24 лістапада ў Менску адбылася прэзэнтацыя дыску «Каляровыя цені», прысьвечанага праблеме нэанацызму ў Беларусі. Прэзэнтацыя дыску й грамадзкае абмеркаваньне стала вынікам двухмесячнай дзейнасьці арганізатараў праэкту: пошуку й аналізу матэрыялаў. Кружэлка сабрала й аб'яднала ў сабе каштоўную інфармацыю пра дзейнасьць нэанацыстаў сьвету, але ўсё больш Менску й Беларусі, адукацыйныя матэрыялы па гэтай тэме, а таксама парады па зьнішчэньні нэанацызму. (Замовіць кружэлку задарма - ultra.teni(на)gmail.com)
Арагніазатарам праэкту «Каляровыя цені» зьяўляецца актывістка экалягічнага руху Ірына ВОЛКАВА, суарганізатарам — актывіст руху за правы сэксуальных меншасьцяў Сяргей АНДРОСЕНКА.
«Праблема нэанацызму зьвязаная зь існаваньнем пэўных стэрэатыпаў сярод грамадзянаў ня толькі краінаў замежжа, але і нашай талерантнай краіны. Стэрэатыпамі зьяўляюцца ідэі белага сэпаратызму й антыглябалізму. Гэтыя стэрэатыпы засноўваюцца на нацыянальным, сэксуальным і рэлігійным пытаньнях. Каранямі праблемы зьяўляюцца вызначаныя гістарычныя ўмовы ўладкаваньня вобразу жыцьця й культурныя каштоўнасьці. Гэтыя рэчы не прывялі бы да канфлікту, які вырашаецца мэтадамі фізычнай расправы, калі б ў грамадзтве быў падняты факт існаваньня нэанацызму — ішло бы шырокае абмеркаваньне праблемы, пошук шляхоў вырашэньня канфлікту і стварэньне глебы для роўнага стаўленьня да ахвяраў дыскрымінацыі.
Большасьць людзей не знаёма або не зьвяртае ўвагі на існаваньне праблемы нэанацызму ў нашай краіне. Існуе некалькі чыньнікаў такога фэномену. Па–першае, стэрэатыпы й негатыўнае стаўленьне да людзей пэўных субкультураў. Па–другое, адсутнасьць публікацыяў па тэме нэанацызму. Па–трэцяе, малая колькасьць журналістаў, якія здольныя адэкватна асьвятліць праблему. І, як галоўны чыньнік, замоўчваньне факту існаваньня нэанацызму ў нашай краіне.
У сувязі з гэтым і паўстала неабходнасьць стварэньня праэкту «Каляровыя цені», які закліканы дапамагчы разабрацца ў тым, што адбываецца вакол і ўнутры сябе…» — гаворыцца ў прэс–рэлізе арганізатараў.
Крыніца ТУТ: http://gayby.org/naviny/belarus/kalyarovyya-ceni-ekolyagi-i-gomaseksualy-abya-dnalisya-u-baracbe-z-neanacyzmam.html