Прынятая 7 сакавіка 2009 г.
Мы, прадстаўнікі няўрадавых арганізацыяў ды ініцыятываў Беларусі, заклікаем улады да спыненьня ўсіх формаў перасьледу па палітычных матывах. У тым ліку мы патрабуем:
Вызваліць усіх асобаў, што знаходзяцца за кратамі ў зьвязку зь іх грамадзка-палітычнымі перакананьнямі, у тым ліку зьняволеных Арцёма Дубскага, Мікалая Аўтуховіча, Юрыя Лявонава, Уладзімера Асіпенкі;
Перагледзець вынікі гэтак званага “Працэсу 14-ці”, паводле якога за ўдзел у мірным сходзе асуджаныя да абмежаваньня волі Аляксей Бондар, Міхал Крываў, Міхал Пашкевіч, Аляксандар Стральцоў, Аляксандар Чарнышоў, Тацьцяна Тышкевіч, Міхал Субач, Павал Вінаградаў, Максім Дашук і Аляксандар Баразенка;
Спыніць практыку палітычна матываваных звальненьняў працоўных, ціску на іх сваякоў, адлічэньня з навучальных установаў;
Спыніць практыку выкарыстаньня вайсковага прызыву ў якасьці пакараньня за актыўную грамадзкую пазыцыю, як гэта адбылося ў справах Зьміцера Жалезнічэнкі, Алеся Каліты, Франака Вячоркі, Зьміцера Федарука, Івана Шылы;
Адмяніць незаконныя рашэньні аб прызнаньні інфармацыйных матэрыялаў экстрэмісцкімі, у тым ліку ў дачыненьні да часопіса ARCHE, а таксама спыніць далейшае злоўжываньне Законам Рэспублікі Беларусь “Аб супрацьдзеяньні экстрэмізму”;
Перагледзець усе незаконныя і неабгрунтаваныя з прававога гледзішча рашэньні аб адмове ў рэгістрацыі грамадзкіх аб’яднаньняў*.
__________________
* У 2008-2009 гг. адмовы ў рэгістрацыі былі вынесеныя больш чым пяцідзесяці ініцыятывам па стварэньні грамадзкіх аб’яднаньняў. Не атрымалі легальнага статусу Праваабарончае грамадзкае аб’яднаньне “Наша вясна”, Рэспубліканскае грамадзкае аб’яднаньне “Ліквідатар”, Сацыяльна-патрыятычнае грамадзкае аб’яднаньне “Гарызанталь”, аб’яднаньні “Наша пакаленьне”, “Брэсцкая Вясна”, “Старшыя”, “БХД”, “За вольнае разьвіцьцё прадпрымальніцтва”, “Малады фронт”, “Маладыя сацыял-дэмакраты” ды іншыя.