Па заканчэньні саміта Групы Васьмі яго галоўныя ўдзельнікі не разьляцеліся па дамах - яны рушылі ў Менск, каб працягнуць нефармальныя дыскусіі непадалёк ад Камароўскага рынку.
Такі сюжэт мела тэатралізаваная акцыя, што адбылася сёньня. Яна была прымеркавана да саміта G8, які праходзіў 7-9 ліпеня 2008 года на выспе Хакайда ў Японіі. Восем клоунаў з апранутымі маскамі кіраўнікоў дзяржаў "вялікай васьмёркі" дурыліся напоўніцу пасярод люднай алеі: яны вялі важныя перамовы, галасавалі па рэзалюцыях, спрабавалі прагнаць "антыглабалістаў" з расьцяжкай, што атабарыліся па суседзтву.
Удзельнікі акцыі імкнуліся паказаць, што кіраўнікі буйнейшых імпэрыялістычных дзяржаў толькі робяць выгляд, што вырашаюць сусьветныя праблемы. Насамрэч іх сустрэчы, поўныя паказнога клопату пра справы бедных краін ці глабальны экалагічны крызіс, паглыбляюць праблемы і пагаршаюць сітуацыю. Напрыклад, падтрымка дзяржавамі "вялікай васьмёркі" масавай вытворчасьці біяпаліва прывяла да сусьветнага харчовага крызісу, што адбываецца ў апошні год і выразіўся ў рэзкім падвышэньні коштаў на прадукты харчаваньня.
Беларускія актывісты выступілі за неакладную ліквідацыю інстытута "вялікай васьмёркі" і спыненьне паліцэйскіх рэпрэсій: зараз у Японіі многія мясцовыя і міжнародныя грамадзкія актывісты падвяргаюцца перасьледу за ўдзел у пратэстах супраць G8.
Адначасова побач была разгорнута расьцяжка "Нет большой восьмерке!", а мінакам было раздадзена некалькі сотняў улётак, у якіх тлумачылася антыдэмакратычная сутнасьць Групы Васьмі.
Акцыя прайшла без праблем зь мянтамі ды іншымі правапарушальнымі ворганамі.