Настроить, Войти
Газэта “Навінкі” распачынае судовы перасьлед Міністэрства інфармацыі
автор Pauluk, дата 2005-11-18 16:43, комментариев: 1, язык: ru, перевод: ru

Грубае парушэньне Закону “Аб друку і іншых сродках масавай інфармацыі”, дапушчанае Міністэрствам інфармацыі Рэспублікі Беларусь у дачыненьні да газэты “Навінкі”, стане прадметам судовага разьбіральніцтва. Рэдакцыя газэты падае іск у Вышэйшы гаспадарчы суд, падставай для якога зьяўляецца незаконнае рашэньне міністра інфармацыі (Загад №151 ад 24.10.2005 г., падпісанае першым намесьнікам Л.Ананічам) аб ануляваньні пасьведчаньня аб рэгістрацыі газэты “Навінкі”, што было прынятае ўразрэз зь дзеючым заканадаўствам Беларусі.

У адпаведнасьці з арт. 11 Закону Рэспублікі Беларусь “Аб друку і іншых сродках масавай інфармацыі” сродак масавай інфармацыі падлягае перарэгістрацыі, калі ён не выпускаецца больш за адзін год. Іншымі словамі, пасьведчаньне аб рэгістрацыі газэты губляе юрыдычную сілу. Аднак да газэты “Навінкі” гэтае дзеяньне было ўжытае неправамерна.

Нагадаем, што год таму 22 жніўня 2004 г. Мінінфармацыі ў другі раз прыпыніла дзейнасьць газэты “Навінкі” тэрмінам на 3 месяцы. Афіцыйна газэта магла прыступіць да працы з 22 лістапада 2004 г. Такім чынам, на момант выхаду памянёнага загаду міністра інфармацыі мінула толькі 11 месяцаў.

Сустрэўшыся з прадстаўнікамі Міністэрства інфармацыі, галоўны рэдактар газэты “Навінкі” П.Канавальчык зьвярнуў іхную увагу на яўнае парушэньне закону аб друку і запатрабаваў скасаваць незаконны загад. Аднак чыноўнікі ігнаравалі гэты факт, прапанаваўшы прад’явіць кантрольныя нумары газэты за мінулы пэрыяд у якасьці доказу ажыцьцяўленьня выдавецкай дзейнасьці. Пасьля таго, як П.Канавальчык паказаў нумары газэты “Навінкі”* за кастрычнік 2005 г., начальнік прававога ўпраўленьня В.Гурэцкі сказаў наступнае: “Міністар свой загад мяняць ня будзе. А нашто? Усё адно мы вас зачынім!”

Відаць, чыноўнікі Мінінфармацыі даўно мараць як хутчэй “пахаваць” газэту “Навінкі”, якая апошнім часам у выніку пастаяннага ціску з боку дзяржаўных структураў сапраўды пастаўленая на мяжу выжываньня. Аднак гэта не дае ім права парушаць закон, які яны ўласна абавязаныя выконваць.

Такім чынам, рэдакцыя газэты “Навінкі”, якая ня раз падвяргалася тэндэнцыйным заўвагам і санкцыям з боку Міністэрства інфармацыі і ўжо аднойчы сустракалася зь ягонымі прадстаўнікамі ў судзе, будзе дабівацца свайго законнага права на аднаўленьне пасьведчаньня аб рэгістрацыі ў судовым парадку.

*(Матэрыялы з кастрычніцага нумару газэты “Навінкі” чытайце на сайце http://navinki.net)

Комментарии