Настроить, Войти
На Драгічыншчыне з “Дружбы” выцекла 100 кубамэтраў нафты
автор гость, дата 2009-05-14 08:47, textile, связано с: Экология

У Драгічынскім раёне ў выніку прарыву нафтаправоду адбылася ўцечка нафты.

Як паведаміў БелаПАН памочнік начальніка абласнога ўпраўленьня МНС Сяргей Машноў, аварыя адбылася раніцай 13 траўня на адлегласьці 3,5 км ад вёскі Імянін.

Паводле слоў сп. Машнова, у 7:59 прыборы на помпавай станцыі ў Пінскім раёне зафіксавалі падзеньне ціску ў трубе магістральнага нафтаправоду РУП “Гомельтранснафта “Дружба”. Апэратар станцыі зьнізіў ціск да нулявой адзнакі. На месца здарэньня выехалі аварыйна-аднаўленчыя брыгады помпавых станцый Пінскага і Кобрынскага раёнаў. Яны выявілі разгермэтызацыю трубаправоду дыямэтрам 820 мм. У выніку аварыі на ўзаранае поле выцекла прыблізна 100 кубамэтраў сырой нафты. Акрамя таго, нафта трапіла ў мэліярацыйны канал на адлегласьці прыкладна 180 м ад месца аварыі. Далейшае распаўсюджваньне плямы не было дапушчана шляхам стварэньня на канале дзьвюх пясчаных дамб.

З воднай гладзі каналу нафта адпампаваная. На 17 гадзін яе сабрана прыблізна 40 кубамэтраў. Нафта дастаўленая ў аўтацыстэрнах на помпавую станцыю ў вёску Астромічы Кобрынскага раёну. Пачынаюцца работы па зборы нафты з паверхні грунту. Гэтая нафта будзе зьбірацца ў спэцыяльна выкапаным катлаване, пакрытым плёнкай.

У ліквідацыі наступстваў аварыі задзейнічаныя 25 чалавек і 17 адзінак тэхнікі.

На месцы здарэньня працуе камісія па надзвычайных сытуацыях пры Драгічынскім райвыканкаме. Прычына аварыі ўстанаўліваецца.

источник www.svaboda.org

Тэги