17-21 верасня бягучага года ў Мальмё, Швецыя, прайшоў пяты Еўрапейскі сацыяльны форум. Арганізатары мерапрыемства спадзяваліся прадэманстраваць на ім альтэрнатывы неаліберальнаму светапарадку, прапанаваць пляцоўку для аб'яднання рознымі сацыяльнымі рухамі высілкаў у стварэнні больш справядлівага і чалавечнага свету. Форум сабраў дзесяткі тысяч удзельнікаў з, бадай што, усіх еўрапейскіх краін, а таксама з некаторых краін Азіі, Афрыкі і Лацінскай Амерыкі.
Афіцыйныя мерапрыемствы ўключалі сотні семінараў, лекцый і абмеркаванняў, а таксама разнастайныя культурныя мерапрыемствы (канцэрты, выставы, кінапаказы, тэатральныя пастаноўкі). Былі вызначаны дзесяць асноўных тэмаў форуму:
1. Сацыяльныя гарантыі, грамадскія службы і агульныя даброты для ўсіх.
2. За трывалае развіццё, харчовую незалежнасць, захаванне навакольнага асяроддзя і кліматычную справядлівасць.
3. За дэмакратычную і праўную Еўропу, супраць палітыкі "бяспекі". За адкрытасць, роўнасць, свабоду і правы меншасцяў.
4. За роўнасць, прызнанне разнастайнасці, супраць усіх формаў дыскрымінацыі. Фемінісцкія альтэрнатывы патрыярхату.
5. За правасуддзе, мір і салідарнасць - супраць вайны, мілітарызма і акупацый.
6. Распрацоўка стратэгіі рабочага руху супраць прэкарызацыі ды эксплуатацыі.
7. Эканамічныя альтэрнатывы, заснаваныя на патрэбах людзей.
8. Дэмакратызацыя ведаў, культуры, адукацыі, інфармацыі і СМІ.
9. За прыняцце і роўныя правы для ўцекачоў і мігрантаў - супраць усіх формаў расізму і дыскрымінацыі.
10. Сацыяльныя рухі, дзяржава і будучыня руху за глабальную справядлівасць.
З поўнай праграмай форума можна азнаёміцца на афіцыйным сайце ЕСФ у Мальмё: http://esf2008.org/ Вынікі семінараў і абмеркаванняў, тэзы многіх выступаў знаходзяцца на сайце http://openesf.net/ - пляцоўцы для ўзаемадзеяння актывістаў у часе паміж форумамі.
У суботу, 20 верасня, адбылася вялікая дэманстрацыя з мітынгамі перад пачаткам і па заканчэнні. Паводле некаторых падлікаў, у ёй прынялі ўдзел да 50 тысяч чалавек. На дэманстрацыі быў заўважаны вялікі блок пад назвай ACAB (Anti-Capitalist Action Block), які ішоў пераважна пад чорна-чырвонымі сцягамі.
Па-за афіцыйнай праграмай апынуліся разнастайныя мерапрыемствы, аб'яднаныя пад "шапкай" Сеткі дзеяння на ЕСФ-2008 (ESF 2008 Action Network). Гл. сайт сеткі http://www.esf2008action.net/
У чацвер, 18 верасня, адбыліся акцыі за свабоду перасоўвання, супраць крыміналізацыі міграцыі і дэпартацый. З 8:00 быў заблакаваны ўваход у офіс міграцыйнай службы, чым была цалкам паралізавана яе праца. Блакада цягнулася да 10:00. У 11:00 на Вялікім рынку (Stortorget) пачалася дэманстрацыя за свет без межаў і супраць крэпасці Еўропы.
У чацвер і пятніцу ўдзень адбыліся радыкальныя асамблеі: фемінісцкая, работніцкая, першатравеньская, сквоцкая, наконт будучых мабілізацый.
У пятніцу, 19 верасня, ранкам адбылася сядзячая блакада ваеннага завода Aimpoint ў прыгарадзе Мальмё (гл. www.europeanpeaceaction.org), а па абедзе - кліматычная дэманстрацыя з "выпадковым" перакрыццем руху (адказнасць на сябе ўзяла група KLIMAX).
У пятніцу ў 20:00 каля муніцыпальнага будынка Stadshuset распачалася вулічная вечарынка (Reclaim the Streets). Была перакрыта адна з найбольшых гарадскіх вуліц. Музыка (ў тым ліку жывая) даносілася з 2 гукавых грузавікоў; таксама быў наладжаны відэапаказ на вольным паветры. Спроба ператварыць стаячую вечарыну на дэманстрацыю была блакаваная паліцыяй праз два скрыжаванні. Расчараваныя тусоўшчыкі разбілі вітрыны аддзялення SEB - буйнога транснацыянальнага банку з штаб-кватэрай у Швецыі. Па сканчэнні вечарыны ў 23:00 паліцыя спрабавала "прыняць" некаторых яе ўдзельнікаў, але спробы аказаліся занадта вялымі - паведамленні пра арышты не паступалі.
Інтэрнацыянальная каманда народнай кухні тройчы ўдзень спраўна дастаўляла харчаванне тым, хто не атрымаў падтрымкі ад арганізатараў форума і не мог сабе дазволіць коштаў мальмскіх кабакоў. Былі арганізаваныя каманды першай дапамогі і група салідарнасці для юрыдычнай падтрымкі арыштаваных.
Заўважым: для поспеху мерапрыемстваў вельмі важным было шведскае ліберальнае заканадаўства што да грамадскіх мерапрыемстваў. Усе дэманстрацыі, пікеты і мітынгі (ў тым ліку незаяўленыя) лічацца легальнымі, пакуль не даведзена адваротнае. Паліцыя не мае права прымяняць вадамёты, гумовыя кулі, слезаточны газ (дазволеныя верталёты назірання, дубінкі і пярцовыя балоны). Дарэчы, у Мальмё пад час форума былі сцягнутыя не толькі дадатковыя сілы шведскай паліцыі, але прысутнічалі таксама дацкія, нарвежскія і нямецкія акабы (http://sweden.indymedia.org/feature/display/91055/index.php) .