17-18 траўня ў Вільні адбыўся фэстываль самаробнага (Do It Yourself) друку (zine fest).
У фэстывалі прымалі ўдзел выданьні зь Вільні ды Алітуса, Менску і Маладэчна, Варшавы, Санкт-Пецярбурга. Іх амаль поўны спіс можна знайсьці на блогу фэста: http://zinefest.noblogs.org/
17 траўня мерапрыемства адбывалася каля былога Палацу культуры чыгуначнікаў і ў DIY-клюбе ХІ.20.
А 12-й нешматлікія "раннія птушкі" пачалі раскладваць літаратуру, сідушкі і гукавую сыстэму ў маленькім сквэрыку за ПК чыгуначнікаў. Трэба сказаць, што палац знакаміты тым, што ўжо шмат год прастойвае пусты, а пэўны час там існавалі сквот Kablys і знакаміты Green Club. Каля гадзіны, пакуль падцягваліся ўдзельнікі, людзі слухалі музыку, сьнедалі, гуляліся ў талерку фрысбі і абменьваліся самвыдатам. Адзначу: маладзейшыя зь нешматлікіх тубыльцаў праходзілі міма, хаця і глядзелі на мерапрыемства ва ўсе вочы. Людзі сярэдняга і сталага веку падыходзілі, цікавіліся самаробным друкам, бралі халяўныя выданьні, адзін галодны дзядзька пасьнедаў за кампанію сьціплай веганскай ежай.
Калі бальшыня ахвочых сабралася, пачалося прадстаўленьне выданьняў і праектаў. Выявілася, што літоўская зін-сцэна вельмі маленькая, дзеючых каля-панк зінаў - усяго тры, і невядома, ці існуюць якія-небудзь яшчэ. Беларускія госьці выглядалі больш прадстаўніча: шматгадовыя традыцыі менскай самвыдаў-сцэны даліся ў знакі. Шчыра кажучы, дзякуючы некаторым падцягнуўшымся студэнт(к)ам ЭГУ і колькасна беларуская дэлегацыя была ня меншая ад гаспадароў. Ад Польшчы і Расіі было ўсяго па адным выданьні, затое зіны гэтыя - неартадаксальныя для панк-хардкор сцэны, па-розныму цікавыя.
Пакуль абмяркоўвалі моўнае пытаньне, над фэстам сабраліся хмары. Пачаў нават накропваць дробны дожджык (які так і не ператварыўся ў нармальны дождж), і фэстывальнікі вырашылі схавацца ў клюб ХІ.20. У клюбе ішла рэпетыцыя і ў большасьці пакояў было шумна. У курылцы было ціха, затое холад сабачы. З-за холаду народ паціху рассасваўся, так што пры канцы засталося чалавек дзесяць, зь якіх толькі двое было мясцовых.
Што да моўнага пытаньня, то гутарылі пра выданьне па-ангельску ўсходнеэўрапейскіх зінаў. Збольшага пагадзіліся, што пры жаданьні дасягнуць вачэй замежных чытачоў сэнсоўна рабіць дзвюхмоўныя выданьні. Родная мова важная тым, што яе звычайна разумеюць суседзі. Свой фэстывальны зін вырашылі рабіць з матэрыялаў на ўсіх мовах, на якіх тыя будуць напісаны. Пасьля артыкулаў на нацыянальных мовах будуць ісьці падсумаваньні па-ангельску ці па-расійску.
Адзін віленскі таварыш - Кіпрас - троху прыпазьніўся, таму прэзэнтацыю ягоных выданьняў наладзілі пасярод абмеркаваньня. А выданьні яшчэ тыя: мастацкі зін Artcore і літаратурны альманах Omeny! Цяжка сказаць, як там у літаратурным пляне (моўны бар'ер замінае), але мастацкае афармленьне вельмі моцнае. Яно і ня дзіва: Кіпрас вучыцца ў Акадэміі мастацтваў. На вялікі жаль, друкаваныя нумары Artcore выйшлі ў свой час абмежаваным накладам (па некалькі дзесяткаў асобнікаў) і былі маланкава раздадзеныя, так што цяпер іх можна раздабыць толькі "на пачытаць", і тое па вялікім блату.
Падчас працягнутай дыскусіі абмяркоўваліся стэрэатыпы ў зінах: ці варта іх пазьбягаць, і калі пазьбягаць, то як? Гутарка атрымалася хаця і зьмястоўная, але цяжка перадавальная на пісьме. Вельмі цікава прагучалі весткі зь месцаў пра распаўсюд ведаў аб самвыдаве. У Піцеры самвыдатчыцы хадзілі прапагандаваць свой зін і самаробную выдавецкую справу ўвогуле і на міжнародную кніжную выставу-кірмаш (мясцовыя выдаўцы маглі там атрымаць месца бясплатна), і ў музэй Ахматавай (тут самі музэйнікі запрасілі разнамастых "нефармалаў", каб тыя прадставілі сябе). У Маскве, Пецярбургу і Менску існуюць супрацоўнікі бібліятэк (часам цэлыя сектары), адказныя за збор "нетрадыцыйнага перыядычнага друку". Варта гэтым карыстацца і перадаваць ім свае выданьні, каб захаваць непадцэнзурны друк для нашчадкаў.
Калі ўсе конча вымерзьлі, самыя стойкія выпаўзьлі ў суседняе, значна больш цёплае памяшканьне на варштат па лінагравюры. Мясцовыя ўмельцы паказалі як гэта робіцца, раздалі ўсім па кавалку лінолеўма, і ўдзельнікі фэсту зь імпэтам узяліся за справу. Адбіткі з гэтых кавалкаў можна было потым бачыць клапатліва вывешанымі ў куточку.
Скончылася гаварыльня кароткім дакладам пра лібэртарную платформу autistici/inventati, якая прадастаўляе незалежным асобам і супольнасьцям магчымасьці завесьці абароненыя ад карпаратыўнага і дзяржаўнага кантролю электронную скрынку, блог, сайт, чат ды розныя іншыя электронныя інструмэнты дзеля зьмены грамадзтва. На гэтым першы дзень фэсту скончыўся.
Праз пэўны час у клюбе пачаўся канцэрт, прысьвечаны дню барацьбы з гамафобіяй. Па залі расьсякалі барадачы ў сукенках і панкушкі ў фраках. Гралі амэрыканцы з чэскай прапіскай Sabot і фіны Fun. Зарадзілі очань харашо. Асабліва першыя. Але пасьля напружанага дню канцэрт успрымаўся троху тугавата. Расчаравала, што віленская публіка з радасьцю прыбяжыць музло паслухаць, але на зін-фэст ледзьве пару дзесяткаў віленцаў дацягнуцца. Гатуюць ежу, прыбіраюць у клюбе, цягаюць апарат адныя і тыя да болю знаёмыя нават менскім гасьцям хвізіягноміі.
А пра другі дзень я пісаць ня буду. Чыя чарга, таварышы?