“Грамадзкія слуханьні” ў Астраўцы 9.10.2009 вачыма ўдзельніка “Антыатамнага супраціву”
Г.зв. грамадзкія слуханьні па ацэнцы ўзьдзеяньня на навакольнае асяродзьдзе (АУНА) беларускай АЭС мусілі адбыцца 9 кастрычніка 2009 г. Спачатку ўлады называлі іх мясцовымі, і нават пагадзіліся, нібыта, на слуханьні на Віцебшчыне й Меншчыне, а за тыдзень да правядзеньня абвесьцілі іх рэспубліканскімі. Рэгістрацыя ўдзельнікаў слуханьняў мусіла пачацца а 10-й гадзіне, само абмеркаваньне — а 12-й.
Актывісты з горада N прыехалі на абмеркаваньне ў 10:30. Дарога прайшла без эксцэсаў, толькі пад самым Астраўцом даішнікі спынілі нашую машыну й праверылі дакумэнты кіроўцы. Увогуле, абмеркаваньне чаго б там ні было з грамадзкасьцю для беларускіх улад абсалютна не тыповая зьява, таму тое, што мы ўбачылі ля кінаканцэртнай залі, месца правядзеньня “абмеркаваньня”, нас аніяк не зьдзівіла: будынак па пэрымэтры быў абнесены загарадкай, у некалькіх месцах былі арганізаваныя КПП, ля якіх дзяжурылі амапаўцы з мэталадэтэктарамі й гэбоўцы ў цывільным.
“Жэншчыны направа, мушчыны налева, мабілы, сумкі, металічыскія прадметы на стол.”
— Зачэм вы сюда прыехалі?
— Прыняць удзел у грамадзкіх слуханьнях па АЭС.
— Вас што сюда прыглашалі?
— Гэта адкрытыя рэспубліканскія слуханьні, запрашэньне не патрэбнае.
— Не, вы прыехалі не на грамацкія слухі, вы прыехалі устроіць какіі-нібуць беспарадкі.
Праходзім, нарэшце, КПП. Ідзём да ўваходу ў залю, ля якога тусуюцца групкі па два-тры “інтэлектуалы” ў цывільным. Заходзім у будынак, ля ўваходу стаяць тры “валанцёры” (у іх сапраўды былі такія бэджыкі), яшчэ тры перашкаджаюць трапляць непасрэдна ў залю. Рэгіструемся, атрымоўваем паперку з нумарам зь сёмай сотні. Сустракаем нашых таварышаў, якія прыехалі раней, тыя кажуць, што заля ўжо запоўнена пралетарыямі, якіх прывезьлі на аўтобусах і адразу першымі запусьцілі ў залю. У аднаго з гэтых пралетарыяў запыталі, чаму іх пушчаюць без рэгістрацыі, а той адказаў, што ім выдалі рэгістрацыйныя паперкі да працы. Яшчэ амаль паўзалі займалі “людзі ў цывільным”, такім чынам, для незалежных эколягаў месцаў амаль не засталося. Для тых, хто ня трапіў у залю, была арганізаваная трансьляцыя ў “прылазьніку”.
Амаль паўтары гадзіны мы тупа тусілі каля кінатэатра, пакуль каля 11:45 не заўважылі, што на адным з КПП акабы затрымалі А.Ажароўскага, расейскага фізыка, актывіста групы “Экозащита!”. Прычынай затрыманьня сталася тое, што ён нёс пакунак з раздрукаванымі крытычнымі заўвагамі па АУНА БелАЭС, адным з суааўтарам якіх ён зьяўляўся. Пасьля, знаходзячыся ў кінатэатры, мы стэлефаноўваліся з Ажароўскім, ён казаў, што на яго пратакол ня складзены, паперы канфіскаваныя у сувязі з “осмотром места происшествия”, копію пратакола канфіскацыі выдаваць акабы адмовіліся. Усё выглядала так, што яго пратрымаюць 3 гадзіны для высьвятленьня асобы, якраз, каб ён не пасьпеў выступіць да 15:00 — часу сканчэньня “слуханьняў”.
А 12-й пачынаюцца выступы. Я ня памятаю ані імён, ані пасад выступоўцаў ад улад, каму цікава можа паглядзець іх у іншых месцах. Першы выступовец мусіць увесьці ў курс, дзеля чаго мы тут сабраліся. 45 хвілін, замест рэглямэнтных 10-ці, зь ягонага роту льецца панэгерыка АЭС у перамешку зь кучай лічбаў, якія павінныя стварыць уражаньне, што ён вялікі спэц, і кажа чыстую праўду. Старшыня прэзыдыюму кажа, што для гэтага дакладчыка было зроблена выключэньне, але цяпер яны будуць сачыць за рэглямэнтам. Выступае асноўны дакладчык, таксама зь перавышэньнем рэглямэнту, і судакладчыкі. Зразумець нешта ў патоках іхнай дрысьні амаль не магчыма, толькі часам мозг улаўлівае пэрліны кшталту “цана атамнай электрычнасьці 1-1,2 цэнты за кВт”, выступае прадстаўнік расейскага падрадчыка, усяляк нахвалівае сваю кампанію й рэактары праекту АЭС-2006, пра “Цяньвань”, адзіную АЭС, дзе, у сапраўднасьці, стаяць гэтыя рэактары, і якая ўжо праз год была спыненая на рамонт, ані слова.
Пачынаюцца выступы, з прэзыдыюму кажуць, што выступоўцаў шмат, але слова дадуць усім. Тое, што тут адбывалася можна назваць толькі апагеем маразму: выступоўцы (на 95% мужчыны, btw) чыталі свой тэкст па паперцы, ніхто зь іх нават не кранаўся тэмы абмеркаваньня (АУНА) - яны хвалілі ідэю пабудовы АЭС, дзякавалі ўладам за іхнае мудрае рашэньне, чыталі вершы з рыфмай "гігавата-зарплата" і г.д., і г.д., увесь маразм можна таксама паглядзець у іншых крыніцах.
З праціўнікаў АЭС удалося выступіць толькі 5-м чалавекам. Першым быў прафэсар Лепін, пасьля І.Крук, які хацеў перадаць слова М.Уласевічу, выйшла перапалка з прэзыдымам, з-за якой Уласевічу амаль не засталося часу на выступ, але ён пасьпеў зьвернуць увагу на недапрацоўкі, відавочныя для яго як жыхара Астравеччыны й настаўніка геаграфіі. Напрыклад, аўтары АУНА пішуць, што найбліжэйная рака да АЭС Вяльля, а ў сапраўднасьці — Грозаўка, колькасьць насельніцва ў 5-ці кіламэтровай зоне заніжаная ў некалькі разоў. Трэцім з апанэнтаў атрымаў слова прадстаўнік расейскага Greenpeace, які сярод іншага зьвернуў увагу на дэфіцыт урану, а таксама распавёў, што заявы пра недастатковаць ветрарэсурсаў у Беларусі абсалютна неабгрунтаваныя. Бліжэй да 15-й гадзіны выбіла ў прэзыдыюму слова Н.Рабава, якая ня стала гаварыць падрцхтаваны даклад, бо тое, што адбываецца гэта фарс, а не слуханьні, бо з трыбуны вядзецца непрыхаваная прапаганда АЭС, а не абмярковаецца АУНА.
Яшчэ некалькі “прадстаўнікоў N-скага раёну” і прэзыдыюм заявіў, што час выйшаў, а тое, што з 60-ці чалавек выступілі толькі 25 прэзыдыём не вінаваты. З-за абурэньня ў залі яны вырашылі дапусьціць яшчэ неклькі дакладчыкаў, сярод іх удалося прарвацца Н.Новікавай, якая запытала, чаму, калі ўсё так добра Ажароўскі знаходзіцца ў РАУС, а наклад крытыкі канфіскаваны, а таксама перадала прэзыдыюму стос копій зваротаў грамадзян і грамадзкіх арганізацый з усёй Беларусі з патрабаваньнем адклікаць АУНА і адмовіцца ад пабудовы АЭС.
Наступнымі у праграме стаялі “адказы на пытаньні”. Ізноў бубнелкі сыпалі лічбамі, які нікому нічога не казалі. Мы сышлі з кінатэатра й пайшлі да суда, які знаходзіўся проста праз дарогу, бо туды везьлі Ажароўскага, якога ўжо абвінавачвалі ў дробным хуліганстве.
У суд нас не пушчаюць: на праходзе стаяць нейкая шпана ў цывільным, якой час ад часу аддаюць загады перапранутыя мянты. Хто яны такія, як іх зваць гэтыя гопы адказваюць толькі “граждане рыспублікі біларусь”. Нарэшце пушчаюць сьведак і адну журналістку, празь нейкі час пытаюцца, ці жадаем мы пайсьці на суд, мы ідзем.
На працэсе. Спачатку судзьдзя выслухоўвае вэрсію падзей Ажароўскага. Пасьля выклікае “сьведак” абвінавачваньня: дзьвюх супрацоўніц РАНА. З адной зь іх словы трэба выдзіраць абцугамі, калі судзьдзя зачытвае “ейныя” паказаньні з партаколу тая толькі кажа, што так было. Пасьля выступае ейная калега, гэтая хоць словы зьвязвае, але ейныя паказаньні часам супярэчаць паказаньням першай. Пасьля выслухоўваюць мянтоў, у тых паказаньні розьняцца між сабой, і з паказаньнямі РАНАшніц. Ці быў складзены пратакол затрыманьня, яны нічога сказаць ня могуць (А ён быў складзены па прашэсьці 3 гадзін!). Выступаюць сьведкі ад абвінавачваньня. Калі дапусьціць, што ў РБ суды незалежныя, то прагназаваны вынік — выпусьціць затрыманага з-за адсутнасьці злачынства. Але ж гэта РБ. Цэлых сорак хвілін судзьдзя выносіў рашэньне, яму яўна дапамагалі гэбоўцы, бо на абвешчаньне судзьдзя прыйшоў увесь белы, хутка адбубнеў прысуд, “вапросы есьць? вапросаў нет” і ўцёк. Вынік — 7 сутак за парушэньне грамадзкага парадку.
Высновы. Слуханьняў не было, былі фальсыфікацыі. Welcome home.