Настроить, Войти
Беларускую кампанію супраць ксенафобіі разагнаў спецназ
автор гость, дата 2009-03-30 00:39, связано с: Рэпартаж

Напрыканцы Еўрапейскага тыдня барацьбы з расізмам і ксенафобіяй Беларускі Хельсінкскі Камітэт нагадаў мінчукам аб роўнасці ўсіх людзей, якая не залежыць ад колеру скуры і іншых непадабенстваў. З гэтай мэтай яны сабраліся на Нямізе і пачалі надзімаць рознакаляровыя паветраныя шары, раздаваць улёткі з інфармацыяй па тэме. У мерапрыемстве прымалі ўдзел таксама прадстаўнікі беларускіх ЛГБТ–арганізацый.

Аднак не паспела дзеянне пачацца, як да ўдзельнікаў падышлі два байца спецназу з папярэджаннем, што мерапрыемства не санкцыянавана і ўдзельнікі мусяць несці адказнасць за правядзенне. Хутка з′явіўся чалавек у цывільным з візіякамерай у руках. Паколькі ён трымаўся на адлегласці і не выказваў увагі да інфармацыйнага напаўнення дзеяння, можна зрабіць выснову, што гэта не быў прадстаўнік СМІ. Праваабаронцы, патлумачыўшы, што адбываецца не палітычная акцыя, а інфармацыйная кампанія, якая па закону не патрабуе рэгістрацыі, працягнулі. Мінакі станоўча рэагавалі на тое, што адбывалася, некаторыя з іх падыходзілі і прасілі шарыкі, каб самім адпусціць іх у неба.

Потым удзельнікі мерапрыемства перайшлі ў бліжэйшы дворык, каб падрыхтаваць некалькі сотняў шарыкаў да запуску ў вольнае паветра. Планавалася працягнуць кампанію праз некалькі гадзін.

Хутка вакол з′явілася вясёлая кампанія: побач размяшчалася школа, і ў перапынках да праваабаронцаў падбягалі вучні пачатковых класаў за “бясплатнымі шарыкамі”. Часам падыходзілі бабулі і запытваліся, па якому кошту можа набыць шарыкі. Таксама перыядычна з′яўляліся байцы спецназу і кантралявалі працэс, не прымаючы, аднак, ніякіх мераў.

У чатырнаццаць гадзін, калі валанцёры накіроўваліся ў бок Нямігі, сітуацыя рэзка змянілася. Да суполкі ўдзельнікаў падыйшлі яшчэ некалькі прадстаўнікоў праваахоўных службаў і, не назваўшы ні свайго імя, ні звання, запатрабавалі паказаць змесціва пакункаў. На пытанне аб падставах для дагляду людзі ў форме адказалі, што ёсць вусны загад.

У пакунку знаходзілася расцяжка “Все различны, все равны”. Нічога правакацыйнага ў выразу праваахоўнікі не ўбачылі, але вырашылі на ўсялякі выпадак канфіскаваць знаходку. Пратакол складаць не сталі, толькі паабяцалі ўвечары вярнуць канфіскат.

З юрыстам Алінай Шостак, якая настойвала на выконванні правіл, афіцэр, капітан, гледзячы па пагонах, размаўляў спачатку ў нахабнай форме, а потым абразіў і пхнуў у плечы. Не атрымалася даведацца імя праваахоўніка, аднак Аліна плануе падаваць скаргу ў пракуратуру.

Усё, што адбывалася, зноўку фіксаваў на камеру невядомы чалавек у цывільным. Праз дзесяць хвілін ў дворык заехаў аўтобус, з яго выйшлі яшчэ некалькі спецназаўцаў і сталі на адлегласці… Аднак праваабаронцы проста раздалі паветраныя шары дзеткам і сталі разыходзіцца. Байцы ў разгубленасці дачакаліся, пакуль апошнія ўдзельнікі сыйдуць, і прайшлі за імі. А школьнікі панеслі дадому вялізныя вясёлкавыя звязкі.

«Дзеянні супрацоўнікаў міліцыя з′яўляюцца незаконнымі. Пазбаўленне асабістых рэчаў, без ніякіх падстаў незаконна. Тыя, хто канфіскоўваў рэчы, нават не прадставіліся. Дзеянні супрацоўнікаў міліцыі будуць абскарджаныя ў Пракуратуры, а таксама будзе напісана адпаведная заява на імя начальніка Цэнтральнага РУУС. Мы загадзя адправілі паведамленне аб правядзенні акцыі ў РУУС і міліцыя ведала, што акцыя адбудзецца» — пракаментавала сітуацыю каардынатар праектаў Валерыя Саўчанкава. http://gaybelarus.by/naviny/belarus/belaruskuyu-kampaniyu-suprac-ksenafobii-razagnau-specnaz-fota-i-viziya.html

Тэги