У гэтыя дні, зь 1 па 12 сьнежня, у г.Познань (Польшча) адбываецца 14 Канфэрэнцыя бакоў рамкавай канвэнцыі аб зьменах клімату (COP14). На сёньня, 6 сьнежня, па ўсім сьвеце былі прымеркаваныя акцыі з патрабаваньнем прыняць неадкладныя захады, каб спыніць катастрафічную дэстабілізацыю клімату.
Па Беларусі ў межах сусьветнага дня дзеяньняў у Менску, Горадні й Жодзіне адбыліся паказы фільму ў «6 градусаў, якія могуць зьмяніць сьвет». У фільме разглядаюцца наступствы рэзкага павелічэньня сярэдняй тэмпэратуры на 1, 2, ..., 6 градусаў. Пра небясьпекі кліматычных зьменаў распавядаюць такія знакамітыя навукоўцы як Джэймс Хэнсэн (НАСА) і кіраўнік Міжнароднай групы экспэртаў па зьменах клімата Раджэндра Пачаўры.
Таксама ў Горадні ў гэты дзень працаваў «Энэргетычны патруль па захаваньні клімату», удзельнікі якога займаліся пошукам прыкладаў нерацянальнага выкарыстаньня электраэнэргіі. У выніку акцыі будзе складзеная база дадзеных, якая дапаможа вызначыць, колькі энэргіі траціцца дарэмна. Падрабязьней тут .
Напярэдадні Канфэрэнцыі ў Горадні 27 лістапада была падтрыманая міжнародная акцыя ў абарону клімату «Зялёны палец», удзельнікі якой пафарбавалі палец у зялёны колер і напісалі на далонях нешта важнае, што яны хацелі б уратаваць ад глябальных зьменаў клімату. Падрабязьней тут .