Прынятая 6-га сакавіка
Мы, прадстаўнікі няўрадавых арганізацыяў Беларусі, грунтуючыся на каштоўнасьцях дэмакратыі, прававой дзяржавы і павагі да правоў чалавека
- Канстатуем асобныя крокі беларускіх уладаў, скіраваныя на набліжэньне стасункаў паміж грамадзянскай супольнасьцю і дзяржавай у Беларусі да эўрапейскіх стандартаў.
- З занепакоенасьцю адзначаем, што пакуль гэтыя крокі не зьвязаныя з сыстэмным паляпшэньнем становішча ў галіне правоў чалавека, у тым ліку свабоды асацыяцыяў.
- Заклікаем ўлады да забесьпячэньня публічнасьці і свабоды выказваньняў у справе наладжваньня грамадзкага дыялёгу ў краіне.
- Патрабуем неадкладнага і незваротнага выключэньня зь беларускага палітычнага жыцьця практыкі крымінальнага і іншага перасьледу палітычных апанэнтаў, дзеячоў грамадзянскай супольнасьці, журналістаў.
У якасьці першачарговых крокаў у кірунку нармалізацыі становішча структураў грамадзянскай супольнасьці павінныя быць:
- Адмена ганебнага артыкула 193-1 Крымінальнага кодэксу, наяўнасьць якога практычна заганяе ў падпольле амаль любую самастойную ініцыятыву грамадзянаў, а таксама скасаваньне артыкулаў 367-369, 369-1 Крымінальнага кодэксу, што выкарыстоўваецца для перасьледу журналістаў*.
- Набліжэньне да заяўляльнага прынцыпу рэгістрацыі грамадзкіх аб’яднаньняў з магчымасьцю рэгістрацыі па месцы жыхарства іх заснавальнікаў (як тое ўжо магчымае для камэрцыйных юрыдычных асобаў).
- Выкананьне рашэньняў Камітэта па правах чалавека ААН і іншых міжнародных органаў што да выпадкаў неабгрунтаванага абмежаваньня і парушэньня правоў чалавека ў Беларусі.
- Заяўляем аб намеры працягваць дзейнасьць на карысьць беларускага грамадзтва дзеля пабудовы дэмакратычнай прававой дзяржавы і разьвіцьця грамадзянскай супольнасьці нягледзячы на неспрыяльныя прававыя ўмовы для такой дзейнасьці.
- Зьвяртаемся да міжнароднай супольнасьці з просьбай не губляць увагі да сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі. Каштоўнасьць дыялёгу зь беларускім урадам не павінная прыніжаць важнасьць прынцыпаў правоў чалавека, якія па-ранейшаму знаходзяцца пад пагрозай у Беларусі. Правы чалавека ня могуць і не павінныя быць прадметам гандлю і саступак. _________________________________________________________________
*Артыкулы 193-1 “Незаконные организация деятельности общественного объединения, религиозной организации или фонда либо участие в их деятельности”, 367 “Клевета в отношении Президента Республики Беларусь”, 368 “Оскорбление Президента Республики Беларусь”, 369 “Оскорбление представителя власти”, 369-1 “Дискредитация Республики Беларусь”.