Настроить, Войти
Заява ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» у сувязі з прыняццем новага закона «Аб сродках…
автор гость, дата 2008-06-25 13:36, исходное сообщение, textile

ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» выказвае пратэст у сувязі з прыняццем новага закона «Аб сродках масавай інфармацыі» ў другім чытанні Палатай прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу.

Свабода слова з’яўляецца не толькі найважнейшым грамадзянскім і палітычным правам, але і крытэрам выканання іншых правоў чалавека. Лічым недапушчальным такі паспешлівы разгляд і хуткае прыняцце прававога акту, які закранае гэтае базавае права, замацаванае ў двух артыкулах беларускай Канстытуцыі (арт.арт. 33,34).

Упэўненыя, што такія законы павінныя прымацца пасля ўсебаковага разгляду, абмеркавання з усімі зацікаўленымі асобамі і арганізацыямі, пасля правядзення іх грамадскага абмеркавання і міжнароднай экспертызы.

Звяртаем увагу, што беларускія ўлады абяцалі накіраваць законапраект аб СМІ на экспертызу ў Парламенцкую Асамблею Рады Еўропы, аднак не выканалі сваіх абяцанняў.

Паспешлівасць у прыняцці закона сведчыць пра яго рэпрэсіўна-абмежавальную скіраванасць. Змест прававога акту гэта пацвярджае.

Закон, у прыватнасці:

— прадугледжвае рэгістрацыю інтэрнет-выданняў і кантроль за Інтэрнетам з боку Міністэрства інфармацыі і пракуратуры;

— патрабуе перерэгістрацыі ўсіх медыяў пасля ўступлення закона ў сілу;

— значна пашырае магчымасці закрыцця ўладамі СМІ;

— ускладняе дзейнасць і павялічвае ціск на незалежных журналістаў і карэспандэнтаў замежных медыяў.

Нагадваем дэпутатам Палаты прадстаўнікоў аб адказнасці за рашэнні, якія яны прымаюць, і заклікаем Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу адхіліць закон «Аб СМІ» і накіраваць яго на дапрацоўку.

Заклікаем беларускую і міжнародную грамадскасць выказаць сваё стаўленне да гэтага нарматыўнага акту, які замахваецца на права грамадзян атрымліваць і распаўсюджваць аб’ектыўную інфармацыю і выказваць уласнае меркаванне.

17:26, 24/06/08 Прынята Праўленнем ГА «БАЖ» 24.06.2008