Ва ўсходняй частцы Баранавічаў паміж мікрараёнамі “Паркавая” і "Тэкстыльны" знаходзіцца Жлобінскае возера і лесапаркавая зона, гэтак званы “Гай”, што, безумоўна, зусім няблага для экалёгіі буйнога (у беларускім маштабе) горада. У пляне горада атрымліваецца зялёная зона паміж густанаселеным спальным раёнам з пераважнай большасьцю дзевяціпавярховых дамоў (мікрараён “Паркавая” забудовы канца 1980-х – 1990-х гг.) і прамысловым раёнам “Тэкстыльны”, у якім разьмешчаны камбінат па вытворчасьці баваўняных тканін (забудовы памежжа 1960-х – 1970-х, пераважна пяціпавярхоўкі).
Ад Жлобінскага возера сёньня мала чаго засталося, бо дзякуючы няправільна збудаваным вычышчальным сістэмам ў сярэдзіне 1990-х, яго плошча зьменшылася дзесьці на 2/3 часткі. Ды й вада ня стала чысьцейшай, аб чым папярэджваюць шыльды па перыметры той часткі возера, якая шчэ засталася. Вызначаная паласа, якая не дазваляе займацца “гаспадарчай дзейнасьцю” складае толькі 15 мэтраў ад берагу.
На мяжы 1990-2000-х паміж дзьвюма часткамі лесапарку “Гай” была пашыраная аўтамабільная дарога, якая атрымала назву прашпэкта Машэрава. Уздоўж прашпэкта было ўзведзена некалькі шматпавярховак. Падчас гэтай будоўлі частка дрэваў лесапарку аказалася вырубленай. Быў уведзены ў рэйс гарадзкі аўтобус, каторы спалучае ў тым ліку мікрараёны “Тэкстыльны” і “Паркавая” не праз цэнтр горада, а наўпрасткі праз лес, што зусім не паляпшае экалягічную сітуацыю (хаця проста прайсьці праз лес займае хвілін 15).
У сярэдзіне 1990-х было распачата будаўніцтва Дзіцячай лякарні – рэабілітацыйнага цэнтру на ўскрайку лесапарку “Гай”. Гэтая будоўля аказалася ня толькі закінутай, але часткова “расьцягнутай” на будаўнічыя матэрыялы. Актыўна аднавіўся “рух” тут толькі ў 2007 г.: шматлікія месьцічы меркавалі, што рэабілітацыйны цэнтр усё ж дабудуюць. Але аказалася, што на гэтым мейсцы цяперака будуецца новы корпус Баранавіцкага дзяржаўнага універсітэта. Будоўля ў прамым сэнсе насоўваецца на лесапапарк “Гай”, досыць вялікая частка насаджэнняў ужо спілаваная. Мясцовыя жыхары кажуць, што гэта толькі пачатак, бо тут плянуецца збудаваць цэлы студэнцкі гарадок з інтэрнатамі і навучальнымі карпусамі накшталт філіі сталічнага БДУ.
На мейсцы будучага студэнцкага гарадка цяпер працуе тэхніка, тэрыторыя абнесена бляшаным парканам, які цягнецца ўздоўж вул. Паркавай, пр. Машэрава і лесапарку. Каля варотаў з боку вул. Паркавай заўважная шыльда з наступным тэкстам [намі даданыя толькі міжгародныя тэлефонныя коды там, дзе іх не было]:
РЕКОНСТРУКЦИЯ
Здания детского лечебно-восстановительного центра под учебно-лабораторный корпус БарГУ по ул. Парковой в г. Барановичи. Заказчик: Дирекция строящихся объектов, г. Минск. Тел. [017]2095028 Подрядчик: ФИЛИАЛ СУ-145 ОАО Строительный трест № 25. Тел. [0163]413262 Ответственный производитель работ Олешко С.Е. Проектная организация: АП "Институт "Белпроект". Тел. (017)2038928. Начало строительства: октябрь 2006 Окончание строительство: октябрь 2009
Заўважым, што ў пашпарце аб’екта не сказана анічога пра будучы студгарадок, пакуль што ізде гутарка толькі пра адзін корпус. Відавочна, каб не выклікаць пратэсты ў мясцовага насельніцтва.
Мяркуем, варта тэлефанаваць па адзначаных тэлефонах і задаць свае пытаньні чыноўнікам!
Беларуская Партыя Зялёных (www.belgreens.org)