Сёння, 17 верасня 2009 г., адбылося пазачарговае паседжанне Грамадскага каардынацыйнага савета пры Міністэрстве прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Адзіным пытаннем у павестцы дня было "Об оценке воздействия на окружающую среду АЭС в Республике Беларусь".
Былі зачытаныя тры даклады. Людзі, якія павінны былі б зрабіць незалежную экспертную ацэнку ўздзеяння АЭС на прыроду і грамадства і прадставіць яе публіцы, насамрэч займаліся прапагандай "мірнага атаму". Гучалі недобрасумленныя заявы. Напрыклад, па словах Андрэя Катанаева, на рэактарах тыпу ВВЭР "не было ни одного события с выбросом радиоактивности в окружающую среду". Якаў Кенігсберг цвердзіў, быццам іншых аварый з выкідам радыёнуклідаў у навакольнае асяроддзе, апрача Тры-Майл-Айлэндскай і Чарнобыльскай, не было.
Запрашэнні на паседжанне былі разасланыя ўсяго за два дні, таму з 16 удзельнікаў савета прысутнічала толькі пяцёра. Ад грамадскіх арганізацый дайшлі яшчэ некалькі ня-ўдзельнікаў савета. Многія адсутныя наракалі на запозненасць запрашэння. Усе яны адзінагалосна (і прысутныя, і адсутныя) выступілі супраць планаў будаўніцтва АЭС у Беларусі і дзе б тое ні было яшчэ (выняткам паслужылі прадстаўніцы Зялёнага крыжа і БРСМ, якія палічылі за лепшае адмаўчацца).
Нягледзячы на тое, што на азнаямленне з папярэдняй ацэнкай уздзеяння на навакольнае асяроддзе ў грамадскасці быў толькі тыдзень, у гэтым дакуменце ужо паспелі знайсці безліч памылак, недарэчнасцяў, недагаворак, пра што і было распаведзена. Ад адказу на большасць пытанняў прадстаўнікоў грамадскіх арганізацый распрацоўшчыкі ацэнкі ўздзеяння фактычна ўхіліліся, чым толькі павялічылі падазрэнні ў сваёй некампетэнтнасці.
Прадстаўнікі грамадскасці запатрабавалі правядзення грамадскіх слуханняў не толькі ў Астраўцы, але і ў Менску ды ў іншых месцах краіны, бо магчымае ўздзеянне АЭС можа распасцірацца на сотні і тысячы кіламетраў.
Прадстаўнікі мінпрыроды, мінэнэргетыкі ды іншых кантор паставілі галачку і разышліся. Якім чынам вынікі гэтага абмеркавання паўплываюць на прыняцце рашэння аб будаўніцтве ці не-будаўніцтве АЭС, застаецца толькі здагадвацца.