх кампанэнтаў і наладжваць іх вытворчасьць. Як кажуць, “пусьці толькі ў хату”. На праўдзівасьць і сумленьне расейскай фірмы разьлічваць нельга. Пра “сумленнасьць” расейскага бізнэсу вядома ўсяму сьвету.

Фірма арганізавала, як цяпер гавораць “піар”. Тут табе і забесьпячэньне чысьціні навакольля і ажно 250 рабочых месцаў з “супэрзаробкам” у 500 даляраў і сацыяльны пакет для работнікаў і інш. Фірма раскашэлілася і запрасіла менскіх журналістаў у Чувашскую глыбінку на свой завод, і яны ўжо ў газэтах пішуць, як там, у чувашскіх Вурнарах добра. Нават туды прыязджаюць жыць і папраўляюць сваё здароўе (“Беларуская ніва” за 25 сакавіка 2008 г.)

Трэба задацца пытаньнем, чаму расейцы так шчэмяцца са сваімі ядамі ў Менск? Лічым, што ім трэба прэцэдэнт. Калі гэта ім удасца, то на Беларусь пасунуцца іншыя брудныя і небясьпечныя вытворчасьці. Расейцы (саюзьнічкі і дружбаны) ператвораць Беларусь ў сьметніцу і адстойнік.

Такім чынам справа, якую вядуць жыхары Пухавіцкага раёну ў абарону свайго здароўя, тычыцца ўсіх жыхароў Менску і Беларусі.

Нельга дапусьціць будаўніцтва заводу ядахімікатаў расейскай фірмай “Август” нідзе ў Беларусі.

“Беларуская Салідарнасьць” http://www.bielarus.net/archives/2008/05/12/1403

Комментарии
  • автор гость, дата 2008-05-20 13:20, ссылка

    Пазьнякоўцы прачнуліся? ;)

    Хаця ідэя далучэньня жыхароў Менску да барацьбы жыхароў Дружнага і Свіслачы добрая.

  • автор гость, дата 2008-05-20 13:45, комментариев: 1, ссылка

    А давайце-ка выкінем на х. рэкляму ксэнафобскай палітычнай партыі з Індымэдыі. Што думаеце, таварышы мадэратары?