Настроить, Войти
Адбылася VI Асамблея НДА
автор гость, дата 2009-03-11 12:38, комментариев: 3

VI Асамблея няўрадавых арганізацыяў ды ініцыятываў адбылася ў Менску 6-7 сакавіка 2009 г. З удзелам 330 прадстаўнікоў НДА, замежных гасьцей, а таксама ў прысутнасьці журналістаў незалежных і ўрадавых мэдыяў, гэтае мерапрыемства стала найбуйнейшым форумам НДА ў дванаццацігадовай гісторыі правядзеньня падобных сходаў.

Сустрэча адкрылася словамі Аляксандра Патупы і Вінцука Вячоркі, якія былі сярод заснавальнікаў Асамблеі НДА ў 1997 г. Свае вітальныя прамовы сказалі таксама Аляксандар Мілінкевіч і Аляксандар Казулін (які выступіў перад абмеркаваньнем заявы, прысьвечанай палітычным рэпрэсіям), амбасадар Швэцыі Стэфан Эрыксан. Хаця арганізатары даслалі запрашэньне да ўдзелу ў прэзыдэнцкую адміністрацыю, улады вырашылі праігнараваць яго.

Ацэньваючы ў сваім выступе сытуацыю ў беларускім трэцім сэктары, Сяргей Мацкевіч, старшыня Рабочай групы Асамблеі НДА, падкрэсьліў: “Глябальных зьменаў не назіраецца ні ў цэнтры, ні ў рэгіёнах. Можа зьмянілася рыторыка ўладаў да больш памяркоўнай, а ў сваіх дзеяньнях яны ўсё роўна кіруюцца тым заканадаўствам, якое ёсьць, а яно ў вялікай ступені рэпрэсіўнае. І тымі звышмэтамі – не дапусьціць да легальнай дзейнасьці апанэнтаў улады. Зьявіліся, на жаль, новыя формы перасьледу актывістаў. Мы жадаем рэальных зьменаў у сытуацыі, а не касмэтычных”.

Удзельнікі заслухалі ды абмеркавалі справаздачы шасьці рэгіянальных і шасьці тэматычных круглых сталоў, што былі праведзеныя ў студзені-лютым гэтага году ў межах падрыхтоўкі да VI Асамблеі. Тэмамі гэтых сталоў былі правы чалавека, экалягічны актывізм, сацыяльныя і жаночыя НДА, грамадзянская адукацыя, новыя мэдыі як форма грамадзкай актыўнасьці, пытаньні дзейнасьці НДА ў канкрэтных рэгіёнах. Бальшыня выступоўцаў адзначыла нэгатыўныя тэндэнцыі пагаршэньня ўмоваў для грамадзянскай супольнасьці ды рэалізацыі права на свабоду асацыяцыяў, нягледзячы на г.зв. "лібэралізацыю". Падобныя высновы таксама ўтрымліваліся ў маніторынгах, якія былі падрыхтаваныя супольнымі намаганьнямі шэрагу НДА.

Цягам абодвух дзён мерапрыемства адбываўся Фэст грамадзкага актывізму, у першы - выстава стэндаў, а ў другі НДА знаёмілі калегаў са сваімі кампаніямі і праграмамі, дэманструючы відэаролікі і прээзнтацыі. Усяго на фэсьце 28 арганізацыяў прадставілі свае стэнды, 11 - відэаролікі, 17 - прэзэнтацыі сваіх праграмаў. Журы адзначыла прызамі тры лепшыя прадстаўленьні.

Урэшце, удзельнікі VI Асамблеі ўхвалілі шэраг рэзалюцыяў, заклікаючы ўрад правесьці рэальную лібэралізацыю, нармалізаваць стасункі з грамадзкім сэктарам, скасаваць усе формы палітычных рэпрэсіяў, і ўключыць грамадзянскую супольнасьць ў дыскусію аб мэтазгоднасьці пабудовы АЭС у Беларусі.

паводле belngo.info

Комментарии
  • автор гость, дата 2009-03-11 12:40, ссылка

    Уладамі Беларусі агучаны пляны будаўніцтва атамнай электрастанцыі. Палітычнае рашэньне было прынятае з парушэньнем Орхускай канвэнцыі і дзейснага нацыянальнага заканадаўства, без шырокай грамадзкай дыскусіі аб эканамічнай і экалягічнай мэтазгоднасьці ўзьвядзеньня АЭС у Беларусі, а таксама, вызначэньня месца яе разьмяшчэньня і выканаўцы будаўніцтва.

    Была праігнараваная пазыцыя незалежных экспэртаў, спэцыялістаў, навукоўцаў, прадстаўнікоў грамадзкіх арганізацыяў і рухаў, грамадзян Беларусі, якія рабілі спробы наладзіць адкрыты раўнапраўны дыялёг па гэтым пытаньні.

    Мы, удзельнікі VI Асамблеі няўрадавых арганізацыяў ды ініцыятываў выказваем сваю нязгоду з рашэньнем аб будаўніцтве атамнай станцыі. Памятаючы аб трагедыі Чарнобыля, патрабуем скасаваць неабгрунтаванае і няўзгодненае з шырокай грамадзкасьцю рашэньне аб пабудове АЭС у Беларусі і патрабуем шырокага адкрытага абмеркаваньня гэтай праблемы на падставе дзейснага заканадаўства і міжнароднага права.

  • автор гость, дата 2009-03-11 12:41, ссылка

    Прынятая 7 сакавіка 2009 г.

    Мы, прадстаўнікі няўрадавых арганізацыяў ды ініцыятываў Беларусі, заклікаем улады да спыненьня ўсіх формаў перасьледу па палітычных матывах. У тым ліку мы патрабуем:

     Вызваліць усіх асобаў, што знаходзяцца за кратамі ў зьвязку зь іх грамадзка-палітычнымі перакананьнямі, у тым ліку зьняволеных Арцёма Дубскага, Мікалая Аўтуховіча, Юрыя Лявонава, Уладзімера Асіпенкі;

     Перагледзець вынікі гэтак званага “Працэсу 14-ці”, паводле якога за ўдзел у мірным сходзе асуджаныя да абмежаваньня волі Аляксей Бондар, Міхал Крываў, Міхал Пашкевіч, Аляксандар Стральцоў, Аляксандар Чарнышоў, Тацьцяна Тышкевіч, Міхал Субач, Павал Вінаградаў, Максім Дашук і Аляксандар Баразенка;

     Спыніць практыку палітычна матываваных звальненьняў працоўных, ціску на іх сваякоў, адлічэньня з навучальных установаў;

     Спыніць практыку выкарыстаньня вайсковага прызыву ў якасьці пакараньня за актыўную грамадзкую пазыцыю, як гэта адбылося ў справах Зьміцера Жалезнічэнкі, Алеся Каліты, Франак…

    Просмотреть сообщение целиком

  • автор гость, дата 2009-03-11 12:46, ссылка

    Прынятая 6-га сакавіка

    Мы, прадстаўнікі няўрадавых арганізацыяў Беларусі, грунтуючыся на каштоўнасьцях дэмакратыі, прававой дзяржавы і павагі да правоў чалавека

    - Канстатуем асобныя крокі беларускіх уладаў, скіраваныя на набліжэньне стасункаў паміж грамадзянскай супольнасьцю і дзяржавай у Беларусі да эўрапейскіх стандартаў.

    - З занепакоенасьцю адзначаем, што пакуль гэтыя крокі не зьвязаныя з сыстэмным паляпшэньнем становішча ў галіне правоў чалавека, у тым ліку свабоды асацыяцыяў.

    - Заклікаем ўлады да забесьпячэньня публічнасьці і свабоды выказваньняў у справе наладжваньня грамадзкага дыялёгу ў краіне.

    - Патрабуем неадкладнага і незваротнага выключэньня зь беларускага палітычнага жыцьця практыкі крымінальнага і іншага перасьледу палітычных апанэнтаў, дзеячоў грамадзянскай супольнасьці, журналістаў.

    У якасьці першачарговых крокаў у кірунку нармалізацыі становішча структураў грамадзянскай супольнасьці павінныя быць:

    - Адмена ганебнага артыкула 193-1 Крымінальнага кодэксу, на…

    Просмотреть сообщение целиком