Настроить, Войти
Заява БПЗ з нагоды рэпрэсій супраць удзельнікаў кліматычных пратэстаў у Капенгагене
автор u, дата 2009-12-29 12:32, скрытое, журнал модерации, комментариев: 1, связано с: COP15 protests

http://belgreens.org/official-papers/greensstatments/cop15statment.html

Заява Беларускай партыі "Зялёныя" з нагоды рэпрэсій супраць удзельнікаў кліматычных пратэстаў у Капенгагене

7-18 снежня 2009 года ў Капенгагене (Данія) праходзіла канферэнцыя ААН наконт зменаў клімата (COP15). У гэтыя дні ў горад з'ехаліся не толькі ўрадавыя дэлегацыі, але і многія ўдзельнікі няўрадавых арганізацый і сацыяльных рухаў.

Прадстаўнікі грамадскіх арганізацый і рухаў прыехалі, каб агучыць сваё меркаванне наконт глабальнага кліматычнага крызісу, каб зрабіць свой голас пачутым на перамовах. У большасці рэгіёнаў свету ужо зараз адчуваюцца наступствы зменаў клімату: больш частыя і суворыя прыродныя катаклізмы (ураганы, паводкі, засухі), выкліканыя імі неўраджаі і руйнаванні. Многія тысячы людзей ужо сталі кліматычнымі ўцекачамі, і такі лёс можа чакаць сотні мільёнаў і нават мільярды.

Відавочна, што менавіта існуючая сацыяльна-эканамічная сістэма завяла чалавецтва ў тупік. Як паказалі 15 год пасля ўступлення ў сілу Рамкавай канвенцыі ААН па зменах клімату, гэтая сістэма не паддаецца перабудове і толькі паглыбляе крызіс. Менавіта патрабаванне "змяніць сістэму, а не клімат" і спрабавалі данесці актывісты да розумаў удзельнікаў перамоваў.

Але іх галасы былі брутальна задушаныя. З самага пачатку COP15 паліцыя дэманстратыўна прадпрымала залішнія меры бяспекі з мэтай запалохаць кліматычных актывістаў. На дацкай мяжы і ў Капенгагене спынялі і абшуквалі аўтобусы і аўтамабілі, каб не даць людзям своечасова даехаць да месца і прывезці неабходнае абсталяванне (напрыклад, камп'ютэры для незалежнага медыя-цэнтра). У горадзе спынялі людзей, каб абшукаць сумкі і ператрэсці змесціва кішэняў. Паліцыя праводзіла незаконныя (ў тым ліку начныя) рэйды на месцы начлегу, сацыяльныя цэнтры і прыватныя кватэры, каб застрашыць актывістаў і канфіскаваць матэрыялы і абсталяванне для мірных дэманстрацый (напрыклад, расцяжкі ці ровары).

Мірныя і легальныя дэманстрацыі пастаянна падвяргаліся нападам з боку паліцыі, а іх удзельнікаў арыштоўвалі, збівалі, труцілі пярцовым газам. Агульная колькасць затрыманых і арыштаваных за тыдзень склала амаль дзве тысячы чалавек. Толькі ў дзень найбольш масавай дэманстрацыі 12 снежня было затрымана 968 чалавек. Падаўляючая большасць з іх была выпушчаная з паліцэйскіх пастарункаў без прад'яўлення якіх бы тое ні было абвінавачванняў, што паказвае беспадстаўнасць затрыманняў. Затрыманыя падвяргаліся здзекам і катаванням з боку паліцыі: іх па некалькі гадзін запар не вадзілі ў туалет, не давалі піць і есці, трымалі ў холадзе, збівалі, пагражалі. Затрыманым адмаўлялі ў праве звязацца з сям'ёй ці працадаўцам і ў праве на юрыдычную абарону (кантакт з адвакатам).

Усё гэта мы ведаем не з чужых словаў: прадстаўнікі БПЗ падвяргаліся і праверкам на вуліцах, і начному паліцэйскаму рэйду, і прэвентыўным затрыманням у Капенгагене.

Дацкай паліцыі развязалі рукі заканадаўчыя новаўвядзенні, прынятыя напярэдадні саміта – 26 лістапада 2009 года. Былі павялічаны памеры штрафаў і тэрміны зняволення за ўдзел у акцыях грамадзянскага непадпарадкавання, а паліцыя, сярод іншага, атрымала права затрымліваць людзей на 12 гадзін толькі на падставе таго, што нейкаму паліцэйскаму нехта “падаўся падазроным”. Міжнародныя ўдзельнікі снежаньскіх падзей раз'ехаліся, а падданыя дацкай каралевы застаюцца сам-насам з гэтай сістэмай перманентнага надзвычайнага становішча, гарантаванай законам.

18 снежня пад арыштам утрымлівалася 16 удзельнікаў пратэстаў. На дадзены момант у дацкіх турмах яшчэ чакаюць суда 7 чалавек, у тым ліку адзін грамадзянін Беларусі. Наколькі дазваляюць меркаваць наяўныя ў нас факты, усе гэтыя людзі з'яўляюцца невінаватымі і арыштаваныя беспадстаўна або ім інкрымінуюцца смеху вартыя абвінавачванні (напрыклад, двух дацкіх актывістак - Tannie Nyboe і Stine Gry Jonassen - трымалі тыдзень пад арыштам і судзілі за тое, што яны крычалі "штурхай!" / "Push!" падчас дэманстрацыі 16 снежня).

БПЗ выказвае рашучы пратэст супраць грубых парушэнняў базавых правоў чалавека і падставовых свабод у Даніі.

БПЗ патрабуе ад дацкіх уладаў неадкладнага вызвалення ўсіх палітычных зняволеных у Даніі, у тым ліку грамадзяніна Беларусі. Мы падтрымліваем дацкія грамадскія арганізацыі і рухі ў іх змаганні за адмену рэпрэсіўных законаў.

Не - паліцэйскім рэпрэсіям!

Так – салідарнасці!

Так кліматычнай і сацыяльнай справядлівасці!

Тэги
Комментарии
  • автор Gordon, дата 2009-12-29 19:25, ссылка

    Партийный самопиар пункт общественного договора 9.2.1 часть 2